— А пайшлі катацца на крыгах!

— Пайшлі!

І мы з «унукам» Юрам бяжым на возера. «Унукі» — так называліся ўсе дзеці, якія не жылі ў вёсцы, а проста прыязджалі да бабуль з Мінска. А Юра быў з Салігорска.

Крыгі! Таўшчыні неверагоднай. Мы разглядаем усе (сантыметраў 10! Ух ты! Гэта ж трэба!), потым скачам кожны на «сваю» і катаемся па возеры, адпіхваючыся жэрдкамі, якія прыхапілі каля дзедавага хлява.

Потым мы намагаемся спіхнуць адно аднаго з крыгі жэрдкамі, скачам з крыгі на крыгу. Адна трашчыць, ломіцца — і мы ляцім у ваду ў зімовых куртках. Я не ведаю, як мы тады не патанулі. Можа, дзякуючы таму, што гэта адбылося недалёка ад берага.

Мы неяк выбраліся на бераг і пабеглі да мяне ў хату на печ — сушыцца і грэцца (таму што ў Юры дома была бабуля, а ў мяне нікога не было — усе на працы). Мы нават не думалі тады, што можам патануць, мы баяліся і калаціліся толькі за тое, што нас заб’юць бацькі і яго бабуля за тое, што намачылі вопратку. Мы сушылі яе на печы, потым прасам. Неяк абышлося. Не, канечне, вопратка не высахла, проста мы нешта набрахалі, кшталту «ідзем такія, нікога не чапаем і раптам паслізнуліся і ў лужыну зваліліся!»

Мы на тых крыгах, па розных азёрах і стаўках каталіся кожную вясну, гэта была любімая забава ў крыгаход. Нашыя бацькі-бабулі наўрад ці ведалі, як весела і «бяспечна» мы бавім час. Прычым сэнс гульні ў тым і быў, каб спіхнуць іншага ў ваду.

Гэта было на вясновых канікулах.

А тое, што я кінулася ва ўспаміны, сведчыць, што я ўжо за экватарам, і калі сама кажу ці чую «А вось мы, а вось у наш час…» — мне аж не па сабе. Але ўсё роўна гэты час мой, тут і цяпер, гештальт, асэнсаванасць, Ф. Перлз і так далей. Ружа, якая ёсць ружай. Усе агні — агонь. Кропля мора — таксама мора.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?