Кажа, якраз у той час актыўна абмяркоўвалася пытанне, быць або не быць смяротнаму пакаранню ў Беларусі. «Тады да мяне прыехала журналістка з тэлеканала, каб даведацца маё меркаванне. Мы доўга размаўлялі, і мае словы потым парэзалі так, што выйшла, быццам я за смяротнае пакаранне. Царква заўсёды выступала і выступае супраць смяротнага пакарання. З таго часу я даў сабе абяцанне ніякіх інтэрв'ю на гэтую тэму не даваць», - кажа айцец Васіль.

Праз столькі гадоў напярэдадні чарговага Еўрапейскага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка) ён пагадзіўся пагутарыць з карэспандэнтам TUT.BY.

Айцу Васілю 62 гады. Нарадзіўся на Тураўшчыне. Жанаты, мае трох сыноў (адзін з іх - святар) і пяцярых унукаў.

- Як даўно вы спавядаеце прысуджаных да смяротнага пакарання?

- Усё пачалося ў 1994 годзе. Было падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дэпартаментам выканання пакаранняў Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквой (з каталіцкай царквой такога пагаднення няма. - TUT.BY). Я атрымаў архіпастырскае дабраславенне ўладара мітрапаліта Філарэта. Ад яго ж атрымаў і ўказ аб тым, што акрамя асноўнага паслушэнства ў храме св. Аляксандра Неўскага ў Мінску буду несці паслушэнства ў СІЗА №1. З гэтага часу за ўсімі папраўчымі ўстановамі закрытага тыпу на тэрыторыі Беларусі былі замацаваныя святары, пачалі будавацца храмы і капліцы, адчыняцца дамавыя цэрквы і пакоі для малітваў. У СІЗА-1 таксама стварылі пакой, з тых часоў раз на тыдзень я туды хаджу.

- Колькі чалавек з 1994 года вы паспавядалі?

- Уліку я не вёў. Не магу сказаць нават прыкладна. Скажу адно: з усімі, хто хацеў сустрэцца са святаром для духоўных гутарак і пакаяння, я сустракаўся не адзін раз.

- Як праходзіць вашая сустрэча?

- Размаўляем мы сам-насам, без канваіраў. Прысуджаны да пакарання смерцю знаходзіцца ў наручніках, яны ў яго зашпіленыя спераду. Мы знаёмімся, размаўляем, разам молімся, калі ён пажадае, і наручнікі не перашкаджаюць малітве. Асуджаны можа паставіць свечку сам, хрысціцца, трымаць кнігу ў руках.

- Пра што вы размаўляеце? І хто гаворыць больш, вы ці асуджаны?

- Бывае, што нават тыя, хто выказаў жаданне сустрэцца, прыходзяць і маўчаць, не ідуць на кантакт. Смяротнікі - людзі, якія ўсе свае думкі навучыліся трымаць у сабе, і калі прыходзяць да мяне, бывае, зрываюцца на плач. Я не спыняю. Выплачацца, а потым мы размаўляем. Былі асуджаныя, якія шукалі ў мяне адказаў на нейкія пытанні. Але я не следчы, я не ведаю падрабязнасцяў справы. Мне трэба, каб гаварыў ён. Я - усяго толькі пасярэднік паміж ім і Богам. Ён павінен выгаварыцца Богу. Размаўляем у асноўным пра сэнс жыцця, пра прызначэнне чалавека ў свеце, пра душу вечную і пра цела, якое даецца нам часова.

- Калі чыста па-чалавечы, вам іх шкада?

- Усе эмоцыі, якія я адчуваю падчас споведзі, - гэта занадта асабістае. Я не гатовы ўзяць і на паперу гэта пакласці і не зраблю гэтага ніколі. Гледзячы ад чаго плача асуджаны. Калі гэта проста слёзы тугі і роспачы, то гэта атрута, гэта кажа аб тым, што не ўсвядоміў ён, што зрабіў не так у сваім жыцці. А калі ён плача і кажа, што ўсвядоміў матывы свайго злачынства, калі ён каецца, просіць прабачэння ў Бога, тады ён пасля сваіх слёз пачынае ўсміхацца, у яго слёзы радасці.

- Але вы памятаеце самую складаную споведзь?

- Вядома. Сяргеем яго звалі. Гэта быў першы прысуджаны да смяротнага пакарання, якога мне давялося спавядаць. На той час у мяне былі веды, але не было вопыту працы з такімі людзьмі. Сяргей першы папрасіў адміністрацыю пагутарыць са святаром. На пытанне, чаму ён вырашыў сустрэцца са мной, Сяргей адказаў так: «Я паверыў у Бога, малюся і чытаю Святое Пісьмо. Мне трапіліся словы, якія ўразілі мяне і прымусілі перагледзець усё маё жыццё да гэтага. Асабліва забалела душа за дачку». Ён расказваў, што разумее, што грахі бацькоў могуць адбіцца на жыцці дзяцей і наступных пакаленняў. Сяргей не хацеў, каб яго дачка неяк потым пакутавала праз яго ўчынкі.

- А як у такім выпадку царква ставіцца да працы расстрэльнай каманды, якая прыводзіць прысуд у выкананне?

- Гэтыя людзі таксама нясуць службу, як і я. У кожнага свая служба. Асуджаць іх за гэта? У іх такая праца. Калі закон прадугледжвае расстрэл, значыць, прытрымліваючыся літары закону, нехта павінен гэтую працу выконваць.

- Але расстрэл - гэта ж таксама забойства. Царква не асуджае забойства?

- Царква зыходзіць з таго, што не чалавек даў жыццё іншаму чалавеку, не яму яго і забіраць. Менавіта таму царква супраць смяротнага пакарання.

- А людзі, якія прыводзяць прысуд у выкананне, да вас прыходзяць?

- Можа быць. Падчас споведзі я вельмі рэдка пытаюся, хто чалавек па прафесіі. Але не чакайце, што гэтыя людзі калі-небудзь таксама раскажуць вам пра сваю працу. Так, царква асуджае смяротнае пакаранне. Але пытанне пакарання за злачынства вельмі спрэчнае само па сабе. А як чалавеку, сваяка якога жорстка забілі? Ахвяры таксама прыходзяць да мяне на сустрэчы, я ім тлумачу, што трэба дараваць і не жадаць помсты, але не ва ўсіх гэта атрымліваецца. У нас, на жаль, мала хто працуе з пацярпелымі ад злачынстваў.

- Ці прапаноўвалі вы спавядацца прысуджаным да пакарання смерцю за тэракт у мінскім метро Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву?

- Ім некалькі разоў прапаноўвалі спавядацца святару. І я, і іншыя бацюшкі прапаноўвалі. Але яны наадрэз адмовіліся, катэгарычна.

- Пра што гэта кажа? Што для вас значыць, калі адмаўляюцца?

- Калі нават чалавек вернік, ён мае права адмовіцца ад зносін са святаром. Не буду разважаць, пра што гэта кажа ў іх выпадку. І Канавалаў, і Кавалёў выкарыстоўвалі сваё законнае права адмовіцца ад споведзі.

- Як вы рыхтуеце асуджанага непасрэдна да моманту пакарання?

- Кажу, што пасля выканання прысуду ён, як і ўсе людзі аднойчы, пяройдзе ў іншы свет. Кажу, што цяпер трэба яшчэ нейкі час падтрымліваць плоць у працоўным стане, але асноўную ўвагу трэба надаць душы. Ад таго, пакаецца ён ці не, будзе залежаць, якім ён пяройдзе ў жыццё вечнае. Першая споведзь доўжыцца, як правіла, доўга. Бывае, што і гадзіну-паўтары гаворым. Добра, што ёсць разуменне адміністрацыі СІЗА ў тым, што гэтую споведзь не трэба абмяжоўваць па часе. Наступныя споведзі займаюць менш часу. Мы гаворым, я даю яму думкі для разважання, таму далей яго гатоўнасць прыняць пакаранне залежыць толькі ад таго, якую працу над сабой ён правядзе.

- Ці ёсць нейкія забароненыя тэмы, на якія вы не маеце права як святар размаўляць з чалавекам?

- Мы можам размаўляць на любыя тэмы. Але калі асуджаны пачынае расказваць, як ён каго забіў, парэзаў, я не хачу гэтага ведаць. Я яму тлумачу, што яго задача перад Богам - усвядоміць, чаму ён гэта зрабіў, і шчыра папрасіць прабачэння.

- А святар можа хадайнічаць за якога-небудзь смяротніка? Папрасіць, каб яму захавалі жыццё?

- Святар можа даслаць такое хадайніцтва ў камісію па памілаванні. Але за смяротнікаў я ні разу не прасіў. Каб прасіць аб памілаванні чалавека, мне трэба ведаць, што ён раскаяўся і адкупіў сваю віну нейкімі ўчынкамі, таму я калі прашу за каго-небудзь, то за звычайных асуджаных. Калі я бачу, што чалавек у гутарках выказваецца шчыра аб тым, што каецца ў злачынстве, тады я магу прасіць.

Паводле інфармацыі, прадстаўленай Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, з 1990 па 2011 год у Беларусі было прысуджана да смяротнага пакарання 326 чалавек, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Беларускі Хельсінскі камітэт» (БХК).

У 2011 годзе былі вынесеныя два смяротныя прысуды - Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. Суд прызнаў іх вінаватымі ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года. У тым жа годзе ўступіў у сілу прысуд гомельскаму рабаўніку і забойцу Ігару Мяліку. У 2012 годзе смяротныя прысуды ў Беларусі не выносіліся. У 2013 годзе вынесеныя ўжо тры смяротныя прысуды. 24 красавіка Магілёўскі абласны суд асудзіў дваіх грамадзян за жорсткае забойства. 14 чэрвеня Гомельскі абласны суд прызначыў смяротную кару 24-гадоваму Аляксандру Грунову за жорсткае забойства дзяўчыны. Паўлу Селюну - 23-гадоваму забойцу двух чалавек - Гродзенскі абласны суд прызначыў смяротную кару 12 чэрвеня.

Згодна з арт. 174 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Беларусі, прысуджаныя да смяротнага пакарання ўтрымліваюцца пад узмоцненай аховай у асобных камерах. Прагулкі гэтай катэгорыі асуджаных не даюцца. Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу асуджаныя маюць права атрымліваць і адпраўляць лісты без абмежаванняў, мець адно кароткатэрміновае спатканне з блізкімі сваякамі ў месяц, з адвакатамі, святаром і нават афармляць неабходныя грамадзянска-прававыя і шлюбна-сямейныя адносіны.

У свеце практыкуюцца розныя віды пакарання: расстрэл, электрычнае крэсла, газавая камера, павешанне, адсячэнне галавы і нават збіццё камянямі.

У Беларусі пакаранне выконваецца непублічна, шляхам расстрэлу. «Выкананне смяротнага пакарання ў дачыненні да некалькіх асуджаных выконваецца асобна адносна кожнага і ў адсутнасць іншых прысуджаных да смяротнага пакарання», - кажа КВК РБ.

Існуе версія, што прысуджанаму выстрэльваюць у патыліцу адной або некалькімі кулямі і паведамляюць аб прывядзенні прысуду ў выкананне толькі за некалькі хвілін.

Пры выкананні смяротнага пакарання прысутнічаюць пракурор, прадстаўнік установы, у якой выконваецца смяротнае пакаранне, і доктар, які канстатуе смерць. Пра выкананне прысуду складаецца акт. Пасля гэтага адміністрацыя ўстановы, у якой выконваецца смяротнае пакаранне, абавязаная паведаміць пра выкананне прысуду ў суд, які пастанавіў пра яго, а суд паведамляе аднаму з блізкіх сваякоў. Пры гэтым цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца. Паводле версіі праваабаронцаў і адвакатаў, целы пакараных хаваюць на гарадскіх могілках, але зямлю на магіле разраўноўваюць і пакрываюць дзёрнам, каб магілу немагчыма было знайсці.

У верасні 2007 года Камітэт міністраў Рады Еўропы прыняў рашэнне заснаваць у рамках Сусветнага дня Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. Менавіта Еўропа з 1997 года дэ-факта з'яўляецца прасторай, вольнай ад смяротнай кары. Сёння Беларусь - адзіная еўрапейская краіна, дзе выконваецца смяротнае пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?