Як заявіў на круглым стале канферэнцыі «ITinsurance-2013» намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, перад міністэрствам пастаўленая задача цягам года стварыць Бюро страхавых гісторый і інтэграваць у сістэму ўсе 25 страхавых кампаній Беларусі.

Паводле словаў М. Ермаловіча, Бюро страхавых гісторый будзе дзейнічаць па тым жа прынцыпе, што і Бюро крэдытных гісторый, якое не так даўно было створанае ў Беларусі. Аднак страхавы рынак мае свае асаблівасці, таму дакладнага капіявання банкаўскай сістэмы не будзе. Між тым, перад тым як прыступіць да рэалізацыі праекта, Мінфін правёў сур’ёзныя кансультацыі з Нацыянальным банкам, каб улічыць усе цяжкасці, якія чакаюцца на шляху стварэння Бюро.

Як заявіў Максім Ермаловіч, нягледзячы на тое, што страхавы рынак развіваецца і развіваецца ў прынцыпе нядрэнна, належнага ўзаемадзеяння паміж страхавымі кампаніямі і рэгулятарам няма. Кожная кампанія выкарыстоўвае сваю базу дадзеных кліентаў і не дзеліцца інфармацый з канкурэнтамі. Гэта стварае добрыя ўмовы для дзейнасці страхавых ашуканцаў. Асабліва напружаная сітуацыя тут у сферы страхавання аўтатранспарту.

Бюро страхавых гісторый, як самастойны орган пры Мінфіне, будзе валодаць ўсёй паўнатой інфармацыі па стане страхавога рынку Беларусі, пра гісторыю тых ці іншых страхавальнікаў, пра тое, што адбываецца ў страхоўшчыкаў.

Самы складаны момант тут — аўтаматызаваць узаемадзеянне Бюро з усімі страхавальнікамі, каб сістэма запрацавала як трэба.

У рамках стварэння Бюро будзе створаны таксама Адзіны дзяржаўны страхавы рэгістр (АДСР), які будзе ўяўляць сабой базу дадзеных аб усіх без выключэння страхавых полісах. Заказчыкам стварэння рэгістра будзе выступаць Міністэрства фінансаў, а генпадрадчыкам — Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінфіна.

Чакаецца, што ўжо ў найбліжэйшы час ДВЦ Мінфіна пачне кансультацыі па праграмным забяспечанні рэгістра з найбуйнейшымі гульцамі страхавога рынку, каб зразумець, на што трэба арыентавацца. Пасля гэтага будуць распрацаваны тэхнічныя патрабаванні да ПА рэгістра і ДВЦ Мінфіна абвесціць тэндар на яго распрацоўку. Патрабаванні да выканаўцаў будуць досыць жорсткія. Неабходна, каб рэгістр быў створаны за год і каб пасля нядоўгачасовага тэставання сістэмы з 1 студзеня 2015 года Бюро страхавых гісторый з ЕГСР пачалі паўнавартасна працаваць.

Між тым, некаторыя спецыялісты, якія займаюцца распрацоўкай праграмнага забяпечання для страхавых кампаній, сумняюцца, што такі сур’ёзны прадукт будзе так хутка створаны і інтэграваны з усімі страхавымі кампаніямі Беларусі.

Нават з улікам таго, што цяпер на рынку краіны дзейнічае ўсяго 25 страхоўшчыкаў, у кожнага з іх ёсць свае асаблівасці працы з высокімі тэхналогіямі. У кагосьці працэсы страхавання аўтаматызаваныя больш, у кагосьці — менш. Пры гэтым трэба зрабіць так, каб усе гэтыя праграмы былі лёгка інтэграваныя ў АДСР і працавалі з ім у анлайн-рэжыме без збояў. На думку распрацоўшчыкаў страхавога ПА, на гэта могуць сысці гады. Напрыклад, Расія і Казахстан паступова ствараюць такі рэгістр, спачатку ўключыўшы ў яго абавязковыя віды страхавання і толькі потым — астатнія.

Максім Ермаловіч не выключыў магчымасці таго, што пасля кансультацый з найбуйнейшымі страхавымі кампаніямі краіны аналагічным шляхам пойдзе і Беларусь. Аднак Мінфін будзе ўсё ж арыентавацца на зададзеныя яму тэрміны.

Як сказаў М. Ермаловіч, аб’ём усяго страхавога рынку Беларусі складае прыблізна аб’ём адной страхавой кампаніі Расіі, якая знаходзіцца на 10 месцы найбуйнейшых кампаній. Акрамя таго, у Расіі цяпер дзейнічае каля 500 страхавых кампаній, а ў Беларусі — усяго 25, што значна спрашчае для Мінфіна задачу па стварэнні Бюро страхавых гісторый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?