Аляксандр Лукашэнка 10 верасня прыняў з дакладам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца міжнароднай і інтэграцыйнай тэматыкі, у тым ліку падрыхтоўка да саміту і сустрэч на найвышэйшым узроўні.

Як падкрэсліў Лукашэнка, правядзенне ў Мінску 25 кастрычніка пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД — гэта найважнейшае пытанне. «Мы, вядома ж, сур’ёзна да яго рыхтуемся.

Думаю, што Палац Незалежнасці да гэтага часу скончым, каб правесці там гэты буйны форум», — адзначыў ён.

Паколькі часу засталося зусім няшмат, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія праблемы маюцца ў сувязі з падрыхтоўкай да гэтай сустрэчы на вышэйшым узроўні: «Наколькі мы гатовыя да правядзення, у тым ліку арганізацыйна? І галоўнае — гэта пазіцыя кіраўнікоў дзяржаў, ці ўсе паінфармаваныя, ці ўсё будуць на гэтым саміце, і іншыя пытанні ў сувязі з гэтым».

Лукашэнка працягнуў: «Затым заходні кірунак, другі саміт у лістападзе — „Усходняга партнёрства“ [у Вільні — НН]. На якім узроўні мы знаходзімся? Прынцыповая пазіцыя МЗС вядомая, мы не адступаем ад гэтай пазіцыі. Што ў сувязі з гэтым адбываецца там, на заходнім кірунку?».

Уладзімір Макей па выніках сустрэчы распавёў, што графік у кіраўніка дзяржавы да канца года ў плане міжнароднай дзейнасці будзе вельмі шчыльным.

Маюцца быць як мінімум тры візіты за мяжу, прапрацоўваюцца візіты кіраўнікоў замежных дзяржаў у Беларусь.

Чакаецца таксама правядзенне шэрагу пасяджэнняў інтэграцыйных структур, сярод якіх найбольш значнае — намечанае ў Мінску пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Лукашэнка быў праінфармаваны аб ходзе падрыхтоўкі да пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і пра тое, як вядзецца праца над распрацоўкай Дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, якія праблемы існуюць на гэтым этапе.

Міністр замежных спраў таксама праінфармаваў пра перспектывы адносін Беларусі з ЕC, у цэлым з еўрапейскімі партнёрамі, а таксама са ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?