Пасля чарговага адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю былы палітзняволены Уладзімер Яроменак.

Гэтым разам актывіст адбываў пяцісуткавае пакараньне нібыта за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду. Ля турэмнай брамы менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў яго сустракалі жонка, сябры, аднадумцы, паведамляе радыё «Свабода».

16 верасьня Яроменка і іншага экс-палітзняволенага Васіля Парфянкова завочна асудзілі па аднолькавым артыкуле — парушэньне прэвэнтыўнага нагляду.

Аднак за суткі да вызваленьня Парфянкова з турмы на Акрэсьціна забраў участковы міліцыянт. Дагэтуль невядома, дзе Парфянкоў знаходзіцца зараз, але ёсьць зьвесткі, што ён прымусова вывезены ў лекава-працоўны прафілякторый.

Як нагадваюць праваабаронцы, на Яроменка і Парфянкова былі заведзеныя крымінальныя справы за парушэньне прэвэнтыўнага нагляду.

Яроменак быў асуджаны да 3 месяцаў арышту і мусіў пачаць адбываць пакараньне пасля разгляду касацыйнай скаргі.

Справу Парфянкова суд так і не разгледзеў, але праваабаронцы ня выключаюць, што замест паўгода арышту яго вырашана пратрымаць год у «прафілякторыі».

Яроменак і Парфянкоў былі фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Яроменак быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Парфянкоў — на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. У жніўні 2011-га абодва былі вызваленыя на падставе прэзыдэнцкага ўказу аб памілаваньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?