Дварэцкі (справа) з заходнебеларускімі дзеячамі Сяргеем Паўловічам і Пятром Ластаўкай. 1930-я.

Дварэцкі (справа) з заходнебеларускімі дзеячамі Сяргеем Паўловічам і Пятром Ластаўкай. 1930-я.

Дварэцкі (справа) з жонкай Верай і іх сябра Пецюкевіч.

Дварэцкі (справа) з жонкай Верай і іх сябра Пецюкевіч.

У лютым 1945 на тэрыторыі Нямеччыны, занятай Чырвонай Арміяй, пачалася прымусовая рэпатрыяцыя савецкіх грамадзян «на радзіму». У лагерах для перамешчаных асоб ішло паляванне на людзей з «віною» перад савецкай уладай. Нават самаму дробнаму чыноўніку беларускай адміністрацыі пры немцах пагражаў смяротны прысуд альбо высылка ў Варкуту.

Тысячы беларусаў схаваліся ад камуністаў у Польшчы. Адракаліся ад сваякоў, паходжання, рэлігіі, ад справы ўсяго жыцця. Гісторыя Міколы Дварэцкага — адзін з тысяч беларускіх лёсаў у паваеннай Еўропе.

Дэпартацыя з Аўстрыі і ўцёкі ад саветаў

У 1945 ва ўкраінскім лагеры Legen у Зальцбургу з’явіліся савецкія спецслужбісты. Іх цікавілі грамадзяне СССР, якія, у адпаведнасці з пагадненнем паміж Сталіным, Рузвельтам і Чэрчылем, мусілі быць прымусова вернутыя дадому. Сярод «ахвяраў Ялты» ёсць і 42-гадовы Мікола Дварэцкі з Браслаўшчыны. З сотнямі вязняў-беларусаў яго садзяць у цягнік на Усход. Былому войту Мёраў пагражае расстрэл. Добра разумеючы свой лёс, Дварэцкі карыстаецца хвілінай няўвагі аховы і ўцякае з цягніка. Ён апынаецца на захадзе Польшчы, на былых нямецкіх землях.

Хаваючыся ад савецкіх агентаў, адгадоўвае бараду і спадзяецца перачакаць найгоршае.

Але ўлетку яго хапае спецаддзел. Пачынаюцца допыты.

Ён выдае сябе за ўраджэнца расейскага Выбарга, якога немцы вывезлі на прымусовыя працы. Спецслужбісты настойваюць на вяртанні «дахаты».

Дварэцкі ўцякае ў іх з-пад носу і хаваецца ў чароце Віслянага заліву.

Тры месяцы ён жыве ў лодцы, днюе і начуе на вадзе. Харчуецца бульбай, якую ўначы збірае на палетках у ваколіцы, і рыбай, якую ловіць у заліве. Для сына рыбака гэта не ўяўляе цяжкасці. Толькі кастрычніцкія дажджы і холад прымушаюць Дварэцкага сысці на зямлю.

Новае жыццё

У ваколіцы Штутава, на балтыйскім узбярэжжы, ён знаходзіць закінутую хату і ідзе прапісвацца ў гміну. Цяпер яго завуць Мікалай Дважэцкі, месцам нараджэння ён запісвае ўсё той жа Выбарг.

Тры наступныя гады Дварэцкі жыве адзін. У 1948, праз абвестку ў газеце, яго знаходзіць каханая з Браслаўшчыны — Вера Шук. Праз год у іх нараджаецца дачка Галіна, а ў 1952 — сын Юрка.

Вера працуе бібліятэкаркай у школе. Мікола нейкі час падрабляе дарожным майстрам, але хутка кідае гэта і пачынае займацца тым, што любіць найбольш — рыбалоўствам і пчалярствам. Дом у Штутаве ён практычна ніколі не пакідае.

Дварэцкія-Дважэцкія жывуць жыццём шараговай польскай сям’і. Нетыповым для чалавека, які з 18 гадоў прысвяціў сябе будаўніцтву незалежнай Беларусі.

Тут...

Мікола нарадзіўся ў 1903 у Іказні (сённяшні Браслаўскі раён) у праваслаўнай сям’і Васіля і Мар’яны Дварэцкіх. Быў наймалодшым з дзевяці дзяцей браслаўскага рыбака. Скончыў царкоўна-прыхадскую школу, вучыўся на шаўца, адкрыў у Іказні ўласную майстэрню.

Пасля падзелу Беларусі паміж Польшчай і СССР Дварэцкі ўключаецца ў беларускае жыццё. Пад уплывам ксяндза Адама Станкевіча ён становіцца сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ужо ў 1922, падчас выбараў у парламент, Мікола дапамагае Беларускаму выбарчаму камітэту на Браслаўшчыне. Публікуе свае вершы ў беларускіх газетах, піша артыкулы. Праз чатыры гады ён узначальвае суполку Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

У роднай Іказні Дварэцкі сабраў багатую беларускую бібліятэку. Некалькі разоў яе канфіскоўвала польская паліцыя, але за кожным разам ён рупліва яе аднаўляў.

За прапаганду беларускіх кніг і газет ён двойчы сядзеў у Лукішскай турме.

У лістападзе 1928 у Вільні адбываецца з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. 25-гадовы Дварэцкі ўваходзіць у склад Цэнтральнага камітэта партыі і становіцца намеснікам сакратара Яна Пазняка. Апрача гэтага, Дварэцкі ўзначальвае праваслаўную фракцыю БХД. На малой радзіме ён здабывае аўтарытэт як абаронца беларусаў ад пераследу польскай адміністрацыі, пра рэпрэсіі піша ў прэсу.

Дварэцкі быў антыкамуністам. Калі на сувязь з БХД выйшла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, ён пераконваў калегаў, што з КПЗБ нельга мець нічога супольнага, бо яна цалкам залежыць ад Масквы.

Аднак прыход Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 Дварэцкі сустракае з энтузіязмам. Перш за ўсё з надзеяй на развіццё асветы і культуры беларусаў.

Яму дазваляюць арганізаваць беларускую школу пад Браславам, ён робіцца яе дырэктарам. Але хутка камуністы ператвараюць школу ў расійскую. Дварэцкі ізноў займаецца садоўніцтвам і пчалярствам.

У чэрвені 1941, з пачаткам вайны, у Іказні ўтварылася самаабвешчаная польская паліцыя.

Дварэцкага схапілі як «камуніста» і ўжо вялі на расстрэл.

Шчасце, што дазналіся бацька і браты Міколы, самасуду ўдалося пазбегчы. Калі прыходзяць немцы, хтосьці высылае данос у гестапа, што Дварэцкі камуніст. Яго кідаюць у браслаўскую турму. Але за Міколу заступаецца браслаўскі стараста. Дварэцкага не толькі вызваляюць, але і прызначаюць войтам Мёраў. Там ён знаёміцца з прыгажуняй, будучай жонкай Верай Шук, выпускніцай Віленскага ўніверсітэта, якая працуе ў Мёрах перакладчыцай. У нямецкай адміністрацыі ўладкоўваюцца і браты Міколы. Павел быў войтам у Браславе, Юзаф — у Пераброддзі, Аўгустын — школьным інспектарам у Браславе.

Усіх іх, апрача Міколы, пасля вайны сустрэў той самы лёс: арышт і Сібір.

Яшчэ два браты Міколы, Ян і Павел, пасля падзелу Беларусі ў 1921 апынуліся ў СССР, працавалі чыноўнікамі. У 1938 іх расстралялі за антысавецкую агітацыю: аднаго ў Ленінградзе, другога ва Украіне.

 

Там...

У сярэдзіне 50-х з Сібіры пачалі вяртацца сябры Дварэцкага. Шмат хто з іх прыехаў у Польшчу, бо ў БССР яны былі непажаданымі асобамі. Этнограф Мар’ян Пецюкевіч, які правёў 8 год у лагерах за тое, што пры немцах працаваў школьным інспектарам, быў частым госцем у доме Дварэцкіх. Штогод на 25 Сакавіка Дварэцкія святкавалі Дзень Волі ў коле самых блізкіх сяброў.

Больш ніхто пра беларускую дзейнасць Дварэцкага не ведаў.

Калі малыя дачка Галіна і сын Юрка хацелі высылаць лісты ў рэдакцыі газет, бацька прасіў іх лішні раз не афішаваць сваё прозвішча.

У Польшчы Дварэцкі працягваў пісаць вершы. Калі ў 1956 пачала выходзіць газета беларусаў «Ніва», ён высылаў іх у Беласток пад псеўданімам Мікола Базылюк. Разам з жонкай Верай яны былі ініцыятарамі культурнага жыцця ў наваколлі. Арганізавалі хор, гралі на розных інструментах. Нядаўна выявілася, што рэпертуар складаўся з перакладаў на польскую беларускіх вершаў Дварэцкага.

У 1960-я ў Гданьску ўтварылася першая беларуская арганізацыя, але ў яе сядзібе Дварэцкі ані разу не з’явіўся.

Была рызыка, што пазнаюць і дэпартуюць у СССР. Пасляваенныя беларускія арганізацыі ў Польшчы часта выкарыстоўваліся агентамі спецслужбаў, каб выяўляць беларускіх дзеячоў. Шмат каго з беларусаў праз шантаж удалося завербаваць. Але пра беларускае жыццё ў Польшчы Дварэцкі ведаў дасканала, бо ад першага нумара з’яўляўся падпісчыкам «Нівы».

Настальгія і апошнія дні

Самай блізкай асобай, якой Мікола Дварэцкі бязмежна давяраў, быў яго стрыечны брат Язэп, які да сёння жыве у Калабжэгу. Свой сум Мікола выліваў у лістах да яго: «Ты адзін, каму я магу пісаць на роднай мове. Гляджу я на бібліятэку: столькі кніжак! Але хто іх будзе чытаць пасля маёй смерці? Былі прычыны, што ані сын, ані дачка, не пайшлі слядамі бацькоў...»

Перад смерцю, калі Дварэцкі ўжо не мог размаўляць, ён папрасіў знакам у дачкі паперу і асадку ды з цяжкасцю накрэмзаў: «Я праваслаўны». 15 жніўня 1988 Мікола Дварэцкі памёр.

Незадоўга перад тым ён усё ж адважыўся скантактавацца з гданьскай беларускай Ганнай Іванюк.

Ёй Дварэцкі перадаў рукапісны зборнік сваіх вершаў. Такія ж сшыткі ў розныя гады ён дарыў самым блізкім сябрам. Адзін пасля смерці бацькі знайшоў сын Юрка.

Многія таямніцы бацькі засталіся не раскрытыя нават дзецьмі. Але галоўную ведалі тыя, ад каго Дварэцкі так старанна хаваўся ўсё жыццё.

Паводле дакументаў Інстытыта нацыянальнай памяці, які апрацоўвае архівы польскіх спецслужбаў, за Дварэцкім з канца 50-х сачыла Служба бяспекі.

Асэнсоўваць сваю генетычную беларускасць дзеці Дварэцкага пачалі пасля смерці бацькі. Імпульсам стала знаёмства з беларускім гісторыкам з Гданьска Аленай Глагоўскай, якая шмат гадоў прысвяціла разгадцы таямніцы Дварэцкага. Яна дапамагала Юрку Дварэцкаму выдаць кнігу бацькавых вершаў. Сёння сын актыўна ўдзельнічае ў беларускім жыцці ў Гданьску. Замест бацькі, які палову жыцця быў вымушаны хаваць сваё паходжанне і мінулае.

 

Гісторык Алена Глагоўская: Саветы бачылі пагрозу ў беларускім нацыянальным руху

— Страх перад камуністамі пасля вайны прымусіў сотні тысяч беларусаў хаваць нацыянальнасць. Прытулку ад дэпартацыі і смерці многія з іх шукалі ў паваеннай Польшчы. Чаму не ехалі далей на Захад?

Алена Глагоўская: Беларусы спадзяваліся на чарговую вайну і лічылі, што гэта выгнанне — часова. А Польшча была побач з Беларуссю. Парадкі тут былі больш ліберальныя, чым у СССР. Абы далей ад савецкай улады, але бліжэй да Беларусі.

— Колькі беларусаў зазналі пераслед спецслужбаў?

АГ: Дастаткова зірнуць на дакументы ў архіве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы. Гэта прозвішчы, якія нічога нікому не кажуць. Малавядомыя рэгіянальныя дзеячы, але іх было вельмі шмат.

Чаго яны баяліся найбольш?

АГ: Дэпартацыі ў СССР. Да 1948 там каралі смерцю за здраду Савецкаму Саюзу. Нагодай для артышту магло быць нават настаўніцтва ў часы акупацыі. Але ў любую акупацыю хтосьці павінен выконваць гэтую працу. Так было паўсюль у акупаванай Еўропе.

— Навошта было пераследаваць настаўнікаў і солтысаў, якія фактычна не мелі ніякай улады?

АГ: Камуністы бачылі пагрозу ў беларускім нацыянальным руху. Калі б гэта была маргінальная з’ява, як некаторыя сцвярджаюць, то камуністы не шукалі б з такой жарсцю беларусаў і не было б гучных працэсаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?