У Беларусі легалізуюць паслугі гаражнага аўтасэрвісу. Адпаведны ўказ № 432 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. № 43» Аляксандр Лукашэнка падпісаў 17 верасня.

«Указ накіраваны на легалізацыю аказання паслуг аўтасэрвісу ў гаражных кааператывах і ўзмацненне адказнасці за незаконную дзейнасць у гэтай сферы», — праінфармавалі ў прэс-службе.

Са згоды агульнага сходу гаражнага кааператыва або сходу ўпаўнаважаных членам гэтых кааператываў, зарэгістраваным у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, дазваляецца аказваць паслугі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў (з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не большай за 3,5 т) у гаражы, пераабсталяваным у майстэрню.

Парадак аказання паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў у майстэрнях, размешчаных на тэрыторыі гаражных кааператываў, вызначаецца Саветам Міністраў.

«Указ вызначае крыніцы пакрыцця страт, прычыненых пашкоджаннем маёмасці кааператыва ў выніку ажыццяўлення незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці па тэхнічнаму абслугоўванню і рамонту транспартных сродкаў або дзейнасці з парушэннем тэхнікі бяспекі. Прычынены ўрон павінен кампенсавацца ўласнікам майстэрні або асобай, якая яго прычыніла», — адзначылі ў прэс-службе.

За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў на тэрыторыі гаражнага кааператыва ўласнік гаража рашэннем агульнага сходу можа быць выключаны са складу членаў гаражнага кааператыва.

Указ уступае ў сілу з 1 лістапада 2013 года. Гаражныя кааператывы ў шасцімесячны тэрмін павінны прывесці свае статуты ў адпаведнасць з указам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?