У Баранавічах настаўніца сярэдняй школы № 14 збіла чацвяракласніцу, вучаніцу адзінага ў горадзе беларускамоўнага класа Ясю Малашчанку за адмову слухаць афіцыйны гімн.

Як распавядае маці дзяўчынкі, каардынатарка аргкамітэта па стварэнні БХД Таццяна Малашчанка, інцыдэнт здарыўся на ўроку музыкі, калі настаўніца распавядала пра афіцыйныя дзяржаўныя сімвалы.

На гэта дзяўчынка заявіла, што лічыць гімн дрэнным, бо ў ім не спяваецца пра Бога, і назвала сваім гімнам спеў «Магутны Божа».

На гэта настаўніца паспрабавала пераўпэўніць дзяўчынку ў важнасці афіцыйнага гімна, распавядаючы пры гэтым пра свае ўяўленні пра тое, як хораша жылося ў СССР.

Затым яна пачала спяваць афіцыйны гімн, але, ўбачыўшы, што Яся закрыла вушы рукамі, накінулася на яе, пачала адцягваць яе рукі ад вушэй і біць па руках.

Калі ж даведзеная да слёзаў дзяўчынка паспрабавала выйсці з кабінета, настаўніца пачала здзіраць з яе заплечнік, працягваючы біць па руках.

Затым яна выйшла з класа, прыгразіўшы распавесці пра ўсё завучу, але хутка вярнулася і адпусціла расплаканую дзяўчынку з урока.

Маці Ясі Малашчанкі прычыны такіх паводзінаў настаўніцы не разумее і кажа, што ў мінулыя гады яна сябе так не паводзіла.

«Я разумею, калі б яна запатрабавала дачку пакінуць клас, зрабіла б заўвагу ці гэта далей. Але ж тое, што яна пачала біць, я лічу недапушчальным», — падкрэсліла Таццяна Малашчанка.

Пры гэтым жанчына падкрэсліла, што ўрокі музыкі ў школе з’яўляюцца факультатыўнымі і за іх адзнакі не ставяцца. У той самы час Яся Малашчанка асобна ходзіць у музычную школу.

Ні настаўніца, ні адміністрацыя школы прабачэнняў дзяўчынцы ці яе бацькам не прынеслі.

На ўрокі музыкі яе цяпер запрашаюць, прапаноўваючы прыходзіць праз 10–15 хвілін, калі скончваецца вывучэнне афіцыйнага гімну. Але дзяўчынка баіцца хадзіць на ўрокі спеваў. Бацькі не выключаюць, што могуць напісаць прашэнне дазволіць іхняй дачцэ не наведваць урокі музыкі ў школе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?