У артыкуле пад назваю «Што вам (па-сапраўднаму) неабходна ведаць», апублікаваным у New York Times у студзені 2012 года былы рэктар Гарвардскага ўніверсітэта Самерс заклікаў скараціць выдаткі на вывучэнне студэнтамі замежных моваў. Але ўстанова, якою ён пэўны час руліў, кіруецца, аднак, іншай логікай, а таму ўвяла магчымасць вывучэння брэтонскай мовы на факультэце кельцкіх моў і літаратур Гарварда. Каб зрабіць гэта, была падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж Гадвардам і ўніверсітэтам Рэн ІІ, які знаходзіцца ў сталіцы французскага рэгіёна Брэтань, дзе і размаўляюць па-брэтонску.

Вывучэнне брэтонскай мовы будзе адбывацца на моўных курсах і семінарах, таксама будзе адбывацца актыўны абмен паміж супрацоўнікамі ўніверсітэтаў.

Тыя 300 студэнтаў, якія вучацца на кафедры кельцкіх даследаванняў у Рэне, зараз будуць мець магчымасць правесці семестр ў адным з самых прэстыжных універсітэтаў у Паўночнай Амерыцы.

Кельцкі факультэт Гарварда нашмат меншы: на ім працуюць усяго 9 аспірантаў і 3 выкладчыкі, якія спецыялізуюцца на мовах, на якіх гаварылі ці гавораць ва Уэльсе, Ірландыі, Шатландыі і Корнуэле.

Брэтонская мова адносіцца да кельцкай групы індаеўрапейскіх моў. Брэтонцы перасяліліся на тэрыторыю сучаснай Францыі ў другой палове V стагоддзя з поўдня Брытаніі, адкуль іх выціснулі англасаксонскія захопнікі. З ХІІ стагоддзя шляхта, а пасля і буржуазія прынялі французскую мову як мову штодзённага ўжытку, а брэтонская засталася мовай сялян і рамеснікаў.

На працягу стагоддзяў брэтонская мова і кельцкая культура прыгняталіся, бо сваім існаваннем перашкаджалі стварэнню цэнтралізаванай французскай дзяржавы. Нават у Трэцяй, Чацвёртай і Пятай рэспубліках пераважала палітыка выкаранення брэтонскай мовы і культуры з дзяржаўнай школы. Палітыка абмежавання працягвалася ажно да 1960-х.

Вынікам такой палітыкі сталася тое, што брэтонская мова цяпер змагаецца за выжыванне. Хоць Ethnologue сцвярджае, што 1,2 мільёна чалавек «ведаюць мову, але не выкарыстоўваць яе рэгулярна», усяго каля 225 тыс. чалавек гаварылі на адной з чатырох яе дыялектаў у 1989 годзе, і з тых часоў іх колькасць яшчэ паменшала.

Паводле звестак 2009 года, менш чым 200 тыс. чалавек у Францыі размаўляюць па-брэтонску, большасць з іх старэйшыя за 65 гадоў. Даследаванне паказала, што толькі 12 000 чалавек ва ўзросце ад 15 да 40 гадоў могуць гаварыць на мове.

Большасць яе носьбітаў пражывае ў заходняй частцы Брэтані, у той час як толькі 2–5% насельніцтва — у раёне сталіцы рэгіёна, горада Рэн. Невялікая колькасць дзяцей вучыць брэтонскую мову, але не ясна, ці працягнуць яны выкарыстоўваць яе, калі вырастуць.

Таму Ethnologue класіфікуе брэтонскую мову як «паміраючую», і Атлас моваў свету ЮНЕСКА змяшчае яе ў «катэгорыі сур’ёзнай небяспекі». Будучыні брэтонскай мовы не спрыяе тая акалічнасць, што яна з’яўляецца адзінай жывой кельцкай мовай, якая не прызнана ў якасці афіцыйнай або рэгіянальнай мовы.

Тым не менш, у апошнія дзесяцігоддзі Францыя праводзіць ліберальную палітыку, накіраваную на захаванне культурнай спадчыны рэгіянальных моўных груп.

У той жа час у Брэтані распачынаецца рух, які патрабуе афіцыйнага статусу для брэтонскай мовы і пашырэння яе ў школах, сродках масавай інфармацыі і грамадскім жыцці.

Брэтонамоўная тэлевізійная станцыя, тэлеканал Breizh, у цяперашні час даступная ва ўсім рэгіёне.

Радыё Kerne, якое базуецца ў горадзе Фіністэр, надае выключна па-брэтонску.

Некаторыя фільмы і серыялы таксама транслююцца на брэтонскай. Значныя сродкі былі інвеставаны ў выкладанне мовы.

У 2009–2010 гадах € 2,5 млн было выдаткавана на навучанне брэтонскай мове. У 2007 годзе 2,8% дзяцей Брэтані былі залічаны ў 30 двухмоўных пачатковых школ, а колькасць дзяцей, якія наведваюць гэтыя школы, няўхільна расце.

Нават коміксы цяпер перакладаюцца на брэтонскую, і перш за ўсё серыі Астэрыкса, бо гальская вёска, дзе жыве Астэрыкс, знаходзіцца ў самой Брэтані.

Брэтонская мова займае 69-е месца як самая распаўсюджаная мова ў Вікіпедыі (больш чым 46 000 артыкулаў, напісаных 28 тысячамі карыстальнікаў). Было б захапляльна, каб адукаваныя беларусы гэтаксама дружна запаўнялі беларускую Вікіпедыю.

У чэрвені 2013 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гарвардскім і Рэнскім універсітэтамі, але карані праекта сыходзяць да 2010 года, калі Цэнтр брэтонскіх і кельцкіх даследаванняў (CRBC) пачаў арганізоўваць канферэнцыі на брэтонскай мове ў Гарвардзе. Гарвардскі ўніверсітэт з’яўляецца адной з нямногіх школ у ЗША, што могуць прапанаваць доктарскую праграму ў галіне кельцкіх даследаванняў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?