Фота Аляксея Мінчонка.

Фота Аляксея Мінчонка.

На фоне абвешчанага падаражання праезду ў грамадскім транспарце вечарам 30 мінчане масава скупляюць праязныя білеты, талоны і жэтоны на метро.

У метрапалітэне зараз сапраўдны ажыятаж. Чэргі ў касы ёсць практычна на ўсіх станцыях, у іх дзясяткі пасажыраў. Як паведаміў БелаПАН відавочца, каб купіць два жэтоны ў адным з холаў на станці «Кунцаўшчына» другой лініі, яму давялося прастаяць у чарзе амаль 20 хвілін.

Прыкладна ў 18.30 у чарзе было прыблізна 60 чалавек. Пры гэтым працавалі два касіры.

У чаргу станавіліся не толькі тыя, хто ўваходзіў на станцыю, але і тыя, хто яе пакідаў. У той жа час некаторыя пасажыры, зайшоўшы ў хол і ўбачыўшы вялікую чаргу, пакідалі станцыю. 

У чарзе ішлі размовы пра тое, што праязныя білеты ёсць на ўсіх станцыях метро.

У Мінску 1 кастрычніка даражэе праезд у грамадскім транспарце.

Адпаведнае рашэнне № 2388 ад 25 верасня прынята Мінгарвыканкамам і 30 верасня афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Кошт адной паездкі ў аўтобусе, тралейбусе, трамваі і метро складзе 2500 рублёў (раней — 2000).

Пры куплянні талона ў вадзіцеля наземнага грамадскага транспарту паездка будзе каштаваць 3000 рублёў. Праезд у аўтобусах экспрэс-маршрутаў складзе 3800 рублёў. Падаражэюць і праязныя білеты.

Так, на адзін від транспарту кошт праязнога на месяц складзе 112500 рублёў, на паўмесяца — 60000, на дэкаду — 39600, на два віды транспарту — 150200, 79100 і 52900 адпаведна, на тры віды — 179000, 94100 і 62700, на чатыры — 202500, 106700 і 71100, на аўтобус-экспрэс — 146600, 77200 і 51400 беларускіх рублёў.

Білеты на адну паездку па тарыфах 2.000, 2.500 і 3.000 рублёў будуць дзейнічаць на працягу дзесяці дзён. Папярэдняе павышэнне тарыфаў было 25 мая гэтага года — з 1.700 да 2000 рублёў за адну паездку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?