Віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы сёння азнаёміўся са стылізаванымі падвор’ямі раёнаў Гомельскай вобласці, якія размясціліся на бульвары Металургаў ў Жлобіне — сталіцы «Дажынак-2013».
У час знаёмства з падворкамі віцэ-прэм’ер атрымаў прапанову ад русалкі загадаць сваё самае запаветнае жаданне. Пасля правядзення чароўных абрадаў вадзяная госця свята паабяцала, што гэта жаданне абавязкова спраўдзіцца.
Карэспандэнт пацікавіўся ў Міхаіла Русага, якім жа было гэта патаемнае жаданне. «Каб Бог стала жыў у Беларусі», — адказаў ён.
«Ёсць павер’е, што Кірыла Тураўскі, паміраючы, сказаў: „Прыйдзе час, і я дам знаць пра надыход дабратворнага часу на гэтай зямлі“. Пачаў расці крыж у Тураве, магчыма, гэта і ёсць знак ад нашага вялікага земляка. Таму няхай гэтая благадаць заўсёды будзе над Беларуссю», — сказаў Міхаіл Русы.





