1—2 кастрычніка адбудзецца візіт урадавай дэлегацыі Беларусі на чале з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам у Санкт-Пецярбург, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, запланавана сустрэча прэм'ер-міністра з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам, падчас якой будуць разгледжаны стан і перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з гэтым расійскім рэгіёнам, шляхі дыверсіфікацыі і нарошчвання аб'ёмаў паставак беларускай прадукцыі, а таксама пытанні развіцця прамыслова-кааперацыйных сувязяў.

Падчас візіту Мясніковіча адбудзецца шостае пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Санкт-Пецярбурга, на якой будзе разгледжаны ход выканання гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж урадамі і Беларусі і Санкт-Пецярбурга на 2012—2016 гады.

У прыватнасці, на пасяджэнні плануецца абмеркаваць пытанні рэалізацыі сумесных праектаў у сферы вытворчай кааперацыі, арганізацыі паставак беларускай пасажырскай і камунальна-дарожнай тэхнікі, ліфтавага абсталявання для патрэб Санкт-Пецярбурга, а таксама супрацоўніцтва ў харчовай, будаўнічай і навукова-вытворчай сферах.

Паводле даных беларускай статыстыкі, у студзені—ліпені 2013 года тавараабарот Беларусі і Санкт-Пецербурга склаў 1 млрд. 43,3 млн. долараў і ў параўнанні са студзенем—ліпенем 2012 года павялічыўся на 12,4 працэнта, экспарт — 678,9 млн. долараў (рост на 7,9 працэнта), імпарт — 364,4 млн. долараў, (узрос на 22 працэнты). Станоўчае сальда склала 314,5 млн. долараў.

Аснову экспарту ў Санкт-Пецярбург за гэты перыяд склалі пастаўкі ялавічыны свежай ці ахалоджанай, пруткоў з нелегіраванай сталі, нафтапрадуктаў, малака і вяршкоў згушчаных і сухіх, сыроў і тварагу, мэблі, грузавых аўтамабіляў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?