На фота Святлана справа
Пазітыўная навіна прыйшла з Сірыі. Святлана Маркіяновіч і яе малдоўская сяброўка Карына Кольца змаглі ўцячы з палону, выявіўшы пры гэтым спрыт і знаходлівасць.
Святлана выйшла на сувязь з беларускай сям’ёй каля двух тыдняў таму. Праўда, распавядаць пра гэта было нельга — сярод выкрадальнікаў былі рускамоўныя, якія чыталі нашы СМІ.
А тэлефанавала Святлана з палону (хутчэй за ўсё, зрабіць званок дазволіў ахоўнік) і скардзілася, што баіцца ўцякаць. Маўляў, усё адно знойдуць і заб’юць. Потым сітуацыя напалілася яшчэ больш.
Аказваецца, выкуп за беларускую і малдоўскую танцоўшчыцу патрабавалі з гаспадара ліванскага гатэля, дзе яны працавалі.
«Ім сказалі: „Як толькі прыйдзе выкуп, усё адно заб’ём“. Таму іншага выхаду не было, толькі спадзявацца на саміх сябе. А перажылі дзяўчаты многае, казалі, што нават бамбёжка была ў лічаных метрах ад катэджа, дзе іх трымалі, — перадае апошнюю тэлефонную размову з пляменніцай Ірына Канстанцінаўна, цёця Святланы Маркіяновіч. — Так дзяўчаты рызыкнулі, спусціліся з катэджа па нейкіх канатах і дабеглі да мячэці, якая першай трапілася на шляху. І імам іх схаваў. Ён жа, як я зразумела, выйшаў на дыпламатаў».
Такім чынам, Святлану і Карыну перавезлі ў Ліван.
Цяпер дыпламаты займаюцца адпраўкай дзяўчат дадому — у Беларусь і Малдову.