Карыстацца клясычным правапісам у інтэрнэце ніхто не перашкодзіць. Сяргей Богдан адказвае Сяргею Дубаўцу, працягваючы дыскусію аб пераходзе на адзіны правапіс.

Ідэя Сяргея Дубаўца пра неабходнасьць правапіснага аб’яднаньня мае дзьве заганы — яна абстрактная і не зважае на наяўныя зыходныя ўмовы, на «дадзенае», кажучы мовай дакладных навукаў. Апрача таго, яна настолькі розьніцца ад лініі, праводжанай сп.Дубаўцом дагэтуль, што сапраўды шакуе. Калі пераход да адзінага правапісу як сродак выратаваньня папяровай «Нашай Нівы» яшчэ можа быць зразуметы, дык прапанова гуртам перайсьці ўсім на адзіны правапіс, навязваны дзяржавай, выглядае слаба абгрунтаванай.

Аб’яднаньне з пустэчай

Дубавец прапануе аб’яднацца, але не тлумачыць, як будзе выглядаць аб’яднаньне і яго мэханізм. Другі бок дэманструе, мякка кажучы, адсутнасьць усялякай цікавасьці да інакшае думкі і жаданьня яднацца. Адзіна рэальным мэханізмам аб’яднаньня ёсьць толькі наша капітуляцыя. На што, зрэшты, часам некаторыя ў гісторыі пагаджаліся.

Камізм у тым, што няма зь кім аб’ядноўвацца. Тэарэтычна мусіць быць другі белмоўны бок, правапіс якога мы пагаджаемся, дзеля нацыянальнага адзінства, прыняць, каб зажыць у згодзе. Аднак «з таго боку» ёсьць толькі рэпрэсіўная дзяржава і забітае асыміляванае насельніцтва. І ў гэтай дзяржавы няма прычынаў пра нешта з намі дамаўляцца, яе чыноўнікі ўпэўненыя, што могуць і так усё вырашыць, бяз нас. Мы для яе — ніхто. Нам прапаноўваецца толькі падпарадкавацца або быць змолатымі на муку.

Улічваючы такі падыход з боку рэжыму, варта і нам заняць рэальна‑палітычную пазыцыю. Адпаведна, любыя пляны аб’яднаньня і супрацы з рэжымам павінны мець рэальна‑палітычны характар і грунтавацца на цьвёрдых разьліках, інакш скончацца катастрофай. Колькі адсоткаў дзяржаўных пасадаў, колькі адсоткаў субсыдыяў і колькі адсоткаў этэрнага часу атрымае нацыянал‑дэмакратычны рух за тыя ці іншыя саступкі? І колькі прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі будуць запрошаныя пасьля Вашага, сп.Дубавец, аб’яднаньня да ўдзелу ў працэсе фармаваньня культурнай палітыкі, ці хаця б яе моўнага кампанэнту? Давайце назавем канкрэтныя ўмовы, паглядзім, што нам можа даць аб’яднаньне шляхам адмовы ад адной з ідэяў.

Калі ж адмова гэтая адбываецца, маўляў, дзеля таго, што ідэя аджыла, дык гэта проста не стасуецца з нашымі ранейшымі дэклярацыямі і патыхае канфармізмам. Вы прапануеце нам выбар — украінскі (аб’яднаньне) ці ірляндзкі (захаваньне цяперашняй сытуацыі) варыянт. Аднак забываецеся на кантэкст — украінскі варыянт магчымы пры наяўнасьці ва Ўкраіне адноснага палітычнага плюралізму. Гэта вырашыла лёс моўнай палітыкі ў краіне. Гэтых умоваў у Беларусі няма і ўкраінскі варыянт тут з гэтых прычынаў немагчымы.

Праблема беларускага руху палягае ў яго бясконцай гатовасьці саступаць.

,

Праблема беларускага руху палягае ў яго бясконцай гатовасьці саступаць. Саступка — гэта не кампраміс і нават не адступленьне пад націскам сілы. Калі трэба ратаваць «НН» ад гэтага моўнага закону, дык ня трэба здымаць сьцяга, трэба гучна абвесьціць пра тое, што правапіснае адступленьне вымушана адбываецца перад націскам нападнікаў дый перанесьці сьцяг на іншую пазыцыю — у той самы інтэрнэт. Гэта захавае гонар нацыянальнага руху.

Сёньняшнія пляны ўладаў нагадваюць пляны расейскай імпэрскай адміністрацыі перавесьці летувісаў на кірыліцу. Тут жа, здаецца, і розьніца шчэ меншая — якімі літарамі пісаць па‑летувіску. Але не паддаліся летувісы і гінулі пад кулямі памежнікаў кніганошы друкаваных «ня тымі» літарамі кніжак з Усходняй Прусіі. Будаваньне нацыі пачынаецца не з дамоваў аб аб’яднаньні‑капітуляцыі, а з вымаўленага разам слова «Не!» на тое, што мы не прымаем.

Без фарысэяў не было б жыдоў

Цяпер па сутнасьці. Сапраўды, ці так важнае напісаньне мяккіх знакаў і іншыя рэшткі фанэтычнага прынцыпу напісаньня? Пасьпяхова існуюць мовы, у якіх фанэтыка і правапіс моцна адрозьніваюцца — ад ангельскай да арабскай.

Гэта сапраўды дапушчальна ў выпадку добра разьвітых і пашыраных моваў, носьбіты якіх маюць цьвёрдае ўяўленьне, як гучыць тое ці іншае слова і здольныя яго распазнаць нават па няпоўным і недасканалым графічным адлюстраваньні літарамі, дый вымавіць слушна.

Але зь меншымі мовамі ці мовамі пад пагрозай зьнікненьня сытуацыя цалкам адваротная. Іх носьбіты, што жывуць ва ўмовах панаваньня іншае мовы, ужо маюць праблемы з распазнаньнем фанэтычнага адпаведніка графічнае формы. Прасьцей кажучы, ня ведаюць, як чытаць слова, напісанае недасканалым з пункту гледжаньня фанэтыкі іх роднае мовы альфабэтам. Яны прачытаюць яго паводле гучаньня, якое навязвае ім дамінантная навокал мова — на якой яны вучыліся, якую чуюць штодня. Таму і абэцэды для такіх моваў ствараюцца фанэтычныя — зірнеце хаця б на новапісьменныя каўкаскія мовы ці бліжэйшую кашубскую. Каб іх носьбіты дакладна ведалі, што і як чытаць.

Слушна чытаць беларускі наркамаўскі тэкст, вядома, можна. У двух выпадках — а) калі вы вельмі ўпэўнена валодаеце беларускай мовай і б) калі вы вывучылі адпаведныя разьдзелы акадэмічных граматыкаў па артаэпіі і фанэтыцы. Людзей катэгорыі А няшмат, нават многія белмоўныя маюць ужо праблемы з фанэтыкай праз асыміляцыю. Трэба быць навукоўцам ці апантаным чалавекам, каб трапіць у катэгорыю Б.

Таму ў прынцыпе адмова ад тарашкевіцы вядзе нас да разбурэньня падставаў нашае мовы ў сфэры яе фанэтыкі, і нават адмова толькі ад мяккага знаку моцна зьменіць нашу мову ў сёньняшніх умовах.

Той‑сёй параўноўвае тарашкевістаў з эвангельскімі кніжнікамі‑фарысэямі. У гэтым граматычным выпадку з гонарам прымаю гэтае параўнаньне. Фарысэі — кепскія людзі для хрысьціянаў, бо не прынялі Хрыста. Для габрэяў фарысэі як і зэлоты — гэта людзі, якія выратавалі габрэйскую нацыю. Першыя — сваёй зацятасьцю да літаральнае кніжнае мудрасьці, а другія — упартасьцю і фанатызмам. Бо яна была б асыміляваная, калі б прыняла Хрыста, як гэта сумна ні гучыць для хрысьціянскага вуха.

Працягну жыдоўскія паралелі. Габрэі ратаваліся праз кнігі, празь літаральнае аднаўленьне пісанага і друкаванага. Яны маўчалі па‑жыдоўску, але чыталі, старанна адтвараючы сваю традыцыю з пакаленьня ў пакаленьне. Сёньняшнія беларускія адраджэнцы таксама збольшага маўчаць па‑беларуску, але чытаюць і пішуць. Таму тарашкевіца — гэта ня проста пытаньне мяккага знаку, гэта пытаньне, ці захаваем мы сваю мову, ці атрымаем у дадатак да крэольскае культуры БССР‑РБ яшчэ і яе лінгвістычны кампанэнт — крэольскую мову. Так склалася, што для беларускае культуры мова мае большае значэньне, чым для іншых. На сёньняшнім этапе гэта збольшага пісьмовая, а ня вусная мова. Таму мы так зацята баронім яе форму. Бо пакуль апроч мовы мы не дафармавалі сваёй выразнай ідэнтычнасьці ў іншых сфэрах, дый на мове больш пішам і чытаем, чым гаворым.

Дзіўна, сп. Дубавец, было ацэньваць некалі правапісы, як «рэпрэсіўныя», у рамках этычнага канфлікту. Відаць, лепш было ўсё‑ткі іх паводле практычнасьці ацэньваць. Але важны іншы аспэкт — умяшаньне дзяржавы ў сфэру, якая ёй ня мусіць падпарадкоўвацца — навуку і культуру. Нават ня так істотна, што расейскамоўная дзяржава піша драконаўскія законы белмоўным грамадзянам. Пасьлядоўна і цынічна дзяржава парушае істотны прынцып калектыўнага сужыцьця — ня лезь, куды ня трэба.

Дзяржава бессаромна займаецца моўнай інжынэрыяй, і нездарма дэп. Здановіч спасылаецца на маляйзійскі прыклад штрафаў за моўную чысьціню. Вельмі цешыць заўсёдная гатовасьць людзей з савецкай адукацыяй чыста савецкім мэтадам выцягваць патрэбныя ім спасылкі, «забываючыся» патлумачыць кантэкст. Здановіч маўчыць пра тое, што Маляйзія проста мэтаскіравана аддзяляе свой варыянт адзінай малайскай мовы ад інданэзійскага варыянту тае самае мовы — вобразна кажучы, штрафуе за наркамаўку! Маляйзійцам ідзецца не пра захаваньне, але пра сэлекцыю.

Багаты ілюстрацыйны матэрыял і аргумэнты падбіраюцца прыхільнікамі новага закону з усяго сьвету, апрача Беларусі. Тут для іх не існуе апанэнтаў, яны іх «ня бачаць», а бачаць толькі хаос — скланяючы зь інтэрвію ў інтэрвію няшчасны «парлямэнт‑парлямант».

Адзіны правапіс ёсьць

Абсалютны нігілізм адраджэнцаў не дазваляе і ім пабачыць аўтарытэты. Прыклад таму — закіды наконт уяўнай неўнармаванасьці клясычнага правапісу. Ілюстрацыі да таго маюць у крытыкаў тарашкевіцы анэкдатычны, а не навуковы характар, на ўзроўні: быў у мяне знаёмы рэдактар, дык ня ведаў, як пісаць тое ці іншае слова. Даруйце, можна знайсьці мноства адукаваных людзей, якія ня будуць ведаць, як пісаць тое ці іншае расейскае слова, але ж гэта ня будзе азначаць неўнармаванасьці расейскае мовы. Давайце ня будзем пераносіць заганы адукацыі пэўных асобаў на мову. Як чалавек, што актыўна карыстаецца ім усё сьвядомае жыцьцё, сьведчу: клясычны варыянт белмовы ўнармаваны дастаткова, каб ім ільга было карыстацца без асаблівых праблемаў.

Пры ўсіх заганах нашаніўскай мовы газэта ўжо каторы год выходзіць менавіта гэтым правапісам і фактычна (побач з «ARCHE» ды іншымі выданьнямі, накшталт ранейшай «Свабоды») стварыла канон, якога можна сьмела трымацца адукаванаму чалавеку. Канчаткова гэты канон замацаваны групай белмоўных навукоўцаў (адцемце абодва словы) на чале зь Зьм.Саўкам. Сур’ёзных, навукова абгрунтаваных заўвагаў да яго выказана не было. Прыватныя крыўды на аўтара і адрозьненьні густаў ня ўлічваюцца. На гэтым пытаньне правапісу для беларусаў можна лічыць вырашаным.

Клясычны правапіс для новае тэхналягічнае эры

Нават пры прыняцьці новага закону і жорсткіх перасьледах за клясычны правапіс улада нічога ня зможа зь ім зрабіць, калі грамада нашых нацыянальных аўтарытэтаў прыме канчатковае рашэньне застацца з тарашкевіцай. Бо нават зьнікненьне тарашкевічных папяровых «НН» і «ARCHE», ці іх пераход на наркамаўку не паўплывае на сытуацыю з аднае прычыны — інтэрнэту.

Спыніць карыстаньне ім ужо амаль немагчыма і фільтру на мяккія знакі не паставіш. У той самы час усё больш людзей, асабліва новага пакаленьня, чытае не папяровае, а электроннае. За імі будучыня — за тымі, хто карыстаецца новымі тэхналёгіямі, непадкантрольнымі дзяржаўнаму рэгуляваньню ў прынцыпе.

Пісаць на клясычным правапісе ў інтэрнэце ніхто не перашкодзіць. І з кожным днём гэтым займаецца ўсё больш людзей. Тэндэнцыі цешаць. Каб жа толькі нашы цяперашнія капітулянцкія дыскусіі ня зьбілі іх з панталыку. Таму трэба чым хутчэй спыніць спрэчкі пра абы‑што, перавесьці пры патрэбе папяровыя выданьні на той правапіс, якім іх дазволяць друкаваць, і, зразумеўшы, што будучыня — не за паперай, разьвіваць нармалёвыя выданьні ў той сфэры, якая амаль непадкантрольная ўладзе — у нэце і на электронных носьбітах.

Што да разуменьня тарашкевіцы народам, ёсьць даўні прыклад тарашкевічнай «Свабоды» зь яе фантастычным як на сёньня накладам пачатку 1990‑х. І мноства прыкладаў мутанцкіх наркамаўскіх ці ўвогуле дзьвюхмоўных выданьняў, якія ня маюць чытача. Які сэнс арыентавацца на стандарт Мінадукацыі, якое вучыць беларускіх школьнікаў мове, калі белмова Мінадукацыі ў жыцьці выкарыстоўваецца збольшага толькі ў шапках канцылярскіх блянкаў?

Асаблівасьці нацыянальнай граматыкі

У кожнай мовы ёсьць свае асаблівасьці, і ня трэба імкнуцца адпавядаць канонам чужых моваў — маўляў, вось, у вялікіх моваў — францускай, ангельскай, расейскай ды іншых — усё адзінае. Існуюць жа і прыклады, калі мовы маюць паралельныя графічныя варыянты, як то сэрбская, якая пасьпяхова існуе на лацінцы і кірыліцы.

Праўдападобна, што спробы гвалтоўнае моўнае інжынэрыі і спрычыненыя імі пераломы ніколі нельга выправіць цалкам. І нярэдка яны сканчваюцца падвоенасьцю. Пасьля камуністычнай рэформы кітайшчыны зьявілася два варыянты і ў вялікай кітайскай мовы — кантынэнтальны КНР і іншы, клясычны. Два правапісы застануцца існаваць у белмове і пераадолець гэта будзе цяжка. Бо ідзецца пра розныя прынцыпы, розныя бачаньні жыцьця, гісторыі і розныя міталёгіі. Можна бачыць у гэтым і нашу бяду, і наш набытак.

***

Такая яна — Беларусь. Зь дзьвюма душамі ў веры, гісторыі, псыхіцы. А цяпер яшчэ і ў правапісе. Яднае нас талеранцыя. Нашае адзінства — гэта талерантнае задзіночаньне розных. І ніхто не павінен навязваць сваё як адзінае правільнае. А дзяржава цяпер спрабуе зрабіць акурат гэта. Адказаць ёй трэба адзінай абаронай нашай талерантнай разнастайнасьці, а ня спробамі дамовіцца з нападнікамі.

Маладэчна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?