Карэспандэнту раённай газеты «Працоўны шлях» Івану Гаўрыльчыку падавалася, што ў гэтую камандзіроўку ён едзе ўжо вельмі даўно: як дванаццаць год таму сеў у аўтобус Панкратавічы — Слабодка, так з яго і не выходзіў. Настолькі аднастайным быў навакольны краявід, жыццё і праца.

У аўтобусе смярдзела саляркаю, пад сядзеннем дрынчэла скрыня з нейкім жалеззем. За вакном плылі ўчарнелыя ад восеньскіх дажджоў слівы, напаўпустыя вёскі; гарбузы на ганку хат, крытых шыферам ці чырвоным руберойдам, быльнёг у рост чалавека пад праваленымі стрэхамі з гонты.

Сёння па заданні рэдактара Іван мусіў браць інтэрв’ю ў перадавікоў колішняга філіяла завода гароднінных кансерваў, а цяпер ААТ «Добры гаспадар» — стратнай вытворчасці, што больш як чвэрць стагоддзя вырабляе закуску «Бурачковая» і кабачковую ікру ў паўлітровых слоіках.

Прадукцыя тая была добра вядомая айчынным і замежным спажыўцам, але попыту ў іх не знаходзіла. У выніку, гады тры таму завод абвясцілі банкрутам, што, аднак, не перашкодзіла яго кіраўніцтву будаваць сабе катэджы, набываць аўтамабілі і, рэарганізаваўшы прадпрыемства ў акцыянернае таварыства, працягваць выпуск экалагічна чыстай закускі.

Заўчора ў ААТ «Добры гаспадар» адбылося традыцыйнае ўшанаванне ўдарнікаў працы, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчага комплексу, а тут якраз у газеце на другую паласу не было чаго ставіць — вось і давялося Гаўрыльчыку перціся ў Слабодку.

Божухна! Колькі ж інтэрв’ю даярак, механізатараў, замалёвак, прысвечаных работнікам гандлю і лясніцтва, рэпартажаў са святаў ураджаю напісаў ён за пятнаццаць гадоў працы!

Спачатку, як прыйшоў пасля інстытута ў рэдакцыю раёнкі, спрабаваў нават рабіць такія матэрыялы цікавымі. Тады былі іншыя часы, нават не верыцца ўжо.

На старонках «Працоўнага шляху» знаходзілася месца і праблемным артыкулам, нарысам краязнаўцаў аб гісторыі вёсак, аб трагічных лёсах рэпрэсаваных землякоў, вершам беларускамоўных паэтаў з тутэйшага літаб’яднання.

Але хутка змяніліся і часы, і галоўны рэдактар. Са ўсяго шматаблічча і шматгалосся засталіся толькі звесткі з палёў, спісаныя з райвыканкамаўскага інфармацыйнага стэнда, дур­навата­-бадзёрыя рэпартажы з паседжанняў, абавязковыя віншаванні-­памінанні з нагоды юбілеяў або ўзнагароджанняў якою граматай мясцовых кіраўнікоў.

Фота з пратакольным выразам твару, нуднае апісанне жыццёвага і працоўнага шляху, якое наўрад ці хто чытаў, апроч самога юбіляра.

Паміналаўка — так найчасцей клікалі газету яе прымусовыя падпісчыкі. Афіцыйная ж назва дашчэнту сцерлася з народнай памяці, і толькі прынцыповая пазіцыя выканкаму не давала органу друку канчаткова спыніць існаванне. «У раёне далжна быць свая пячаць!

А каму не наравіцца — няхай у другі раён едзець!» — гучала нязменнае на ўсіх сходах, днях інфармавання з кіраўнічае трыбуны.

«Дык мы не супраць, каб жа нармальная газета была», — бурчалі бюджэтнікі, супрацоўніцы калгасных кантор, паштаркі, падпісваючыся на «Працоўны шлях» узамен на прэмію ці адгул.

«Шчырыя» споведзі «простых» людзей засталіся таксама. Асабліва яны множыліся напярэдадні прафесійных святаў. Пісаў іх звычайна Іван Гаўрыльчык. Цяперака ўжо сталы журналіст, ён проста мяняў месцамі сказы, падстаўляў патрэбныя імёны .

Ды і самі простыя людзі імкнуліся выглядаць як мага прасцейшымі — баяліся ляпнуць языком лішняе. У выніку, артыкулы, пакліканыя ўславіць чалавека працы, выходзілі падобнымі адзін да аднаго, бы меладрамы на тэлеканале «Расія», і пачыналіся прыкладна так.

«Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы (варыянты: службы ў войску, вучобы ў сельгастэхнікуме) застаўся працаваць у роднай гаспадарцы». Калі ж герой інтэрв’ю ці нарыса быў з наезджых, што апошнім часам здаралася ўсё часцей, дык з яго вуснаў чулася наступнае: «Родам я с Рязаншчіны, (Казахстана, Малдавіі, мать із Волагды, атца не помню).

Вербавался на целіну, служіл на Дальнем Вастоке, с первой сем’ёй на Сахаліне жілі, в Манголію по кантракту езділ, в восьмідесятых снова на родімой Рязаншчіне очутілся, потом судьба сюда закінула. Да, побросала меня жізнь…».

Падрабязней, хаваючы татуіроўку — крыжык на руцэ, — знаёміць з акалічнасцямі свайго лёсу грамадзянін свету не спяшаўся.

І Івану заўжды карцела запытацца: «Чаго цябе, чалавеча, жыццё кідала, бы футбольны мячык па полі? Адусюль праганялі ці сам уцякаў, ажно пяты блішчэлі — так ад адыходнай кіем па спіне ратаваўся? Чаму ж толькі тут такія, як ты, знаходзяць прытулак?».

Працяг размовы быў аднолькавы, без варыянтаў. Усе перадавікі выказвалі шалёнае захапленне сваёй працай на родным прадпрыемстве ці ў калгасе, некаторыя нават спрабавалі акрэсліць перспектывы развіцця, праўда не заўжды ўдала, дзякавалі кіраўніцтву, чуламу да патрэб простага чалавека.

Часам імкнуліся паведаміць цікавыя факты сваёй біяграфіі, кшталту: «Маці мая, Лаўрынько Ганна Паўлаўна, двойчы абіралася дэпутатам сельскага савета. У 1988 годзе мяне за ўдарную працу ўзнагародзілі пуцёўкаю ў саніторыю, але ж я нікуды не паехала, бо не было каму хазяйства глядзець».

Вольнага часу ў гэтых людзей амаль не было, таму ўзгадкі пра адпачынак разнастайнасцю не вылучаліся: «Люблю кветкі, у маім гародчыку іх багата. Па святах альбо як кабана заб’ём, уся сям’я збіраецца за сталом…»

Цікавосткі іншага кшталту з недалёкае пары лічыліся шкоднымі для друку. Ды і самі затурканыя «простыя людзі» лічылі за лепшае не распавядаць карэспандэнту ані пра даўнія крыўды, ані пра несправядлівасць, ані пра бацькоў і сваякоў з сумнеўным мінулым.

«Пасля васьмігодкі засталася ў вёсцы. І вось ужо дваццаць чатыры гады працую на ферме. Аб сваёй долі не шкадую», — з падробленым аптымізмам прамаўляе жанчына, што ў свае няпоўныя сорак глядзіцца на пенсіянерку. А ў вачах такі сум — хоць задавіся, пэўна ад шчаснага жыцця.

Нічога іншага, мусіць, не выпадала чакаць і ад сённяшняй сустрэчы. Дабраўшыся да Слабодкі, Гаўрыльчык патэпаў па гразкай, разбітай трактарамі дарозе да знаёмай жалезнай брамы пафарбаванай сёлета ў блакітны колер.

Ля вакенца цаглянай прахадной вартаўніца — мажная жанчына, абвязаная пуховай хусткай, — расклала на стале вырабы замежнай вытворчасці: стракатыя кітайскія шкарпэткі, скрыначкі смаленскіх селядцоў, украінскія цукеркі.

Мусіць, гандаль на працоўным месцы існаваў амаль легальна, з нечага негалоснага дазволу, бо, пабачыўшы карэспандэнта, прадпрымальная цётка ні на грам не збянтэжылася, пачала нахвальваць свой тавар:

— Во, бярыце, усё свежанькае, сястра толькі ўчора з Хмяльніцкага прыехала!

Але Гаўрыльчык купляць нічога не збіраўся. А пачуўшы пра нейкіх там перадавікоў, вартаўніца наогул страціла да яго прыхільнасць і ўвагу:

— Няма ў нас перадавікоў, усе адзінакава робяць. Была Алка, п’яніца, дык выгналі яе. Ідзіце во па сцежцы ў жоўтыя дзверы, я зараз Генадзеўне, нашаму начальніку цэха, пазваню.

Кабінет уладнай дамы ў атачэнні іржавай абдрыпанасці наваколля ўражваў пластыкавай бялюткасцю. А сама Вікторыя Генадзеўна глядзелася местачковаю зоркай ва ўсім сваім бляску: на вушах, шыі, на пальцах і ў роце пераможна ззяла золата. Жыццё ўдалося!

— Пра перадавікоў, значыт, пісаць будзеце. Очэнь рады, очэнь рады. Адной нашай работніцы тожа грамату ўручылі. Эта гордасць нашага праізвоцтва, душа калектыву, брыгадзір аператараў. Січас пазаву. (Ляпанне дзвярэй у калідоры).

Ленку Багуненку прыгласіце! (Яшчэ хвілін пяць. Шорханне, тупат. Ліслівы шэпт за дзвярыма): «Генадзеўна, мы тут кабанчыка ўчора калолі, дык я вам гасцінчыку прынесла. Самі ў гардэробе забярэце ці мне вечарам падысці?». Паблажлівае: «Патом, Лена, патом, ідзі з карэспандэнтам пагавары, толька, сматры, не забудзь нічога».

І ў кабінет увалілася, цягнучы за сабою нагу, гордасць вытворчасці — ускудлачаная кабета перадпенсійнага веку. Лена была старэйшая за Генадзеўну гадоў на дзесяць-­дванаццаць, ранейшым часам у вёсцы яе б клікалі ўжо цёткай Аленай ці Багуненчыхай.

— Добры дзень, давайце знаёміцца. Я — Іван Гаўрыльчык, карэспандэнт раённай газеты, вырашыў напісаць пра вас артыкул. Дарэчы, Алена, як ваша імя па бацьку? А то кіраўніцтва нешта забылася паведаміць.

— Я Багуненка Алена Мікалаеўна, ветэран працы. Гэта Генадзеўна маладой мяне лічыць, дык Ленкай заве. Ды і няёмка ёй мяне па бацьку клікаць, усё ж начальства. Хаця ставіцца яна да мяне па­добраму, і я яе вельмі паважаю як спецыяліста і чулага кіраўніка, — ззяла, што новая капеечка, Ленка Багуненка, нібыта кіраўнічая прыхільнасць была найвялікшым шчасцем у яе жыцці.

«Ага, толькі чуласць у вас нейкая узаемавыгадная, — зазначыў у думках Гаўрыльчык. — Ты ёй паляндвічкі носіш, а яна цябе ў перадавікі піша і, мусіць, не пасылае перабіраць гнілую моркву, як іншых. А што дасюль Ленкаю кліча, бы смаркачку якую, то бяда невялікая».

Гутарка ж ішла паводле плана.

— У нас на ўчастку плануюць запускаць новую лінію па перапрацоўцы ягад. Заработную плату выплачваюць воўрэмя, — тарабаніла душа калектыву, камечачы ў руках нейкую паперчыну.

І раптам захвалявалася, змоўкла на хвілінку, пасля зірнула ў цыдулку і зноў пачала шпарыць па­ пісанаму, як выдатніца на ўроку: — У нас на прадпрыемстве праводзяцца святы: «Провады зімы»…

З аптымістычнага маналога вынікала: ААТ «Добры гаспадар» — рай на зямлі, ягонае кіраўніцтва — анёлы божыя, і ў цэлым свеце няма нічога смачнейшага і якаснейшага за кабачковую ікру з закускай «Бурачковая». А раскладанне па слоіках падгулялай гародніны — самы захапляльны і прыбытковы ў свеце занятак.

— А кім вы марылі стаць у школьныя гады? — перапыніў яе Гаўрыльчык у пошуках дазволеных цікавостак. Алена Мікалаеўна памаўчала хвілінку, глыбока ўздыхнула:

— Заўмагам марыла стаць. Пасля школы паступала ў гандлёвы тэхнікум. На сумоўі зрэзалася. Папыталі мяне: як прозвішча міністра гандлю? А я ці знаю? Хіба сваяк ён мне? — праз маску штучнай самазадаволенасці пакрысе праступаў чалавечы твар. — Вярнулася, уладкавалася сюды, спачатку на сарціроўку.

Налета ў кулінарны паступаць мелася. А тут Грышка з войска вярнуўся — якая ўжо вучоба! Пасля вяселля, думала, у горад з’едзем, мужу інтэрнат абяцалі, але мяне аператарам паставілі, ды і ў дэкрэтны ўжо збіралася. Як нарадзіўся сын — свякруха нам паўдома адпісала. Вось ужо трыццаць чацвёрты год я тут працую.

— Раскажыце пра бацькоў, мясцінку, дзе нарадзіліся? — карэспандэнт сыпаў пытаннямі, якія яму за пятнаццаць гадоў аскоміну набілі. Для Алены ж гэта была хвіліна славы, магчыма, адзіная ў жыцці, таму яна асцярожнічала як магла, асабліва цяпер, калі «хатнія нарыхтоўкі» былі вычарпаныя.

«Так, — разважала ў думках душа калектыву, — мацерай пахвалюся, пра бацьку толькі згадаю. Хопіць таго, што ў школе паліцайкай дражнілі: кожнаму ж не давядзеш, чаму ён, вучаны чалавек, рабіў даглядчыкам і нідзе яму ходу не было. І што ў палон не па сваёй волі трапіў.

Пра сястру Тамару раскажу, хай ведаюць: і ў мяне радня не абы­якая! Ірку і ўспамінаць не буду — зашмат гонару. Ціхая­ціхая, цялятніцаю робіць, а прыбрала матчыну хату да рук. Толік — той наадварот змалку быў адарві ды выкінь! І ні на грам не змяніўся: бацькавы грошы, што з Нямеччыны за палон прыйшлі, сцягнуў, машыну купіў і кватэру абставіў, а спіхнуў усё на заезджых цыганоў».

— Нарадзілася я ў вёсцы Тамашова Рудня, за два кіламетры ад Слабодкі, у дружнай шматдзетнай сям’і, — нацягнуўшы маску паспяховасці і ўзважваючы кожнае слова, пачала Ленка Багуненка. — Бацька мой, Мікалай Пракопавіч, працаваў на ферме даглядчыкам, маці, Марыя Макараўна — паштаркаю.

Яна спявала ў хоры пры нашым клубе, а ў восемдзесят сёмым годзе яе абралі дэпутатам сельскага савета. Мая старэйшая сястра Тамара жыве ў Гродзенскай вобласці, замужам за дырэктарам мукамольнага завода.

Катэдж у іх свой, дзве машыны, дзеці ў Мінску вучацца… — натхнёна нахвальвала сястрын дабрабыт Ленка, зусім забыўшыся на астатніх сваякоў.

Гаўрыльчык і не настойваў, неаднойчы пераканаўшыся на ўласным досведзе — калі ў справу мяшаюцца грошы і спадчына, ад дружбы ў шматдзетнай сям’і і следу не застаецца.

— Ну, а муж ваш дзе працуе?

Абысці правакацыйнае пытанне не ўдалося.

— Дзе і ўсе цяпер — у Расіі, — незадаволена буркнула Алена. І перавяла гаворку ў больш пазітыўнае рэчышча: — Большы сын уладкаваўся механікам на заводе, меншая дачка дзясяты клас заканчвае.

Я ва ўсім люблю чысціню і парадак, у мяне ў гародчыку багата кветак. Асабліва падабаецца даглядаць хатнюю гаспадарку. Я аддаю ёй увесь вольны час, бо змалку да працы прывучана…— з апошніх сіл змагалася са сваёю знявечанай свядомасцю ўдарніца працы, імкнучыся выдаць жаданае за сапраўднае.

— Ну, а як адпачываеце?

— Ат, пакуль усё папарадчыш ды свінням дасі, які адпачынак! Нагу сваю ўкручу ды гляджу тэлевізар, — зразумеўшы, што вырвалася нешта не тое, Мікалаеўна паспрабавала выправіць становішча. — Камп’ютар дачцэ ў крэдыт узяла. Бывае, з сястрой Тамарай, што за дырэктарам замужам, перапісваюся…

У гэты момант у кабінет зайшла сакратарка — жанчына неабыякавая да чужога гора:

— Вы ўжо выбачайце мне, я вазьму паперы ды пайду, бо дадому трэба, абяцалі брыкету прывезці. А ты, Лена, раскажы журналісту пра Сярожу. Хай бы ён у газеце яго прапясочыў ці міліцыі пажаліўся, каб прыстрашылі трохі. А то ж жыцця не дае: п’е, з двара цягне, хату спаліць гразіцца…

Перадавіца спачатку сумелася. Старанна абмаляваны свет ілюзіі ўласнага шчасця сыпаўся на вачах, бы сечка з дзіравага мяха. І тут яе нібы прарвала — трываць набалелае не было як:

— Гэта ж мужыка майго брат, у другой палове дома жыве. Алкаш, не робіць нідзе, сябрукі да яго цягаюцца. У двары таза алюміневага пакінуць няможна. Краёў не знойдзеш, жыві і бойся!

Даруй божа, ці грэх ці два, хай бы ён ужо пайшоў куды — ці ў прымы, ці ў турму, ці на той свет. Раз бы адплакалі, затое жылі б па­-людскаму. Толькі не пішыце пра гэта, калі ласка, наша Рая, сакратарка, па сваёй дурасці ляпнула. Вечна лезе, куды не просяць.

— Я ўсё разумею, супакойцеся, давайце пра добрае пагутарым. Ці ёсць у вас запаветная мара? — запытаўся Гаўрыльчык па звычцы, хаця праўдзівы адказ быў відавочным. Пакуль Сярожа на падворку, яго знікненне і ёсць адзіная праўдзівая мара Алены.

— Ай, хаця б да пенсіі дарабіць і нага не балела. Мульціварку яшчэ купіць хацелася б. У дачкі — гастрыт.

Штучны імідж ударніцы расплыўся, бы туман над канаваю. Перад карэспандэнтам сядзела сталага веку жанчына, з хвораю нагой, якой усе гэтыя працоўныя дасягненні былі трэба як леташні снег.

— Ну, а калі зірнуць на жыццё шырэй, з аптымізмам, — не здаваўся Гаўрыльчык у чаканні дзяжурных словаў. Але дзіўна: Алена яго не даслухала, прыпыніўшы шматкроць чутае, агаломшыла бывалага журналіста:

— Леапардам хачу стаць, у будучым жыцці.

Пстрыкнула кнопка дыктафона.

— А цяпер не для друку.

Дзіцячы спалох у вачах кабеты:

— Што, ізноў нешта не тое? Ну, вам не дагодзіш.

— Не, працягвайце, калі ласка, мне вельмі цікава.

— Я пра яго ў кніжцы даччыной прачытала і па тэлевізары бачыла. Ён у зграі не жыве. Ляжыць на дрэве над сцежкаю, кудой антылопы на вадапой ідуць, і палюе сабе здабычу. А футра ў яго — майму паліто не раўня!

Кволы камячок павагі да сапраўднага, а не прыдуманага аблічча суразмоўцы заварушыўся ў душы Івана — там, дзе хвіліну таму панавала сумесь іроніі і шкадавання.

Ад нечаканасці, не знайшоўшы патрэбных словаў, ён проста падзякаваў Алене Багуненчысе за змястоўную размову і на развітанне сфатаграфаваў яе на фоне новага абсталявання, якое ўжо больш як паўгода ў куце пылілася.

Усё­-такі леапард з Індыі і чалавек са Слабодкі, што ні кажыце, шмат супольнага маюць: абодва вольнымі нараджаюцца.

Але пасля ў чалавека з’яўляецца прысядзібная гаспадарка, праца, дзеці, раскрадальнік алюміневых тазікаў Сярожка, хворая нага — і ён паўстае на раздарожжы: або ўласная годнасць, чыстае сумленне, але замардаванае існаванне штодня ды малыя шанцы дасягнуць пенсійнага веку ў выніку, альбо з аптымізмам у будучыню — з паляндвічкаю для чулага кіраўніцтва, варыкозныя ногі за сабою цягнучы. Тады фінал крыху іншы — трансфармацыя імкнення да свабоды і самапавагі ў нечаканае жаданне стаць леапардам.

Інтэрв’ю пад назвай «З любоўю да працы» ў чарговым нумары раёнкі заняло ўсю старонку . З фота змучана ўсміхалася ўдарніца Ленка Багуненка ў бялюткім халаціку, пазычаным для такога выпадку. Ад цёткі Алены Багуненчыхі і яе мары ў газеце, вядома, не засталося і следу.

— Фатаграфія красівая, і напісана харашо, дажа і па­беларускі, — зазначыла Вікторыя Генадзеўна, прымацаваўшы «Працоўны шлях» на інфармацыйным стэндзе ля прахадной.

Не засталіся абыякавымі да інтэрв'ю і ў сям’і Багуненкаў, дачка прапанавала нават паслаць яго цётцы Тамары ў Гродзенскую вобласць, муж маўчаў, пасміхаючыся ў вусы. Сярод астатніх жыхароў раёна твор не займеў ніякага рэзанансу. А вось у Івана Гаўрыльчыка тая камандзіроўка ўпершыню за апошнія гады не ішла з галавы.

Па першым нетрывалым сняжку ён крочыў у кнігарню. Рэдакцыйная бухгалтарка Галіна Карпаўна дала грошы і папрасіла набыць фоташпалеры ці каляндар, каб закрыць урэшце гэтую пляміну на сцяне.

А то няёмка — у кабінеце ж начальства бывае рознае, і так людзі прыходзяць. Напярэдадні ў кнігарню завезлі новую друкаваную прадукцыю. У Івана аж вочы разбегліся, чаго тут толькі не было!

І васількі ў жыце з надпісам «Квітней, Беларусь!», і кацяняты ў кошыку, і садавіна побач з бутэлькаю віна ў атачэнні курортных краявідаў, і вялізны каляндар з хакеістамі. Але жыццё не пакінула яму выбару з той секунды, як заўважыў тыя фоташпалеры ў куце паміж кніжнымі паліцамі...

У абед прыбіральшчыца Сямёнаўна зайшла на хвілінку да бухгалтаркі Карпаўны абмеркаваць набалелае.

— Здаецца ж, граматныя ўсе і культурныя, у газеце пішуць, у прафкаме і на радыё робяць, а бесталковыя. Колькі прасіла ў акно ля лесвіцы пустыя бутэлькі не кідаць! Рыльцы б’юцца, хто ж іх у мяне потым прыме. Не даходзіць!

— Ой, не кажы, Сямёнаўна, няма цяперашнім светам самастаяцельных мужчынаў. Вось, наш Ваня Гаўрыльчык. Здаецца ж, не раздзяўбай які, не п’яніца. Папрасіла яго каляндар купіць, думала, ён з кветкамі возьме, каб прыгожа, а ён звяругу прывалок, страшыдлу гэтую. Вось паглянь, Сямёнаўна…

Са сцяны цеснага рэдакцыйнага кабінета на Карпаўну з Сямёнаўнай годна пазіраў леапард у атачэнні зялёных шатаў. Над ім дыхала гарачынёй паўднёвае неба, а пад ім ляжала родная зямля і адзіная дарога — тая, па якой толькі ягоная здабыча на вадапой ходзіць.

***

Таццяна Барысік

пісьменніца. Жыве ў Магілёве. Працуе настаўніцай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0