Праблема этнічнай мяжы і памежных тэрыторый з’яўлялася адной з найважлівейшых і найскладанейшых праблемаў ХХ стагоддзя. Пытанні вакол нацыянальных меншасцяў па-ранейшаму не перастаюць уздымацца сусветнай грамадскасцю, паказваючы тым самым актуальнасць нацыянальнага пытання ў нашыя дні.

Сталася так, што на мапе Еўропы практычна нельга знайсці краінаў, у якіх дзяржаўныя межы поўнасцю адпавядалі бы межам этнічным. Беларусь, як вядома, не з’яўляецца выняткам з агульнага правіла. Маючы моцных суседзяў, як з захаду, так і з усходу, наша зямля вымушана была стаць краінай-донарам, якая больш аддавала сваёй тэрыторыі, ніж атрымлівала. У варунках геапалітыкі кволы голас пратэсту з боку мясцовай эліты мала чаго даваў, бо за сваю зямлю не стаялі народныя масы. Яны і не маглі, бо былі ў сваёй большасці “рускімі”, “палякамі” ці проста “тутэйшымі” – патрыётамі Масквы, Варшавы ці проста сваёй сям’і і роднай хаты, а не нейкай, нікому не патрэбнай, акрамя жменькі інтэлектуалаў, краіны.

Часы мяняліся, а з імі мяняліся і людзі, але слабых, як і раней, пераважна не пыталіся, а ставілі перад фактам.

Беласточчына, Віленшчына, Дзвіншчына, Пскоўшчына, Браншчына, Севершчына і Смаленшчына – гэта тое, што ўжо ніколі не будзе беларускім па прыкмеце дзяржаўнай ці адміністратыўнай. Аднак ці будзе там Беларусь культурная і нацыянальная залежыць толькі ад нас саміх.

Праект “Беларуская Смаленшчына” з’яўляецца спробай пакуль што аднаго чалавека прыцягнуць увагу грамадскасці да пытання беларускага насельніцтва сучаснай Смаленскай вобласці – тэрытарыяльна -адміністратыўнай адзінкі Расійскай Федэрацыі.

Асноўныя мэты праэкта наступныя:

· Папулярызоўваць гісторыю і культуру Беларускай (Заходняй) Смаленшчыны;

· Прапагандаваць беларускую самасвядомасць сярод смаленскіх беларусаў, як прыезджых з Беларусі, так і мясцовых;

· Асвятляць усе апошнія навіны, якія тычацца беларускага элемента Смаленшчыны.

Праект не збіраецца прапагандаваць ніякіх сепаратысцкіх ідэяў ці заклікаць да перагляду дзяржаўных межаў, а нясе выключна культурніцка-асветны і інфармацыйны характар.

Адміністратар сайта запрашае да супрацоўніцтва ўсіх жадаючых падтрымаць праект!!! Этнолагі, гісторыкі, літаратары і ўсе зацікаўленыя Беларускай Смаленшчынай могуць адсылаць на электронную скрыню [email protected] свае тэксты, інфармацыю, фотаздымкі, пытанні, заўвагі і прапановы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?