Судом Мінскага раёна да 4,5 года пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці прыгавораны былы генеральны дырэктар УП «Мінскі мясакамбінат», паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

Былы кіраўнік таксама пазбаўлены права на працягу пяці гадоў займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю.

Прысуд пакуль не набыў моц.

Крымінальная справа ў дачыненні да былога гендырэктара мясакамбіната расследавалася ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінскай вобласці. Ён абвінавачваўся ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў буйным памеры).

Устаноўлена, што кіраўнік, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, атрымаў хабар у 4.000 даляраў ЗША за даванне першачарговага права на атрыманне платы за выкананыя работы аднаму з будаўнічых прадпрыемстваў.

У якасці сведак па справе было дапытана больш за 30 чалавек. Накладзены арышт на маёмасць і грашовыя сродкі абвінавачанага на агульную суму звыш 5,7 мільярда рублёў.

Нагадаем, крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Лазоўскага была распачата ў канцы сакавіка гэтага года Кастрычніцкім РУУС Мінска. У сярэдзіне красавіка яму было выстаўлена абвінавачанне ў атрыманні хабару.

У канцы красавіка ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінску былі распачаты крымінальныя справы ў дачыненні да яшчэ дзвюх службовых асоб УП «Мінскі мясакамбінат» 1985 і 1990 гадоў нараджэння.

Было аб’яўлена, што яны падазраюцца ў падбухторванні да давання хабару, атрымання хабару і давання хабару ў буйным памеры. Крымінальныя справы распачаты паводле матэрыялаў упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама.

Устаноўлена, што падазраваныя, з’яўляючыся службовымі асобамі, у кампетэнцыю якіх уваходзіла вырашэнне пытанняў, звязаных з тэхнічным забеспячэннем вытворчай дзейнасці камбіната, доўгі час падбухторвалі прадстаўнікоў шэрагу камерцыйных структур да перадачы ім незаконнага ўзнагароджання за спрыяльнае вырашэнне пытанняў аб заключэнні дагавораў на пастаўкі рознай прадукцыі і рэгулярна атрымлівалі гэтыя фінансавыя сродкі.

Абодва падазраваныя былі затрыманы 23 красавіка ў момант перадачы хабару ў 2.900 даляраў ЗША. Паводле папярэдніх падлікаў, сума атрыманага падазраванымі незаконнага ўзнагароджання складае прыкладна 60 млн. рублёў. 26 красавіка ў дачыненні да падазраваных была абрана мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?