Аляксандр Алесін, фота svaboda.org

Аляксандр Алесін, фота svaboda.org

Лукашэнка на паседжаньні Рады калектыўнай бясьпекі ў Сочы гаварыў пра Сырыю й Таджыкістан, але галоўны ягоны клопат — у іншым, паведамляе радыё «Свабода».

«Па Сырыі, па іншых праблемах мы дзейнічаем у адзіным ключы з Расейскай Фэдэрацыяй, нашым асноўным стратэгічным партнэрам, нашай брацкай рэспублікай.

У нас абсалютна няма ніякіх рознагалосьсяў, гэтаксама як іх няма зь дзяржавамі — сябрамі АДКБ», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на паседжаньні Рады калектыўнай бясьпекі ў Сочы.

Для Аляксандра Лукашэнкі з’явілася чарговая магчымасьць нагадаць Расеі, што трэба дбаць пра беларускае войска — лічыць вайсковы аналітык Аляксандар Алесін: «Гэта чарговая магчымасьць нагадаць Расеі, што Беларусь — верны саюзьнік, што на захадзе ёсьць у яе перадавы пляцдарм, і ў такой якасьці Расея мусіць свайго саюзьніка ўмацоўваць. Цяпер сытуацыя па некаторых відах узбраеньня блізкая да крытычнай. Сьпісаньне франтавых бамбавікоў СУ-24, незразумелая сытуацыя са зьнішчальнікамі СУ-27.

Гэта каля 50 самалётаў. Калі іх адразу сьпісаць, то рэзка зьмяншаецца ня толькі ўдарная магутнасьць, але магчымасьці перахопу паветраных цэляў.

Цяпер час прыняцьця рашэньняў. Адзін з варыянтаў — пайсьці па шляху замяшчэньня беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі расейскімі, як мы бачым гэтую спробу стварэньня авіябазы ў Лідзе. Далей знос войска будзе толькі нарастаць, войска будзе слабець.

А Расея зацікаўленая ў тым, каб яе абарона не слабела. Таму альбо яна будзе ўмацоўваць беларускае войска, альбо будзе замяшчаць беларускае войска сваімі войскамі на нашай тэрыторыі.

Таму ў пэрспэктыве магчымае зьяўленьне яшчэ некалькіх расейскіх базаў на тэрыторыі Беларусі.

Аднак Лукашэнку гэта дасьць вялікія іміджавыя страты, асабліва напярэдадні выбараў 2015 году. Таму, мне здаецца, ён спрабуе дамовіцца з Пуціным, каб Расея павялічыла сваю дапамогу нашаму войску, і вырашыць нашыя праблемы без пашырэньня расейскай вайсковай прысутнасьці».

Што тычыцца магчымага ўдзелу беларускіх вайскоўцаў, то Аляксандр Алесін пераконвае: удзел беларускіх вайскоўцаў у такіх місіях выключна добраахвотны: «Ёсьць дакуманты, якія рэгулююць удзел беларускіх ваеннаслужачых у міжнародных місіях і місіях ААН.

Гэта адбываецца па асабістай заяве грамадзян і асабістым дазволе кіраўніка дзяржавы. Прымусова нікога туды паслаць нельга. У нас ёсьць фармаваньні, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў такіх місіях. Ёсьць пэрсанал — і МНС, і мэдыкі, — якія удзельнічаюць у такіх місіях.

Я не выключаю, што нашая міратворчая рота, якая ў нас на базе 120 брыгады рыхтуецца, можа ўдзельнічаць у міратворчай місіі ў Сірыі, калі будзе рашэньне СБ ААН. Што тычыцца Таджыкістана, то ёсьць міратворчыя сілы АДКБ.

Мы туды выдзяляем дзьве брыгады адмысловага прызначэньня — адна брыгада сьпецназу ўнутраных войск і брыгада армейскага спецназу. Плюс сілы МЧС і сілы сьледчага апарату для вядзеньня неабходных дзеяньняў падчас надзвычайных сытуацыяй.

Але прынцып дзеяньня такі самы — гэтыя людзі мусяць быць добраахвотнікамі. Па Канстытуцыі ў нас забаронена ваеннаслужачым ў прыказным парадку ўдзельнічаць у вайсковым дзеяньнях на тэрыторыі замежных дзяржаваў.

Толькі на добраахвотнай аснове, і АДКБ таксама трэба будзе атрымліваць мандат ААН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?