Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт МУС Беларусі

Зазначаецца, што была праведзена праверка шэрагу службовых асоб ЖКГ Мінскай вобласці па захаванні законнасці пры засваенні бюджэтных грашовых сродкаў, што выдзяляюцца на правядзенне работ у рамках рэспубліканскай праграмы «Энергазберажэнне».

Устаноўлена, што генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці», 1980 г.н., арганізаваў карупцыйную схему, з дапамогай якой выкрадаліся буйныя сумы бюджэтных сродкаў.

Вядома, што адначасова з працай на пасадзе, мужчына фактычна кіраваў ТАА, заснавальнікам якога з’яўляецца яго родны брат. Прадпрыемства спецыялізуецца на замене цеплавых сетак і будаўніцтве кацельняў.

Таксама ўстаноўлена, што падазраваны, з’яўляючыся службовай асобай, злоўжываючы сваімі службовымі паўнамоцтвамі і з асабістай зацікаўленасці, даў указанне свайму падначаленаму выканаць з чэрвеня па кастрычнік 2012 года на аб'екце «Капітальны рамонт цеплаізаляцыі сетак цеплазабеспячэння ў в. Атраднае Любанскага раёна» будаўніча-мантажныя работы з завышэннем кошту фактычна выкананых работ, што пацягнула прычыненне дзяржаве ўрону ў асабліва буйным памеры на суму каля 700 млн. рублёў.

Па гэтым факце УСК Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці распачата крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч.3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»). Сёння, 19 верасня, чыноўніка затрымалі.

У ходзе праверкі высветлілася, што выкрадзеныя грошы здымаліся наяўнымі праз жонку, аформленую індывідуальным прадпрымальнікам.

Гэтая інфармацыя дазволіла «замарозіць» на падкантрольных рахунках 130 млн. рублёў.

Накладзены арышт на маёмасць у 3,5 млрд рублёў, у тым ліку на дарагія аўтамабілі і нерухомасць.

Дарэчы, фігурант пражывае ў кватэры, якая належыць фірме брата.

18 верасня ў Салігорску адбылася калегія ЖКГ Мінскай вобласці з удзелам службовых асоб Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі па пытанні падрыхтоўкі да зімовага перыяду, дзе затрыманы выступаў адным з асноўных дакладчыкаў, дадае БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0