«Мы поўныя рашучасці нармалізаваць гэту сітуацыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 верасня з нагоды прызначэння паслоў у шэраг дзяржаў, каментуючы беларуска-расійскі калійны канфлікт.
«Я ўжо пра гэта публічна выказаўся — хачу канкрэтызаваць. Сёння ў сувязі з непрыстойнымі дзеяннямі гэтых расійскіх нягоднікаў у нас склаліся пэўныя праблемы з рэалізацыяй калійных угнаенняў», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
«Пытанне не толькі ў тым, што гэта наша асноўная кампанія (хоць гэта не асноўны падаткаплацельшчык, але вельмі буйны), — заўважыў ён. — Пытанне ў тым, што гэта ўсё ж такі калектыў, горадаўтваральнае прадпрыемства, твар нашай краіны.
Мы нямала ўклалі працы і сродкаў, каб прывесці ў пачуццё гэта прадпрыемства, горад-прыгажун пабудавалі».
«З любога боку, з якога ні падыдзі, гэта — каштоўнасць для нашай дзяржавы, і мы павінны не тое што не страціць (мы яго, вядома ж, ніколі ў жыцці не страцім і нікому не аддадзім на разарванне),
мы павінны як мага хутчэй увайсці ў тое рэчышча дзейнасці прадпрыемства, якім яно было ў лепшыя перыяды, — падкрэсліў Лукашэнка.
— А ў лепшыя перыяды краіна атрымлівала больш за 3 мільярды даляраў прыбытку ад рэалізацыі калійных угнаенняў. Зразумела, што рынак цяпер няпросты. Ён да абвалу быў складаным, бо эканоміка сусветная ў крызісе.
А дзеянні акцыянераў з боку „Уралкалія“ яшчэ больш ускладнілі сітуацыю на міжнародным рынку калійных угнаенняў».
Тым не менш, па словах Лукашэнкі, беларускі бок настроены нармалізаваць сітуацыю.
«Я чамусьці перакананы, што і расіяне прымуць адпаведнае рашэнне, і кіраўніцтва Расіі такую магутную расійскую кампанію без увагі не кіне.
Рана ці позна, для таго каб аднавіць статус-кво і тое, што было раней, расійцы прыйдуць да нас.
Прынамсі, мы не супраць працаваць так, каб былі вялікія даходы. Што для гэтага трэба зрабіць, цалкам зразумела» , — сказаў Лукашэнка.
Нагадаем, што 30 ліпеня расійская кампанія «Уралкалій» абвясціла пра свой выхад са складу беларуска-расійскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), праз якую разам з «Беларуськаліем» пастаўлялі сваю прадукцыю на знешнія рынкі. Сваё рашэнне расіяне патлумачылі тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю «Беларуськалія» ў абыход БКК.
26 жніўня Генпракуратура Беларусі паведаміла аб завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да шэрагу кіраўнікоў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), сярод якіх старшыня назіральнай рады БКК, гендырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер. Яны абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі).
Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску і зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
2 верасня Следчы камітэт Беларусі аб’явіў аб завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага акцыянера «Уралкалія» Сулеймана Керымава. Ён таксама абвінавачваецца ў арганізацыі злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.
5 верасня Лукашэнка падпісаў указ № 399 «Аб удасканаленні экспарту калійных угнаенняў». Ён прадугледжвае стварэнне новай гандлёвай кампаніяй, якая будзе ажыццяўляць продаж калійных угнаенняў — ААТ «Беларуская калійная кампанія».