Заўтра, 31 сакавіка, маюць выйсці на волю з Акрэсціна журналісты Дзмітрый Гурневіч (Радыё "Палонія"), Андрэй Дынько ("Наша ніва") і Вадзім Александровіч ("Белорусы и рынок"). Гэтую інфармацыю паведамілі прадстаўнікам БАЖ у спецпрымальніку-размеркавальніку.

Нагадаем, што Дзмітрый Гурневіч быў затрыманы ў ноч на 21 сакавіка і ў той жа дзень асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту. А. Дынько затрымалі раніцай 21 сакавіка і 22 сакавіка асудзілі на такі ж тэрмін. Увечары 21-га на Кастрычніцкай плошчы быў затрыманы Вадзім Александровіч; яго таксама судзілі 22-га сакавіка і пакаралі 10-ю суткамі арышту.

На волю выйшлі ўжо 2 журналісткі, якія таксама правялі на Акрэсціна па некалькі сутак. 27 сакавіка, адразу пасля суда, была вызваленая Таццяна Снітко - пазаштатны карэспандэнт "Нашай нівы", карэспандэнт расійскага праваабарончага інфармацыйнага агенцтва "ПРИМА-News". Суд вызначыў для яе пакаранне ў выглядзе арышту (30 базавых велічынь), але да суда Таццяна, якую затрымалі ў ноч з 23 на 24 сакавіка, правяла некалькі сутак у Жодзінскім СІЗА.

29 сакавіка была вызваленая супрацоўніца Грамадскага тэлебачання Грузіі Ніно Гіоргабіані. Яна адседзела на Акрэсціна ўсе вызначаныя судом 5 сутак. (Была затрыманая 24 сакавіка разам з аператарам Георгіем Лагідзэ, калі брала інтэрв'ю ў родных тых, каго затрымалі на Кастрычніцкай плошчы). Як паведамілі сёння прэс-службе БАЖ у грузінскім консульстве ў Кіеве (у Беларусі прадстаўніцтва гэтай краіны няма), ужо 29 сакавіка Ніно Гіоргабіані прыехала ў Кіеў.

Другі грузінскі журналіст - Георгі Лагідзэ, асуджаны 27 сакавіка на 15 сутак арышту, па-ранейшаму знаходзіцца на Акрэсціна. (Учора БАЖ здолеў перадаць яму перадачу).

Між тым, да складзенага БАЖ спісу журналістаў, што пацярпелі, былі затрыманыя альбо асуджаныя на адміністратыўны арышт, дадалося яшчэ адно прозвішча. Гэта украінскі журналіст Павел Салыга. Раней амбасада Украіны не пацвярджала яго прыналежнасці да прэсы, аднак 30 сакавіка прэс-аташэ украінскага прадстаўніцтва Леанід Ясінскі паведаміў, што сп. Салыга ўсё ж з'яўляецца журналістам і мае пасведчанні нават некалькіх украінскіх СМІ. Аднак якіх - у амбасадзе пакуль удакладняюць. 27 сакавіка Паўла Салыгу асудзілі на 10 сутак адміністратыўнага арышту. Ён таксама ўтрымліваецца на Акрэсціна і, як паведамілі ў спецпрымальніку прэс-службе БАЖ, будзе вызвалены 8-га красавіка ў 3.15. ночы. Па словах супрацоўнікаў амбасады Украіны, дыпламаты робяць захады, каб вызваліць свайго грамадзяніна раней, аднак досвед ранейшых спробаў паказвае, што гэта не мае сэнсу.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0