Андрус Ансып: эстонскія ўлады адмовяць у пракладцы Паўночнаэўрапейскага газаправоду.

Урад Эстоніі ў чацьвер мае адмовіць расейска-нямецкай кампаніі Nord Stream AG у правядзеньні дасьледаваньняў, зьвязаных з пабудовай Паўночнаэўрапейскага газаправоду, у эстонскай марской эканамічнай зоне. Эстонскі канал ТВ-2 з спасылкай на прэм’ер-міністра Андруса Ансыпа паведаміў, што ўрад у гэтым пытаньні аднадушны.

Без дасьледаваньняў няможна падрыхтаваць даклад аб уплыве праекту на прыроду. А без такога дакладу, згодна з эстонскім заканадаўствам, няможна будаваць.

Nord Stream AG прасіла Эстонію дазволіць дасьледаваньні ў эстонскай зоне Балтыйскага мора, а пасьля пракладку там трубы, бо дно ў фінскай зоне аказалася няроўным і непрыдатным. Фінскі ўрад разглядае Расею сваім стратэгічным партнэрам і быў за раэлізацыю праекту, але фінскім эколягам удалося давесьці, што пракладка газавай трубы па няроўным дне можа спрычыніцца да гіганцкай катастрофы.

Рашэньне Таліна мусіла быць прынятае яшчэ на мінулым тыдні, але спачатку кааліцыйны ўрад Эстоніі ў гэтым пытаньні падзяліўся.

Кансэрватыўныя партыі „Дзеля Айчыны” i „Рэспубліка” супраць, тады як Рэфармісцкая партыя прэм’ера Андруса Ансыпа — за. „Эстонія ня можа проста так сказаць не газаправоду”, — далікатна тлумачыць міністра замежных спрваў Эстоніі Урмас Паэт. Прэм’ер Ансып недвухсэнсоўна намякнуў, што сытуацыю ўскладнілі леташнія санкцыі Масквы, уведзеныя пасьля пераносу помніка чырвонаармейцам з цэнтру Таліна на вайсковыя могілкі.

Тады Расея разгарнула шумную кампанію, а Ансыпа абвінавачвалі ў нэафашызьме.

«Расея сама настроіла грамадзкую думку супраць газаправоду, акрэсьлваючы Эстонію як краіну паразытарную, якая жыве з транзыту тавараў між Расеяй і Захадам, — заявіў Ансып, які тады заняў цьвёрдую пазыцыю, не саступіўшы націску Расеі і выслаўшы з краіны грамадзянаў Расеі, якія падбухторвалі маніфэстантаў. — Наша грамадзкасьць стваіцца да праекту газаправоду па дне мора вельмі адмоўна, але мы ня можам прымаць рашэньняў, кіруючыся толькі эмоцыямі. Мусім узважыць усе аспэкты справы, у тым ліку замежную палітыку і ахову навакольканага асяродзьдзя».

Польшча, Латвія, Літва, а ўскосна таксама Беларусь і Ўкраіна выступаюць у падтрымку адмоўнага рашэньня Эстоніі. Балтыйскія краіны і Польшча прапануюць, каб газаправод пайшоў па сушы. Гэта пазбавіла б Расею і яе нямецкіх лабістаў інструмэнтаў энэргетычнага шантажу Цэнтральнай Эўропы. Калі «Газпром» спрабаваў адключыць газ Беларусі ці Ўкраіне, тыя ў адказ папросту перакрывалі транзытны паток, змушаючы расейскіх манапалістаў даваць задні ход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?