Увядзенне выязной пошліны для беларусаў прапаноўвалася ў якасці верагоднай меры для зніжэння адтоку валюты за мяжу.

Пра гэта заявіў сёння ў Жлобіне Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў.

«Я радзею не пра тое, каб забараніць выезд нашым грамадзянам, я перажываю, што пад $3 млрд валюты вывозіцца штогод з краіны», — сказаў ён.

«Вось ляпнуў сабе на шкоду, напэўна. Хоць я гэтага не баюся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта прапаноўвалася ў якасці прыкладу. «А наогул, гэта сур’ёзнае пытанне. Мы гаворым аб валюце, што ёсць праблема. Вы ведаеце, колькі нашыя мяшэчнікі-чалночнікі вывозяць валюты за межы краіны?

Памежнікі падлічылі — за $2 млрд. Калі б гэта ў краіне заставалася, то мы б жылі зусім па-іншаму», — сказаў ён.

«Кажуць: вы выпускайце, як на Захадзе, — мы будзем гэтыя шмоткі купляць у Беларусі. Па-мойму, нашы нядрэнна сёння гандлююць і выпускаюць, і можна нармальна апрануцца, — мяркуе Лукашэнка. — Па-другое, а калі ў гэтай сітуацыі трэба апрануцца ў беларускае, пацярпець?

Вось ты вельмі вялікі прыхільнік нямецкага адзення, напрыклад, ну пацярпі ў гэтай сітуацыі. Не, ніхто ж не хоча! Ён купіў тут даляры ці еўра, Адносна нядорага, выехаў, вывез гэтую валюту».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго непакоіць тое, што тым самым падтрымліваецца эканоміка Еўрапейскага саюза.

«Таму я і кажу, што трэба шукаць нейкія рычагі, як іншыя краіны гэта робяць.

Добра, не будзем з цябе браць сто даляраў, але будзеш увозіць шмоткі, як у іншых дзяржавах, заплаціш пошліну. Гэта ж нармальна, цывілізавана», — адзначыў Лукашэнка.

Ён дадаў, што ўрад па яго даручэнні думае над гэтым. У той жа час Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі неабходна выпускаць такую прадукцыю, каб насельніцтва не ехала па яе межы краіны.

«А гэтыя меры часовыя, другарадныя, калі нават і будуць уведзеныя», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Крыху народ здрыгануўся, страпянуўся, палаяў Лукашэнку — таксама нядрэнна, я павінен быць у тонусе. Але трэба супакоіцца.

Горш для людзей мы ніколі не рабілі і рабіць не будзем. Мы ўзважым прычыны і абярэм лепшы ход, каб было добра і дзяржаве. А дзяржава — гэта ў цэлым народ», — сказаў ён.

Таксама Лукашэнка выказаўся наконт дэвальвацыі і пра перавод пад хатні арышт гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера.

«Пытанне з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты наогул сёння не стаіць.

Навошта ставіць задачу абясцэніць нацыянальную валюту? Наадварот, нам трэба ад яе сысці», — сказаў ён.

«Пра змякчэнне меры стрымання Уладзіслаў Баўмгертнер можа дзякаваць толькі ўласнай маці», — сказаў Лукашэнка [яна напісала прашэнне на імя Лукашэнкі — НН]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?