Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Паводле палітолага Юрася Чавусава, калі зыходзіць з тлумачальнай запіскі да праекту закона аб зменах у Выбарчы кодэкс, гэта змены не кардынальнага парадку, яны касметычныя, паведамляе радыё «Свабода».

«Яны знаходзяцца ў рэчышчы звыклай для беларускай заканадаўчай практыкі сыстэмы. Апазыцыя знаходзіць падчас выбараў нейкія лазейкі, нейкія магчымасьці выкарыстоўваць наяўнае заканадаўства ў сваіх мэтах.

Пасьля выбарчай кампаніі традыцыйна заканадаўства падчышчаецца, каб прыбраць тыя лазейкі, якімі апазыцыя карысталася. За гэты год было вельмі шмат разнастайных камэнтароў і прадстаўнікоў ЦВК, і самога Лукашэнкі, але заставаўся невядомым сам тэкст законапраекту, былі толькі вусныя заўвагі.

Шэраг гэтых заўвагаў стаўся бурбалкамі. Напрыклад, прапанова надаць рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньням права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты прадказальна аказалася ўсяго толькі бурбалкай. У тлумачальнай запісцы пра гэта нічога няма.

З аднаго боку, выбары робяцца больш таннымі, праводзяцца ў адзін тур, безь дзяржаўнага фінансаваньня і агітацыйнай прадукцыі.

І падчышчаюцца лазейкі — байкот, рэфэрэндумы па зборах і так далей. У сёньняшнім варыянце гэтыя зьмены ніяк не павялічваюць магчымасьці дэмакратыі ў Беларусі, электаральнай дэмакратыі.

Яны служаць іншым мэтам: забесьпячэньня кантраляванага характару выбараў і правядзеньня выбараў не як палітычнай працэдуры, а як адміністрацыйнай працэдуры, неабходнай для дзейнай улады, але ад якой ня варта чакаць нейкіх палітычных зьменаў».

Карэспандэнт:«Ці ўлічыла ўлада рэкамэндацыі АБСЭ?

Чавусаў: „Некаторыя ўлічаны. У лютым падчас першай нарады Лукашэнка зрабіў рэвэранс у бок назіральнікаў зь місіі БДІПЧ АБСЭ, ён сказаў, што некаторыя іхнія прапановы вартыя ўвагі. І некаторыя ў пакет зьменаў трапілі.

Напрыклад, тое, што ў тлумачальнай запісцы ідзе пад пунктам 12 — „Пашырэньне судовай абароны выбарчых правоў грамадзян“.

Зь іншага боку, усе цудоўна разумеюць, што ў беларускай сыстэме ўвядзеньне судовага абскарджваньня ніяк не мяняе магчымасьці дамагчыся задавальненьня правоў тых кандыдатаў, якія будуць зьнятыя з выбараў.

Бо суд яшчэ ў большай ступені кантраляваны выканаўчай уладай, чым выбарчыя камісіі. І ў гэтым сэнсе дэ-факта ў палітычным працэсе нічога не мяняецца“.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?