Дэманы, выйшаўшы з чалавека,
увайшлі ў свіней,
і кінуўся гуртз урвішча ў возера
і патануў.
Лукі 8:33

У Евангеллі паводле Лукі ёсць такая гісторыя. У нейкай краіне Гадарынскай сустрэўся Ісусу апанаваны бесамі. Даведаўшыся, што дэманаў шмат і імя ім легіён, Госпад выгнаў іх з чалавека. На просьбу бесаў не пасылаць іх у бездань, ён дазволіў ім увайсці ў статак свіней, што пасвіліся непадалёк. Больш за дзве тысячы свіней кінуліся з урвішча ў возера і патанулі. Чалавек ацаліўся.

Што характэрна, жыхары той краіны выйшлі насустрач Ісусу і… пераканаўча папрасілі вызваліць іх, так бы мовіць, ад Ягонай прысутнасці.

Гісторыя, вядома, не пра свіней — пра людзей. Свінячы віск, што закладае вушы беларусам апошнія месяцы, усё пра тое ж.

Яны прыходзяць, як сталінская «тройка», імем закона і без аніякага закону — упаўнаважаны сельсавета, ветэрынар і ўчастковы. Калі свіней багата — з машынай або пагрузчыкам.

Недзе ўколы не ўсыпляюць з першага разу, тады дабіваюць кавадлам. Калі вяскоўцы адмаўляюцца адчыняць хлеў, прыязджае АМАП. Пяцікіламетровая зона вакол свінакомплекса (а іх у Беларусі больш за сотню) — без размоў. Усіх астатніх бяруць пострахам: «Рэжце да пятага ці то пятнаццатага, бо пасля аніякай кампенсацыі не будзе».

«Ты колеш свінню — я калю цябе!» — ашалелы беларус стаіць па калена ў гноі ў дзвярах хлява, у адной руцэ вілы, у другой — сякера. Амап раіцца з сельсаветам, той адстрэльваецца пагрозамі ды трубіць адступленне.

У грамадскім штабе, сабраным хрысціянскімі дэмакратамі, наперабой наракаюць то на зверствы мясцовага чынавенства, то на глухую адзінаасобную замкнёнасць людзей. Але справа ідзе.

Ветэрынар Аляксей на «гарачай лініі», некалькі фермераў, сярод якіх ружанец Міхась Новік, аб’язджаюць суседзяў; рыхтуюцца позвы ў мясцовыя суды, афармляюцца заявы гаспадароў — і вось ужо Дэпартамент ветэрынарнага кантролю «абвяргае» перамоўшчыка са штабу, а былы дырэктар саўгаса мусіць прылюдна тлумачыцца і асаджваць падначаленых праз тэлевізію.

Людзі дзякуюць: свінства прыціхла. Цяпер сельсавецкія тактоўна стукаюцца ў калітку і цікавяцца, ці ёсць ахвотныя здаць.

Што, праўда, усім ясна: часова.

З ветэрынарам Аляксеем Цюльковым мы пазнаёміліся на мінскай пілігрымцы ў Будслаў, куды ён ішоў з дачушкай. Невысокі, у акулярах, у свой час падлеткам прачытаў класіку Джэймса Хэрыёта, і прысвяціў жыццё лекаванню жывёлаў.

Памятаю, агітаваць за яго на мясцовай кампаніі было адно задавальненне: лічы, у кожнай кватэры ў шматпавярхоўках ягонай акругі ў Асіповічах нас яшчэ ў дзвярох сустракала: «А­а, за Лёшу?

Канечне, ён жа нашага сабачку (коціка, хамячка, канарэйку) вылечыў!..» На доўгатэрміновым «галасаванні» ў скрыню ўбухалі колькісот бюлетэняў за доктарку тутэйшай паліклінікі ды інжынера камбіната бытавога абслугоўвання, але ў дзень «выбараў» хадэк Аляксей набраў столькі, што стаў дэпутатам райсавета ўжо ў першым туры.

Як толькі пачалося павальнае знішчэнне свіней пад Баранавічамі, Аляксей даў інтэрв'ю «Хартыі», дзе папярэдзіў: свіная чума — гэта катастрофа. Назаўтра звольнілі з працы (новую знайшоў праз дзень — адмыслоўцаў ягонага ўзроўню адрываюць з рукамі).

Аляксей лічыць, што з чумой можна справіцца толькі абсалютнай празрыстасцю, адкрытасцю і супольнымі намаганнямі — з добраахвотным удзелам жыхароў і краінамі­суседзямі. На працу бярэ «гарачы тэлефон», раіць, што рабіць сялянам ды фермерам, рыхтуе памяткі для прэсы; запрошаны ва ўкраінскую амбасаду, спрабуе патлумачыць, чаму ў нас няма афіцыйнай інфармацыі…

Пераконвае, рубіць маленькай, але крэпкай далонню па стале, толькі акуляры пабліскваюць, — так зацята, быццам гаворка ідзе не пра свіную хваробу, а як найменш пра жыццё і смерць ягонай сям’і.

Міхась Новік пад’язджае на разбітай машыне, што грукоча, нібы танк: рассадзіў па грунтоўках Пружаншчыны, ад адной вёскі да іншай. Міхась ратуе людзей ад свінства  — ездзіць і пераконвае не аддаваць здаровую жывёлу на ўбой, змагацца, судзіцца…

«Адзін дык гатовы з віламі за свінаматку жыццё пакласці — а разам сабрацца… Э­эх…Такі боль, такі боль», — Міхась сутаргава ламае пальцы, у пакутліва зморшчаных вачох адчай.

Журналістка Тамара Шчапёткіна з Бярозы выступае на мітынгу, што стыхійна сабраўся ў Сяльцы. Раз’юшаныя вяскоўцы прыехалі машынаю шукаць апазіцыю ажно ў Белаазёрск — і цяпер засвістваюць чыноўнікаў ды пляскаюць «незалежным». Назаўтра ў Тамары паломніцтва з навакольных вёсках.

Глыбокая, глыбокая беларуская душа — бы тое Тыверыядскае мора, дзе патанулі свінні. Лядоўні раскупленыя, мяса вывальваецца, але запаснога парсючка да сватоў у суседнім раёне, дзе пакуль, цьху­цьху, яшчэ не хадзілі, везлі, быццам дзіцятка, захутанага ў покрыва, у абыход посту ДАІ…

Цяпер — чуткі, што пераб’юць усіх дзікоў. А потым возьмуцца за кароў.

І, што характэрна, стаяць у весніцах, хадэкам дзякуюць, але рабіць штосьці разам наадрэз адмаўляюцца. Аво­ой. Малайцы вы, канечне, за народ, за праўду, але давайце хутчэй адсюль, ды лепей лесам, каб сельсавецкія не агледзелі, што размаўляем.

Іхні выдых палёгкі адчуваеш ужо спінай. І быццам мурашкі па скуры прабіраюць высновы з евангельскае гісторыі.

Адзін чалавек важнейшы за свінняў, нават цэлы статак. Людзям гэта зразумець цяжка. Часам, каб дапяць, даводзіцца ахвяраваць собскім быдлам.

Зло ў людзях — страшная сіла, у адной душы і цэлае войска нечысці змесціцца. Але, як ні круці, канец яму — бездань.

Мы так баімся застацца без свайго роднага зла, што пяшчотна гніе ў душах… Мы енчым да Бога: не трэба, не муч нас… не цяпер… Я сам!..

Але выгнаць з нашага сэрца цэлы свінакомплекс бесаў — страх, зайздрасць, сквапнасць, прагавітасць, блуд, ляноту, п’янства, пыху, імя ім легіён, з усёй іхняй чумой, усім іхнім гноем — можа толькі з нашае згоды і адно толькі Ягня Божае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?