На барысаўскім аўтавакзале сустрэў знаёмую, зь якой ня бачыўся больш за год. Я ведаў гэтую паненку як прынцыпова беларускамоўную, якая ў свой час нават папікала мяне за ўжываную трасянку. Цяпер гэта расейскамоўная задаволеная жыцьцём юначка, што на ўсе пытаньні адказвала па-чужому. «Чаму?» – «Новые друзья, новые интересы». Аказваецца, што й палітыкай ужо не цікавіцца, а год таму стаяла ж на Кастрычніцкім пляцы, пратэстуючы супраць «вынікаў» рэфэрэндуму.

Неяк усё меней беларускамоўных маіх аднагодак. Глядзіш на гэтых «зубранят», а ўсе міжсобку па-расейску перамаўляюцца. Загаворыш на матчынай мове – і ня кожны падхопіць. Тое самае са зборшчыкамі подпісаў за Алеся Мілінкевіча.

Нацыянальны рух, прынамсі ў правінцыі, працягвае драбнець. Змаганьне цяпер не ў пашане. Большасьць тлумачыць адыход ад беларускіх справаў тым, што для іх сямейных тут няма ніякага дабра. Хіба гэта добра, што малое дзіця ня можа наведваць беларускамоўны садок, а надпіс на роднай мове на магіле – гэта ўжо выклік? Сапраўды, ніхто табе не набудзе кватэру ці самаход, калі ты будзеш стаяць у пікеце і раздаваць улёткі. Спажывізм сёньняшніх беларусаў папросту ўражвае. Патрэбныя нейкія духоўныя арыенціры для ўсёй нацыі. А яны навідавоку: мова, вера, свабода.

Час ня спыніцца пасьля выбараў. Сумленна ўмацоўвай сваю дзялянку – і час перамен абавязкова прыдзе. Нацыянальны рух стане рухам моцным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?