Днямі прайшла такая як быццам далёкая ад рэлігійнай сфэры навіна: альтэрнатыўнаму тэлеканалу з Польшчы адмоўлена ў рэгістрацыі дамену ў зоне BY. Гэта мне нагадала іншую гісторыю, зьвязаную з Інтэрнэтам.

Некалькі гадоў таму ў Беларускім Экзархаце сур’ёзна ўзяліся за стварэньне афіцыйнага Парталу БПЦ. Вядома, калі за справу бярэцца начальства, усё робіцца з нейкай асаблівай помпай і з напалеонаўскім замахам. Была створана спэцыяльная камісія, і сярод іншых у склад яе увайшоў юрыст, якому была даручаная рэгістрацыя дамену. Дакладваючы потым аб зробленай працы, ён захоплена казаў, што зьяўленьне афіцыйнага праваслаўнага парталу дзяржаўныя органы ўспрынялі вельмі спачувальна і нават прапанавалі зарэзэрваваць такія ключавыя даменныя імёны, як religion, christianity, orthodoxy і г. д. І ня проста зарэзэрваваць, а так, каб пры зьвяртаньні на такі дамен запыт аўтаматычна пераводзіўся на партал БПЦ. Зацікавіўся чалавек тэматыкай рэлігіі ці хрысьціянства ў Беларусі, набярэ адпаведны адрас і пападзе да нас аўтаматычна. Ну проста мара!

Спачатку так і было, але потым пераадрасацыя прыпынілася, хаця імёны засталіся “зарэзэрваванымі”, г. зн. недаступнымі для рэгістрацыі. Здаецца, плаціць за столькі імёнаў даволі накладна, але дзяржава усё ж пакінула “рэзэрваваньне” ў якасьці бонусу. Атрымался нешта такое, што завецца “ні сабе, ні людзям”.

Мне падумалася, што такая сытуацыя з “рэлігійнымі” імёнамі даволі сымбалічная. Яна адлюстроўвае звыклае афіцыйнае разуменьне месца праваслаўя і адносін яго да іншых рэлігій. Стала ўжо звыклым, што місіянэрская праца, якая паклікана быць накіраванай на прывядзеньне да веры Хрыстовай тых людзей, якія Бога ня ведаюць, гэтая праца разумецца часта як выключна выкрыцьцё іншых рэлігійных рухаў. Пры гэтым уласна няверуючыя людзі такое місіянэрства турбуюць менш усяго. Галоўнае, каб яны не пайшлі да “чужых”. Таму асаблівая ўвага надаецца так званаму “сэктазнаўству”, г. зн. псэўданавуковаму абгрунтаваньню прынцыпаў супрацьстаяньня іншым рэлігіям з нейкім наборам догмаў для іх дыскрэдытацыі. Зразумела, яно не бярэцца змагацца з традыцыйнымі рэлігіямі. І ня толькі таму, што гэта не па зубах. А таму, што яны ў прынцыпе займаюць ужо сваю нішу ў грамадзтве, дзе таксама, як і праваслаўе ў сваёй маюць свой выключны ўплыў і свае прэтэнзіі на духоўную манаполію. Хаця і манаполія гэтая большай часткай у традыцыйных рэлігіях даволі намінальная.

Трэба было б, здаецца, ажыўляць ўнутранае жыцьцё у Царкве, рабіць яе больш прывабнай для людзей. Але, як ні сумна, мы больш пагаджаемся з такім разуменьнем месца царквы, якое маюць вельмі далёкія ад яе людзі. Напрыклад, чыноўнікі, якія займаюцца рэлігіямі.

Калі я выступіў на прэс-канфэрэнцыі за свабоду сумленьня ў краіне, на наступны дзень мяне паклікаў да сябе ўпаўнаважаны ў справах рэлігій. Паводле ягоных словаў, проста паглядзець на сьвятара, які чамусьці ня цэніць клопату дзяржавы аб праваслаўнай царкве. І выказаў сваё бачаньне становішча царквы. Яно мала адрозьніваецца ад прымітыўнага бачаньня тых людзей, якія ставяцца да царква адкрыта варожа. Як і яны, ён лічыць, што праваслаўе толькі і існуе яшчэ таму, што яго падтрымлівае дзяржава. Быццам і ня ведае пра 70 гадоў актыўнага, але няўдалага яго зьнішчэньня з боку амаль такой самай дзяржавы. Зразумела, ён ведае. Але раней жа не было сэктаў. А яны, як ён лічыць, больш страшэнны вораг для царквы, чым прыгнёт дзяржавы. А тым больш дзяржава цяпер клапаціцца, і трэба гэты клопат з удзячнасьцю прымаць. Бо, як ён лічыць, калі не абмяжоўваць сэктантаў, то яны проста стануць перад уваходам у храм і ўсіх купяць.

Што тут боль за ўсё дзіўна у гэтай паранаідальнай устаноўцы? Не дачыненьне да царквы, абражальнае разуменьне якой звыкла захоўваецца, як усё савецкае, ў чыноўных кабінэтах. Гэта яшчэ можна дараваць як вынік далёкасьці ад рэальнага царкоўнага жыцьця. Але ж гэтыя людзі жывуць сярод людзей. Няўжо яны думаюць, што людзі такія прімітыўныя, што іх можна цалкам накіроўваць грашыма? Што калі яны маюць нейкія перакананьні, то дастаткова такія перакананьні забараніць? Ці пераадрасаваць іх непаўторныя рэлігійныя шуканьні на патрэбны для афіцыёзу шлях?

На жаль, такое разуменьне існуе і ў царкве. І даволі распаўсюджанае. Чамусьці лічыцца, што дастаткова неяк абмежаваць канкурэнтаў у рэлігійнай сфэры, і людзі тады самі пойдуць да нас, бо ісьці ім больш няма куды. Галоўнае, каб не пайшлі да “чужых”. А мы ўжо тут з імі неяк разбярэмся. Трэба толькі зацікавіць у сумесных дзеяньнях дзяржаву, якой таксама цікава забясьпечыць для сябе “рэлігійную бясьпеку”. Тэрмін, дарэчы, з таго ж самага “сэктазнаўства”. І папрабаваць зрабіць так, як з даменнымі імёнамі – зарэзэрваваць і пераадрасаваць усе рэлігійныя пошукі ў бясьпечнае падкантрольнае рэчышча.

А ці ня думаем мы, што нас чакае іншая небясьпека – ператварэньне царквы ў прыдзяржаўнае ведамства, да якога людзі будуць належыць не жывымі, а зарэзэрваванымі душамі? Але добра, што існуе Божая ласка, якая дзейнічае ў Царкве. Таму пры ўсім, што ёсьць недарэчнага ў Царкве, яна застаецца жывой. Жыцьцё гэтае складанае і супярэчлівае, але яно надае ўпэўненасьці, што чыноўнікі не дачакаюцца сваёй “зарэзэрваванай царквы”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?