Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына дала інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе» з нагоды зменаў у выбарчае заканадаўства.
Цяпер не будзе дазволена выносіць на рэферэндум пытанні, датычныя мытаў і збораў.
Яшчэ раней было забаронена ўсенародна вырашаць бюджэтныя пытанні.
«Цікава, будаўніцтва АЭС ці продаж буйнога прадпрыемства, напрыклад, Беларуськалія, да бюджэтных пытанняў адносіцца?», - спытала журналістка «Камсамолкі».
У адказе Ярмошына выкарыстала яркае параўнанне:
«Гэтыя пытанні, вядома, не адносяцца да забароненых. Але калі пра гэта пытацца, мы звяжам рукі ўраду. Усё адно што на прадпрыемстве праводзіць рэферэндум з нагоды таго, ці павінен дырэктар нешта прадаваць. Не вырашае ён гэта з працоўным калектывам».
Адрозненне апісаных сітуацый у тым, што на прадпрыемстве дырэктар альбо прызначаны ўласнікамі кампаніі, альбо сам з'яўляецца ўласнікам. Працоўны калектыў - нанятыя ім людзі.
А ў дзяржаве прэзідэнт - гэта чалавек, дэлегаваны тым самым «працоўным калектывам», каб адстойваць інтарэсы людзей.