Увагу Прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвяза ў Беларусі прыцягнула Агенцтва навінаў Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ад 13-га верасьня, у якім перайначаны зьмест выступу Камісара Штэфана Фюле на пленарным паседжаньні Эўрапейскага парлямэнта ў Страсбургу 11-га верасьня, у якім ён закрануў пытаньні ціску з боку Расеі на краіны Ўсходняга партнэрства.

Каб пазьбегнуць некарэктнай інтэрпрэтацыі і непаразуменьняў у будучыні, Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі распаўсюдзіла выступ Штэфана Фюле. Падаем пераклад на беларускую мову.

Пра ціск з боку Расеі на краіны Ўсходняга партнэрства

Эўрапейская Камісія — выступ 13/687

Штэфан Фюле, Эўрапейскі камісар па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва

Пленарная сэсія Эўрапейскага парлямэнта ў Страсбургу

11 верасьня 2013

Спадар старшыня, шаноўныя дэпутаты,

Імкліва набліжаецца саміт Усходняга партнэрства ў Вільні. Ён абяцае стаць гістарычным крокам наперад у палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі з некалькімі з нашых усходніх суседзяў. Відавочна — і памылкова — у некаторых колах гэта разглядаецца як пагроза. У выніку мы сталі сьведкамі велізарнага ціску, які аказваецца на некаторых з нашых партнэраў.

Эўрапейскі зьвяз заўсёды выразна фармуляваў прынцыпы сваёй палітыкі ў дачыненьні да сваіх усходніх партнэраў. Нашыя агульныя інтарэсы патрабуюць ад нас супрацоўніцтва з нашымі суседзямі на ўсходзе для ўсталяваньня прасторы росквіту і стабільнасьці на нашым кантыненце.

Шэраг пагадненьняў аб партнэрстве і супрацоўніцтве, падпісаных у сярэдзіне дзевяностых, ужо прадугледжвалі стварэньне зоны свабоднага гандлю. Тэхніка-эканамічная ацэнка, праведзеная ў 2004 годзе, прывяла да таго, што «глыбокія і ўсёабдымныя зоны свабоднага гандлю» (DCFTA) сталі неад’емнымі часткамі «новых пашыраных пагадненьняў», якія пасьля сталі вядомымі як Пагадненьні аб асацыяцыі і былі прапанаваныя ў 2006 годзе.

Першыя перамовы аб стварэньні DCFTA пачаліся з Украінай у 2008 годзе, адразу пасьля таго, як краіна стала чальцом Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).

Пасьля Эўрапейская Камісія ў сваім камюніке ад 2008 году прадставіла асноўныя палажэньні той прапановы, якая была зробленая нашым усходнім партнэрам на саміце ў Празе, дзе быў пакладзены пачатак Усходняму партнэрству ў 2009 годзе і пацверджаная нашая агульная мэта — палітычная асацыяцыя і эканамічная інтэграцыя, падмацаваныя дамовамі аб асацыяцыі і стварэньні DCFTA.

Ад самага пачатку Эўрапейскі парлямэнт падтрымлівае гэты падыход, накіраваны на палітычную і эканамічную трансфармацыю гэтай часткі Эўропы.

Гэта праўда, што сяброўства ў Мытным зьвязе несумяшчальнае з «глыбокімі і ўсёабдымнымі зонамі свабоднага гандлю», перамовы аб стварэньні якіх мы вядзем з Украінай, Малдовай, Грузіяй і Арменіяй.

І гэта не з-за ідэалагічных адрозьненьняў — гаворка не ідзе пра сутыкненьне эканамічных блёкаў або «гульні з нулявой сумай». Гэта з-за прававой несумяшчальнасьці: у прыватнасьці, нельга адначасова зьнізіць мытныя тарыфы згодна з нормамі DCFTA і падняць зыходзячы з абавязальцітваў у межах сяброўства ў Мытным зьвязе.

Новае пакаленьне пагадненьняў аб асацыяцыі прадаставіць велізарныя пераўтваральныя перавагі, асабліва з дапамогай збліжэньня прававых і рэгулятыўных нормаў, з дапамогай лібералізацыі рынку. Незалежныя дасьледаваньні паказваюць, што DCFTA прынясе значныя перавагі.

З часам экспарт у ЭЗ можа падвоіцца, забясьпечыўшы пры гэтым амаль 12-адсоткавы рост ВУП. Аднак каб дасягнуць гэтага, нашы партнэры павінны валодаць поўным суверэнітэтам у фармаваньні сваёй гандлёвай палітыкі, у той час як у сябраў Мытнага зьвязу яго не будзе.

Няма сумневаў, краіны-ўдзельніцы Ўсходняга партнэрства маюць магчымасць умацоўваць сваё супрацоўніцтва з Мытным саюзам, магчыма ў якасьці назіральнікаў.

І, вядома, удзел у DCFTA цалкам сумяшчальны з дамовамі аб свабодным гандлі, якія дзейнічаюць паміж нашымі партнэрамі і іншымі краінамі Садружнасьці незалежных дзяржаваў (СНД).

Дазвольце сказаць шчыра: разьвіцьцё праекта Эўразійскага эканамічнага зьвяза павінна выконваць суверэнныя рашэньні нашых партнэраў. Любыя пагрозы Расеі, зьвязаныя з магчымым падпісаньнем пагадненьняў з Эўрапейскім зьвязам зьяўляюцца непрымальнымі. Гэта тычыцца ўсіх формаў ціску, у прыватнасьці такіх як:

— Магчымае злоўжываньне пры выстаўленьні коштаў на энерганосьбіты;

— Стварэньне штучных перашкодаў для ажыцьцяўленьня гандлю, напрыклад, увядзеньне сумнеіўных з пункту гледжаньня адпаведнасьці нормам СГА забаронаў на імпарт, цяжкія мытныя працэдуры;

— Ваеннае супрацоўніцтва і гарантыі бясьпекі;

— Выкарыстаньне зацяжных канфліктаў.

Гэта не той шлях, па якім павінна ісьці разьвіцьцё міжнародных адносінаў на нашым кантыненце ў дваццаць першым стагодзьдзі. Такія дзеяньні відавочна парушаюць прынцыпы, якія падзяляюцца ўсімі эўрапейскімі краінамі.

Прымаючы Хельсінскія прынцыпы АБСЕ, мы абавязаліся паважаць «права кожнай краіны вызначаць і будаваць свае адносіны з іншымі дзяржавамі паводле сваяго меркаваньня і паводле міжнароднага права». Эўрапейскі зьвяз будзе падтрымліваць і выступаць на баку тых, на каго аказваецца неправамоцны ціск.

Дазвольце мне падкрэсьліць, што Пагадненьне аб асацыяцыі і DCFTA не задумваліся на шкоду Расеі. Наадварот, Расія атрымае вялікую карысьць ад інтэграцыі краінаў Усходняга партнэрства ў агульнаэўрапейскую эканоміку.

Нашае бачаньне заключаецца ў тым, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэтыя пагадненьні павінныя паспрыяць фармаваньню заснаванай на правілах СГА агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Ўладзівастока.

Такім чынам, мы заахвочваем ўмацаваньне нашымі партнэрамі сваіх сувязяў з Расеяй — гэтаксама, як ўмацоўваем гэтыя сувязі і мы, аднак такое ўмацаваньне павінна быць сумяшчальным з абавязальніцтвамі ў рамках пагадненьняў аб асацыяцыі і стварэньні DCFTA.

Эўрапейскі зьвяз гатовы працаваць са сваімі суседзямі і шукаць шляхі да большага нарматыўнага збліжэньня паміж ЭЗ і сябрамі Мытнага зьвяза.

Пратэкцыянісцкая сьцяна, якая падзяліла б наш кантынент на дзьве часткі, — гэта зусім ня тое, што нам трэба. Ва ўмовах сёньняшняй ўсё больш канкурэнтнай глабальнай эканомікі мы ня можам дазволіць сабе марнаваць сілы на рэгіянальнае геапалітычнае суперніцтва.

Спадар старшыня, шаноўныя дэпутаты,

На заканчэньне я хацеў бы зрабіць пяць заўвагаў:

1. Некаторыя з вас заклікаюць мяне больш актыўна гуляць у стратэгію. Гэтага я рабіць ня буду. Іншыя заклікаюць мяне больш актыўна выступаць за нашыя каштоўнасьці, і менавіта гэта мая праца – спрыяць супрацоўніцтву з краінамі Ўсходняга партнэрства на аснове гэтых каштоўнасьцяў.

Я не граю ў гульні з нулявой сумай, бо я веру ў магчымасьць бязпроігрышных сытуацыяў, асабліва ва ўзаемадзеяньні з такім стратэгічным партнэрам, якім зьяўляецца Расея. Я не займаюся будаўніцтвам сьценаў – акурат наадварот.

Пераўтварэньні – правіла гэтай гульні, і пагадненьні аб асацыяцыі і стварэньні глыбокіх і ўсёабдымных зонаў свабоднага гандлю – гэта самыя магутныя інструмэнты трансфармацыі.

Вось чаму Віленскі саміт і падрыхтоўка да падпісаньня і пачатку рэалізацыі гэтых пагадненьняў настолькі важныя. Правілы гульні не ў тым, каб зьніжаць планку, не ў тым, каб выстаўляць умовы, а ў тым, каб прапаноўваць нашым партнэрам больш стратэгічнае ўзаемадзеяньне.

2. Нам неабходна казаць нашым расейскім сябрам зноў і зноў, што Ўсходняе партнэрства не скіраванае супраць іх і іхніх інтарэсаў. Мы павінныя лепш тлумачыць суадносіны пагадненьняў аб асацыяцыі і Мытнага зьвяза.

Я прыняў да ведама паведамленьні пра тое, што на думку расейскага прэм’ер-міністра гэтым дзьвюм канцэпцыям не хапае сумяшчальнасьці. Мы ўьзнялі гэтае пытаньне ў яго прысутнасьці ў лютым на сумесным паседжаньні Эўрапейскай Камісіі і Урада Расеі ў Маскве, мы ўздымалі гэтае пытаньне і да лютага, і мы кажам пра яго таксама ў рамках каардынацыйнай групы па пытаньнях інфармаваньня, у якой Расея займае важнае месца.

І кожны раз мы тлумачым, чаму гэта не так, падкрэсьліваючы, што гэта не палітычная гульня, што гаворка ідзе аб суверэнітэце нашых партнэраў, аб іх зьнешнегандлёвай палітыцы. І мы заўсёды дадавалі пры гэтым, што мы першыя зацікаўленыя ў традыцыйных сувязях паміж нашымі партнэрамі і Расеяй і што мы гатовыя дапамагчы партнэрам і, у канчатковым выніку, Маскве вызначыць палітыку, якую партнэры маглі б падзяліць ў той меры, у якой яна не супярэчыць пагадненьням аб DCFTA.

3. Я разумею, што Расея разглядае прыняцьце нормаў і стандартаў ЭЗ як патэнцыйна праблемнае пытаньне, паколькі цяпер яны не заўсёды супадаюць з нормамі і стандартамі Мытнага зьвяза. Аднак мы ўжо актыўна супрацоўнічаем з Расеяй па уніфікацыі шматлікіх нормаў і стандартаў.

Гэта ключавы элемэнт Партнэрства дзеля мадэрнізацыі паміж Эўрапейскім зьвязам і Расеяй. І гэтыя стандарты ўсё часьцей прымаюцца Мытным зьвязам. Нормы ЭЗ часьцяком прымаюцца на міжнародным узроўні і, вядома, цалкам сумяшчальныя з правіламі СГА. Такім чынам ЭЗ на самой справе дапамагае ўсім партнэрам, уключна з Расеяй, праводзіць мадэрнізацыю і станавіцца больш адкрытымі для глябалізацыі.

Гэткім жа чынам новае пагадненьне, паводле якога мы вядзем перамовы і якое павінна замяніць сабой Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж ЭЗ і Расеяй, павіннае ўтрымліваць палажэньні аб больш шчыльным зьбліжэньні рэгулятыўных рамак бакоў і такім чынам забясьпечыць стабільнасьць і прадказальнасьць як для расейскіх, так і для эўрапейскіх кампаніяў.

4. Гаворачы пра салідарнасьць і адзінства ў галіне гандлёвай палітыкі, адзначу наступнае: мы прынялі да ўвагі забарону Расеі на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Малдовы.

Мы не маем дадзеных ні пра якія прычыны, зьвязаныя з патрабаваньнямі да бясьпекі прадуктаў харчаваньня, якія маглі б абгрунтаваць гэтае рашэньне. Службы ЭЗ, якія адказваюць за бясьпеку прадуктаў харчаваньня, не выявілі ніякіх гігіенічных праблемаў або пагрозаў для здароўя ў імпартуемых з Малдовы прадуктах, і мы па-ранейшаму імпартуем віно і іншую сельскагаспадарчую прадукцыю.

Разам з маім калегам Дачыанам Чыяласам, які курыруе пытаньні сельскай гаспадаркі, мы маем намер вывучыць магчымасьць павелічэньня квоты на імпарт віна з Малдовы ў ЭЗ.

Мы таксама маем намер адправіць у Малдову экспэртаў, каб яны дапамаглі пераадолець некаторыя з перашкодаў, зь якімі сутыкаюцца іншыя галіны Малдовы (напрыклад, птушкагадоўля) у ажыццяўленьні экспарту ў ЭЗ. Такія праявы салідарнасьці таксама дастасавальныя да іншых партнэраў, якія сутыкаюцца з неправамоцным ціскам.

5. Калі мы толькі прыступалі да рэалізацыі Ўсходняга партнэрства ў Празе ў 2009 годзе, ідэя стварэння Эўразійскага зьвяза яшчэ ніяк сябе не праявіла.

Гэта было рашэньне Расеі будаваць Мытны і Эўразійскі зьвязы, ствараючы сытуацыю, у якой нашыя эўрапейскія партнэры сутыкаюцца з выбарам паміж двума праектамі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі. Немагчыма, каб нашыя партнэры зрабіліся ахвярамі несумяшчальнасьці гэтых праектаў.

Немагчыма таксама, каб за самастойна прынятыя рашэньні нашыя партнэры маглі быць пакараныя, а іх гандлёвыя адносіны з сябрамі Мытнага зьвяза маглі апынуцца пад пагрозай разьвіцьця на значна горшых умовах, чым тыя, якія вызначаныя ў межах нашых уласных дамоўленасьцяў.

Мы будзем рабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць такога сцэнару і разам з нашымі суседзямі знойдзем шляхі да максімальнай сумяшчальнасьці паміж ЭЗ і эўразійскімі структурамі такім чынам, каб спрыяць эканамічнай інтэграцыі і спрашчэньні гандлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?