У першую нядзелю верасня ў розных месцах краіны гулі святочныя фэсты. Няпроста было нават зрабіць выбар, куды падацца.

Але той, хто мае дзетак, зразумее, чаму я абраў «Цукеркавы фэст». Балазе гасцінны Івенец, што ўжо чацветры раз запар прымаў у сябе гасцей свята, недалёкі да сталіцы.

Чацвёрты раз у мястэчку Івянцы прайшоў «Цукеркавы фэст».

Мястэчка пры Налібоцкай пушчы мае што паказаць: неагатычны касцёл Святога Аляксея, што ўзносіць свой цагляны спічакі над старажытнымі могілкамі, касцёл Міхала Арханёла з кляштарам францішканаў, што многія яшчэ памятаюць занядабанымі, сёння — хораша адноўленыя, а таксама дзіўнага выгляду навюткую царкву, з зіхоткім зорным купалам.

У суплёце местачковых вуліцаў, што разбягаюцца па стромых пагорках над рэчкаю Волмаю, можна ўбачыць старасвецкія дамы ды капліцы, крамкі, млынкі ды стаенкі… Каторы раз тут — і кожнага разу мне гэтае мястэчка падаецца міні-Вільняю, настолькі тут каларытны краявід.

Непаўторнасці надае і тое, што тут ёсць і музей традыцыйнай культуры, бо тутэйшыя ганчары славутыя і сёння, і кандытарская фабрыка «Ivkon», што неўзабаве налічыць паўстагоддзя!

Вырабляць паводле ўласных нескладаных рэцэптаў малочныя ляндрынкі ды мяккія цукеркі «Кароўка» ў Івянцы пачалі ажно ў 1966 годзе. Божа ж мой, усё жыццё імі ласаваўся! Вось уласна яны, музей ды фабрыка, і запачаткавалі традыцыю «Цукеркавых фэстаў».

Багата чуў пра папярэднія фэсты, а сёлета выпаў пагодны дзянёк, ды нясцерпнае жаданне злавіць апошнія промні лета перамагло.

Тлумы цікаўных, што разбрыліся ад аўтавакзалу, неўзабаве перамяшаліся з тлумам артыстаў у вясёлы карагод. Тут табе й эквілібрысткі на хадулях, тут табе й канфедэраты Касцюшкі, рыцары і дамы, шляхцюкі й мужычкі. Урэшце дадаліся коні, поні ды выпадковыя прыдарожныя козы.

Ад цэнтральнага пляцу ўся гэтая пярэстая гурба рушыла па вуліцах гораду, пад храмамі, праз раку, да колішняе сядзібы Драгунцавых — апошніх уладальнікаў ладнае часткі тутэйшых абшараў… Маёнтак Пятра Драгунцава, з палацам, паркам, флігелямі, стайнямі, быў пабудаваны напачатку ХХ стагоддзя.

На жаль, 15 сакавіка 1999 года палац згарэў амаль дашчэнту… Але засталіся ладныя гаспадарчыя будынкі, старасвецкая капліца праз дарогу. Сядзібны комплекс паноў Драгунцавых не пусты і ў звычайныя дні: тыя будынкі, што ацалелі, спарадкаваў і ўзяў пад сваю ахову івянецкі Музей традыцыйнае культуры. Таму фэст адбываецца менавіта тут, у старадаўнім парку… Аскабалкі колісь вялікага палаца пераўтвараюцца ў рамантычныя руіны, на тле якіх хораша глядзяцца і рыцары-вершнікі, і вясёлыя блазны.

Гулі дуды, білі барабаны… І кожы госць міжволі рабіўся ўдзельнікам вясёлага свята. Ну і слодычы! Рай для дзяцей — шакаладнае фандзю, усе гатункі івянецкіх слодычаў.

Дзецям, як і дарослым, было на што паглядзець: як вырабляюцца з гліны збаны, як каваль увіхаецца з жалеззем!

Сёлета, як кажуць, гледачоў было меней, бо летась фэст пачынаўся на тыдзень раней і адпачваючых з навакольных пансіянатаў, турбазаў ды сядзібаў было болей…

Але прыйшлі ды прыехалі менавіта тыя, каму насамрэч карцела нешта ўбачыць ды пачуць. Халяўшчыкаў, як той казаў, было нашмат меней. Хтосьці шпацырваў ўздоўж чарады гандлёвых кропак, хтосьці прыехаў у Івянец, каб паслухаць этнічную музыку… Атмасфера атрымалася камернай і душэўнай, як сустрэча даўніх сяброў. Ці не кожны наведнік «Цукеркавага фэсту» сёлета нешта выйграў ад меншага тлуму — ні чэргаў пры кавярнях, ні натоўпу каля сцэны ці ля цукеркавых намётаў, каб трапіць на дэгустацыю новых і добра забытых цукерак ад кандытарскай фабрыкі «Іvkon».

Можна было спакойна паназіраць за працай майстроў… Выступалі анімацыйны тэатр «Майстэрня ўражанняў» і клуб «Залатая шпора»», гурты «PAWA», «На таку», «Dzivasil», «Тутэйшая шляхта», «Ракаўскі гасцінец» ды іншыя… А нехта з іх яшчэ спяшаўся на «Камяніцу» ў Строчыцы! Як па мне-то было нават празмерна. Аднак дзіўнавата было б наракаць, што пазабавіць цікаўных сабралася столькі актораў ды майстроў.

У мястэчку тым часам распачыналіся вяселлі — ля касцёлаў паважна разыходзіліся шлюбныя працэсіі… Мне нават часам падавалася, што гэта не тая дзяржава.

Дакладней, здалося на паўдні, што ў Беларусі раптам стала так, як мае быць! Сонца, чыстае паветра, смачныя цукеркі, духмяная пачастункі без спіртавых напояў, адстунасць чынавенскага адміністравання, матываваная публіка, якая ведала што хоча і чаго шукае, ды шчырая гасціннасць тутэйшых гаспадароў. Бадай, не складаны рэцэпт добрага свята…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?