Блок Ангелы Меркель «Хрысціянска-дэмакратычны саюз / Хрысціянска-сацыяльны саюз» (ХДС/ХСС) быў у адным кроку ад таго, каб атрымаць абсалютную большасць у бундэстагу. Аднак спойлеры з выбарчага спісу «Альтэрнатыва для Германіі» адцягнулі частку выбарцаў.

ХДС/ХСС набірае 41,5% галасоў выбаршчыкаў. У той жа час тры левыя і левацэнтрысцкія партыі, якія пераадолелі пяціпрацэнтавы бар’ер, набіраюць прыкладна 42%. Немцы лічаць галасы з зайздроснай для беларусаў дакладнасцю і празрыстасцю.

Гэта значыць, што хрысціянскіх дэмакратаў чакаюць няпростыя кааліцыйныя перамовы.

Найзручнейшыя паплечнікі блока Меркель — Свабодная дэмакратычная партыя — губляюць месца ў бундэстагу. Яны недабралі да мінімальнага 5-працэнтавага бар’ера. Гэта гістарычная параза лібералаў: яны страцілі прысутнасць у парламенце першы раз за ўвесь пасляваенны час.

Разам свабодныя дэмакраты і Альтэрнатыва для Германіі набралі 9,5% галасоў, аднак гэта толькі разбіла правы электарат.

Абсалютную парламенцкую большасць раней у гісторыі Германіі удавалася атрымаць толькі Конраду Адэнаўэру на піку ягонай славы. Меркель наблізілася да ягонага паказчыка. Можа быць, яна дасягне яго на наступных выбарах?

Асцярожная і разважлівая, kanzlerin увасабляе сабой «лідара для мірных часоў». Гатовая да кампрамісаў, не схільная да гучных заяваў, яна — жывая супрацьлегласць аўтарытарным лідарам постсавецкіх краін. Яна не самасцвярджаецца праз гульню ў хакей і супердарагія машыны. Немцы далі ёй мянушку «матуля», «мама».

Пры любым магчымым кааліцыйным раскладзе Гвіда Вэстэрвеле перастане быць міністрам замежных справаў Германіі. Не выключана, што змены ў кіраўніцтве Нямеччыны стануць нагодай для таго, каб адміністрацыя Лукашэнкі пайшла на змены ў двухбаковых адносінах і стасунках з ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?