14 кастрычніка ў Менску пройдзе Еўрапейскі Марш, які закліканы звярнуць увагу на перавагі еўрапейскага выбару для Беларусі. З гэтай нагоды пра месца Беларусі ў Еўропе пагадзіўся паразважаць у гутарцы з прэс-цэнтрам “Хартыі`97” ганаровы старшыня аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў” Адам Мальдзіс.

– Адам Восіпавіч, улічваючы сённяшнюю палітычную сітуацыю, Беларусь безумоўна павінна абраць свой шлях развіцця. У якім накірунку, на Ваш погляд, павінна рухацца краіна?

– Уласна кажучы, Беларусь ідзе па еўрапейскаму шляху развіцця з ХІІІ-XIV стагоддзяў, з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Трэба было б на тэрыторыі Лідскага раёна, каля вёскі Востраў, дзе было падпісана мірнага пагадненне паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і польскім каралём Ягайлам, паставіць помнік ім, таму шта пасля гэтага спыніліся канфлікты ў тым ліку і ўзаемнае знішчэнне як ў адной, так і другой краіне. Таму мне здаецца, што ў гэтым месцы аб’яднанымі сіламі Беларусі, Літвы і Польшчы павінен быць пастаўлены помнік ўзаемаразуменню і прымірэнню. Пасля гэтага Беларусь была адкрыта для ўплыву заходняй культуры. Рэнесанс, барока, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм у асноўным прыходзілі да нас з Еўропы.

Беларуская культура сфарміравалася на памежжы двух вялікіх рэгіёнаў. Мы адчувалі ўплыў усходняга, візантыйска-праваслаўнага макрарэгіёна і заходняга, каталіцка-раманскага і часткова пратэстантска-германскага (гэта адносіцца пераважна да XVI стагоддзя).

Гэта не нашая бяда, а нашая перавага ў культурніцкім плане. Мы бралі лепшае з абодвух буйных культур. Тыя ж, слуцкія паясы, у якіх скрыжаваліся ўсходнія і заходнія ўплывы ды надалі ім унікальнасць. Або выданні Францыска Скарыны, які выкарыстоўваў у сваіх прадмовах творы айцоў як усходняй, так і заходняй царквы, імкнучыся быць перш за ўсё хрысціянінам. Той жа шматвектарны ўплыў мы бачым у беларускім царкоўным драўляным дойлідстве Палесся XVIII-XIX стагоддзяў. Прыкметы сінтэзу культураў бачныя таксама ў Нясвіжскім і Мірскім замках. У паўсядзённай дзяржаўнай і эканамічнай практыцы Льва Сапегі і многіх з Радзівілаў. Для іх не паўставала пытанне, з кім яны: з Усходам ці з Захадам, найперш яны хацелі. Каб была магутнай і талерантнай іх родная дзяржава – тады Вялікае Княства Літоўскага.

Нават самыя прыгожыя дзяўчаты нараджаюцца на этнічным памежжы, гэта прызнана, дзе ўплывае і адна і другая кроў. Мы – мост паміж Усходам і Захадам. І у гэтым нашая перавага. Беларусь – гэта частка Еўропы і нават яе геаграфічны цэнтр.

– Які шлях Вы бачыце ?

– Найперш, свой шлях, уласны. Ён адпавядае жаданням народа. Толькі не заўсёды канкрэтна выказваецца. Тады я пачынаю ставіць канкрэтна пытанне: у якім доме ВЫ хацелі б жыць, які будаваць? Падумаўшы, адказваюць – вядома ж, не ГУЛАГ, не камуналку, і нават не “хрушчоўку”. І таксама не заходні “хмарачос”, у якім неяк нам ня ўтульна было б жыць. Гэта павінна быць дабротная хата, няхай спачатку і драўляная, але з надзейнымі камунікацыямі, якія б злучалі яе з іншымі “хатамі” на Захадзе і Усходзе, поўначы і поўдні. Тады б было сапраўднае добрасуседства. І сапраўды, што гаварыць пра ўваходжванне ў іншыя хаты, пакуль сама не дабудаваная? Асабліва гэта бачна ў культуры, адукацыі, нацыянальнай самасвядамосці, якая, як мне здаееца, не сфармавалася належным чынам. У любой агульнай кватэры мы проста растворымся, не паспеўшы стаць самім сабой.

Асабліва тут важна пазбегнуць амаль суцэльнай русіфікацыі, якая ў нас пануе. Хаця ёсць і станоўчыя сімптомы, калі гаворка заходзіць пра моладзь. Увогуле, як вы бачыце па майму адказу, я, хутчэй, цэнтрыст. Гэта меркаванне ў мяне сфармівалася, калі я быў дырэктарам цэнтра імя Скарыны, дзе канкрэтныя справы ставіліся вышэй гучных слоў. Мы лічылі, што добрае ўсё тое, што ідзе на карысць Беларусі, незалежна ад таго, ад каго гэта зыходзіць. Мусіць, таму цэнтр і спыніў сваё існаванне...

Наша гісторыя складалася так, што мы ўвесь час схіляліся то на заходні, то на ўсходні бок. Калі вятры памысныя, узбагачаюць нашу культуру, трэба з гэтага карыстацца. Нашаму нацыянальнаму дрэву трэба найперш выпрастацца, стаць на ўласныя гістарычныя карані як мага больш трывала, каб супрацьстаяць негатыўнаму ўплыву з любога боку. Мы гістарычна адчувалі моцны негатыўны культурніцкі ціск не толькі з Расеі, але і з боку Польшчы. Ні Еўропа, ні Расея пра нашу культуру клапаціцца не будзе. Гэта павінны рабіць мы самі. Быць самім сабой і браць ад розных культур лепшае.

Працэс самастанаўлення ідзе балюча, пакутліва, але гэты працэс ідзе. Так адбываецца ў іншых краінах, якія знаходзяцца на памежжы двух макракультур – Украіне, Балгарыі. Сербіі. Выбраных нацыяў быць не можа. Усе жывуць у суседстве з іншымі народамі. Калі не будзе паміж імі мірнага ўзаемадзеяння, яны проста знікнуць у сваёй ізаляванасці.

Крайнасці бываюць. Важна захаваць сваю самабытнасць. Скарына ў адных дакументах пісаў сябе “русінам” (беларусам), маючы на ўвазе сваё этнічнае паходжанне, у іншых – “ліцвінам”, маючы на ўвазе сваю дзяржаўную прыналежнасць. Ён ганарыўся, што з’яўляецца грамадзянінам ВКЛ – шматэтнічнай дзяржавы. Гэта павінна быць для нас узорам і сёння. Так склалася, што наша дзяржава шматнацыянальная, шматканфесійная,. шматкультурная, але ёсць тытульная нацыя, на глебе культуры якой ёсць мажлівасць ствараць і будуць стварацца арыгінальныя каштоўнасці.

– Дэмакратычныя сілы краіны прапанавалі ўладзе дыялог дзеля будучыні краіны. Як Вы ставіціся да гэтай ініцытывы?

– Супрацьстаянне заўсёды вядзе да варожасці. А варожасць – дрэнны чыннік у развіцці. Дыялог, канешне! Важна ўсведамляць, што побач з табой маюць права на існаванне іншыя людзі, з іншымі поглядамі, сімпатыямі, густамі і г. д. Ваяваць з імі, як у нас гэта часта робіцца – я супраць гэтага. Агрэсія накопліваецца, што ўрэшце вядзе да выбуху сітуацыі, калі падзеі развіваюцца дэструктыўна і непадкантрольна.

Дэмакратычныя сілы заўсёды дапускаюць мажлівасць існавання іншай думкі і гатовыя да дыялогу. Улада... Мы часта ўспрымаем яе, як нешта агульнае і не бачым, што часам асобныя памылкі робяць асобныя людзі. Тут трэба разбірацца. Дзейнічае чалавечы фактар і ў паводзінах улады і апазіцыі. Апазіцыя таксама розная. Магчыма, трэба браць прыклад са старадаўняга і беларускага веча, калі спрэчнае пытанне вырашалася народам.

Мне імпануюць Мілінкевіч і Севярынец, якія гэтыя крокі абдумваюць і вырашаюць праблемы па іншаму. Я падтрымліваю таксама іх ідэю дыялогу з уладамі, які адбудзецца раней ці пазней.

– Як вы ставіцеся да правядзення Еўрапейскага маршу запланаванага на 14 кастрычніка, які закліканы прапанаваць уладам дыялог і заклікаць улады выканаць прапановы Еўразвяза па дэмакратызацыі краіны?

– Мне здаецца назва Еўрапейскі марш не зусім прадуманая. Гэта вельмі агульная назва. Я назваў бы гэты рух найперш Беларускім. Таму што ён ставіць на мэце не агульнаеўрапейскія, а беларускія інтарэсы. А дыялог у беларускіх інтарэсах. Можа ў гэтым тут зноў праяўляецца мой цэнтрызм, за які б’юць і злева, і справа. Але я лічу, што ва ўмовах Беларусі цэнтрызм, “штодзённая, шэрая праца”, -- на карысць Радзіме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?