Аляксандр Лукашэнка 13 верасня правёў сустрэчу з прэзідэнтам, старшынёй праўлення Сбербанка Расіі Германам Грэфам. Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка.

Лукашэнка прапанаваў на сустрэчы абмеркаваць бягучыя пытанні і праблемы ў сумеснай працы. «Хоць банк функцыянуе, працуе, нягледзячы на пэўныя складанасці, якія ў нас адбываюцца ў сувязі з праблемамі ў сусветнай эканоміцы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы як эканаміст і чалавек, які займаўся ва ўрадзе гэтымі праблемамі, ведаеце, што такое рэальны сектар эканомікі,

што такое экспартаарыентаваная эканоміка і як цяжка працаваць, калі пакупніцкі попыт на тавары і прадукцыю падае».

«Мы як раз гэтым цяпер заклапочаныя, і быццам бы дынаміка ў нас ужо пайшла ў лепшы бок. Прынамсі, у нас няма ні падзення вытворчасці, ні падзення збыту, а наадварот — па 2–3% мы патроху дадаем па рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку на альтэрнатыўных рынках, не толькі ў Расіі. Таму спадзяемся, што да канца года мы сітуацыя выправіцца» , — цытуе Лукашэнку БелТА.

Сёння расійскія СМІ паведамілі, што Сулейман Керымаў прадае свой пакет ва «Уралкаліі» блізкаму да Уладзіміра Пуціна прадпрымальніку Уладзіміру Когану.

Керымаў хацеў атрымаць за акцыі «Уралкалія» $ 4,5 млрд., але цяпер гаворка ідзе пра $ 3,7 млрд. Крыніцы сцвярджаюць (пішуць расійскія СМІ), што расійскія ўлады паставілі Керымаву крайні тэрмін продажу актыву і бізнесмену было ўжо не да гандлю.

СМІ таксама паведамлялі, што Коган раней быў гатовы выкупіць долю Керымава, але ў яго не хапала сродкаў.

Казалася, што прадпрымальнік вёў перамовы аб крэдыце акурат са Сбербанкам.

У пятніцу Герман Грэф у Мінску на пытанне журналістаў, ці будзе яго банк крэдытаваць Когана, заявіў, што не каментуе незавершаныя здзелкі, ускосна пацвердзіўшы такім чынам, што перамовы сапраўды вядуцца.

Таксама сёння вядомы расійскі адвакат Аляксандр Дабравінскі паведаміў, што Керымаў прадаў долю ва «Уралкаліі» ў абмен на свабоду гендырэктара Уладзіслава Баўмгертнера, які ад 26 жніўня знаходзіцца ў мінскім СІЗА КДБ.

Дабравінскі сцвярджае, што Баўмгертнер цягам двух-трох тыдняў павінен выйсці на свабоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0