На гэтым тыдні Ігар трапіў у шпіталь, пагоршыліся аналізы.

Размова з Ігарам Крэбсам пачалася па тэлефоне, калі яшчэ ён быў, як сам кажа, у часовай медыцынскай эміграцыі ў Ізраілі. І найперш я пытаюся, як ён даведаўся пра хваробу, пра першую рэакцыю — яго, сям’і.

Ігар Крэбс: Прыкладна два з паловай гады таму мне трэба было зрабіць невялічкую аперацыю, я здаў аналіз крыві, пасля чаго доктарка з паліклінікі патэлефанавала і неяк істэрычна спыталася, ці магу я сам дайсці да яе. Я здзівіўся, прыйшоў. Яна мяне за ручку павадзіла па кабінетах, нічога не кажучы, і потым мне расказала, што ў мяне вельмі дрэнныя паказчыкі крыві і мне трэба да анкагематолагаў. Так я даведаўся, што ў мяне першасны міелафіброз, гэта генетычная мутацыя клетак касцявога мозгу, што і ёсць ракам. Першая мая рэакцыя, яна і цяпер засталася такой — я не спужаўся, я даволі спакойна паставіўся да гэтага. На той момант я быў зусім шчаслівым чалавекам. Шмат гадоў у сваёй сям’і, з добрай цікавай працай, я нават не верыў, што са мной здарыцца нешта не тое, што гэта ўвесь мой свет можа парушыць. Сваёй абыякавасцю я нават нерваваў сваіх блізкіх, таму што не так даўно пайшоў з жыцця адзін са сваякоў, якога мы ўсе любілі, супрацоўнік Радыё Свабода Уладзя Каткоўскі, якраз у той час хварэў наш сябар Віталь Сіліцкі… Мае блізкія ўспрынялі вельмі цяжка сітуацыю са мной, у адрозненне ад мяне. Я не ўспрыняў сваю хваробу як прысуд, я вырашыў: што будзе, тое і будзе, і неяк мы гэта пройдзем, і ўсё будзе ў парадку.

Асноўную інфармацыю пра хваробу і лячэнне Ігар атрымоўваў ад лекараў.

Бо тыя артыкулы, што знаходзілі ў інтэрнэце, былі, на яго думку, ці занадта навуковыя і незразумелыя, ці занадта павярхоўныя. На пытанне, як анкалогія змяніла жыццё і што было самым цяжкім, Ігар адказвае, не раздумваючы.

Крэбс: Самым цяжкім для мяне было пакінуць краіну, тое, да чаго прызвычаіўся, з чым жыў, што мне прыносіла радасць. Я доўга супраціўляўся, але мае сябры і мая сям’я дамагліся таго, каб я лячыўся не ў Беларусі, а ў Ізраілі. Кардынальным чынам паўплывала на рашэнне аб ад'ездзе з Беларусі тое, што ў прыватнай размове адзін з галоўных спецыялістаў па трансплантацыях сказаў мне, што яны не гарантуюць добрых вынікаў, бо ў Беларусі на той час не было адпаведных лекаў і карысталіся пераважна джынэрыкамі. Для мяне гэта была не сапраўдная эміграцыя, гэта медыцынская эміграцыя. Калі я з'язджаў, я вырашыў для сябе, што адразу, як толькі змагу, вярнуся ў Беларусь. Так і адбылося. Я разлічваў на паўгода, месяцаў на восем. На жаль, гэта зацягнулася. Я ў Ізраілі пражыў больш за паўтара года, нядаўна роўна год прайшоў з таго часу, як мне зрабілі трансплантацыю касцявога мозгу.

Вось што Ігар Крэбс напісаў у фэйсбуку ў гэты дзень:

«Учора споўніўся роўна год з моманту перасадкі касцявога мозгу. Адзначыў чарговым пераліваннем крыві… Аперацыя — гэта проста кропельніца з чырвоным пакецікам. Атрымаў кавалак іншага чалавека — ягоныя ствалавыя клеткі, якія ператварыліся ў мой здаровы, без раку, касцявы мозг. Моцна адчуваю ва ў сябе іншага чалавека. Фізіялагічна — таму што новы мозг працуе вельмі добра, але й варагуе дагэтуль з арганізмам. Ментальна таксама. Галоўны вынік вынік года — Свабода. Не кожнаму пашчасціць займець яе ў мае гады ды маючы дзяцей. Галоўная выснова года: свабода не значыць шчасце. А ўвогуле ўсё гэта лухта. Не хварэйце».

Крэбс: На той момант, як я быў у Беларусі, я фактычна страціў сваю працу. Я працаваў у дрэваапрацоўцы, яе стала вельмі мала, быў крызіс. Хаця мае працадаўцы мне моцна дапамаглі, і фінансава ў тым ліку. Мне пашчасціла, і я не меў вялікіх фінансавых праблемаў у Ізраілі. Мяне падтрымалі сябры. І калі я думаю пра хворых, інвалідаў у Беларусі, у мяне канечне нашмат больш выгаднае становішча.

Як змяніўся лад жыцця, погляд на свет, на ўзаемаадносіны паміж людзьмі пасля анкалагічнага дыягназу?

Крэбс: Мне падаецца, што я практычна ніяк не змяніўся. Я застаўся тым жа чалавекам і я гэтак жа кантактую з людзьмі, і яны са мной. Рознае стаўленне з боку сяброў і блізкіх ёсць. Ёсць такое стаўленне, нібыта гэта чума і трэба трымацца ад гэтага далей, але такога вельмі мала. Ёсць блізкія, якія пашкадавалі больш сябе, чым мяне. Але мне вельмі пашчасціла з сябрамі. Як спяваюць у нямецкай песеньцы, якую я цяпер пераклаў, сябры — заўжды сябры, найдаражэйшае што ёсць. Што дапамагала змагацца? Я думаю, што гэта памылковае слова. Хворыя на рак — яны не змагары. Яны, калі вырашаюць, што трэба лячыцца, што трэба жыць, то проста выконваюць усё, што раяць дактары, і проста жывуць. Гэта часам цяжкае жыццё атрымліваецца, але яны жывуць. Гэта не змаганне і не геройства, якія вымагаюць нейкага валявога рашэння. Хіміятэрапія і лекі, што прымаюцца пасля яе, выклікаюць моцную дэпрэсію, у выніку страчваецца сэнс існавання. Пераадолець гэта могуць дапамагчы толькі блізкія людзі сваёй цярплівасцю, разуменнем. Часам я думаю, што гэта важнейшае за якасць лекаў.

Што параілі бы тым, каму толькі паставілі анкалагічны дыягназ? Як захаваць пазітыўны настрой?

Крэбс: Не трэба занадта шмат думаць аб мінулым і шкадаваць аб тым, што страчваеш. Не трэба думаць пра «змрочную» будучыню. Лепш жыць сённяшнім днём, дапамагаць дактарам, дапамагаць блізкім людзям, таму што для іх вашая хвароба — большы шок, чым для вас саміх. Трэба знаходзіць для сябе прыемнае нават у цяжкія дні і рыхтаваць сябе да будучыні. Нават калі прагнозы не вельмі аптымістычныя, гэта не нагода ператвараць рэшту свайго жыцця і жыццё блізкіх людзей ў пекла. Я, напрыклад, не вылазіў з рыбалкі і грыбоў перад «эміграцыяй». Нельга быць іпахондрыкам. Я наогул іпахондрыю далучыў бы да спісу смяротных грахоў. Трэба проста працягваць жыць. Жыццё працягваецца і яно будзе трошкі іншым, але і ў ім можна знайсці свае плюсы.

І якія плюсы?

Крэбс: Яны побытавыя больш. Я даўно забыўся, што значыць жыць для сябе. У мяне ніколі не было за апошнія дзесяцігоддзі і ніколі не будзе напэўна ўжо, калі я вылечуся, столькі вольнага часу. Я даўно ўжо столькі не чытаў кніжак, я ізноў пачаў займацца спортам, таму што лекі ўздзейнічаюць такім чынам, што калі ты не будзеш спортам займацца, то будзеш адчуваць сябе і выглядаць вельмі дрэнна. Я пачаў вывучаць ангельскую мову, тое, што я гадоў 20 ўжо хацеў зрабіць, але не меў часу. Я ніколі не глядзеў столькі фільмаў, заняўся перакладамі. І гэта не толькі дзеля задавальнення, гэта спосаб выжывання, каб не сядзець у адзіноце днямі ды начамі дома, і думаць толькі пра сабе, пра свой стан, пра свой шлях у нікуды.

Пасля лячэння ў Ізраілі Ігар Крэбс можа параўнаць ізраільскую і беларускую сістэму аховы здароўя, метады лячэння анкалагічных хваробаў, і асноўнае, на яго думку, палягае, не ў леках і лекарах?

Крэбс: Ізраільская сістэма аховы здароўя вельмі адкрытая. Менавіта гэта трэба ўводзіць ў беларускую медыцыну. У мяне ёсць знаёмы (на жаль, ён ужо памёр ад раку), які чатыры месяцы правёў у мінскай лякарні, яму рабілі некалькі хіміятэрапіяў, рабілі трансплантацыю, і чатыры месяцы ён не бачыў сваіх родных. Тлумачылася гэта тым, што ў такіх хворых вельмі нізкі імунітэт, які спецыяльна падаўляецца, каб трансплантант не варагаваў з арганізмам. І кожная інфекцыя можа проста забіць хворага. Але гэтая небяспека моцна перабольшаная. У Ізраілі, у палаце, дзе мне каля месяца рабілі хіміятэрапію, нават стаіць асобны ложак у палаце для тых, хто захоча застацца з табой на ноч. Да мяне маглі прыходзіць сябры ці сваякі ў любы час, іх нават кармілі, гэтак жа як, мяне. Медыцына, лекі, кваліфікацыя — гэта вельмі важна, але гэта не вырашальнае. Вырашальнае, каб побач былі блізкія людзі. І гэтага якраз няма ў беларускай медыцыне. Беларускія лекары нічым не горшыя за ізраільскіх, такія ж разумныя і кваліфікаваныя, яны цудоўна ведаюць пра тое, што адбываецца ў медыцыне ва ўсім свеце. Проста медыцынская сістэма ў Беларусі закрытая сама па сабе, і ёй, магчыма, ёсць што хаваць. Дактары вымушаныя думаць не пра тое, як зрабіць лепш пацыенту, а пра тое, каб у іх не было непрыемнасцяў, што яны выдадуць дзяржаўную таямніцу, што не ўсё так добра ў нашай медыцыне.

Нашая гутарка працягваецца ўжо ў Мінску. Ігар Крэбс вярнуўся з часовай медыцынскай эміграцыі.

І на завяршэнне я прашу яго даць парады тым, хто мае анкалагічную хваробу.

Крэбс: Не забывайма, што здараюцца цуды. Нездарма мае дактары часта кажуць, што шмат чаго залежыць ад Бога. Нельга таксама культываваць у сабе комплекс ахвяры ці інваліда, якому ўсе абавязаныя і якія заўсёды робяць усё не так і не цэняць «геройства» заўчасна асуджанага. Трэба разумець, што іншы чалавек ёсць асобная персона, якая зусім не павінна класці сваё жыццё на алтар «героя». Твая хвароба — гэта перадусім твая асабістая праблема. Рак не ёсць чымсьці звышвыбітным. Ёсць шмат іншых хваробаў і жыццёвых сітуацыяў, якія не менш цяжкія. І пра геройства яшчэ. Вось Юрася Бушлякова я якраз лічу героем, таму што ён сапраўды заставаўся чалавекам і працаваў, нават калі ўсё ўжо было зразумела.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?