Урад адзначае сур'ёзны недабор бюджэтных паступленняў, але за кошт аптымізацыі расходаў па выніках года чакаецца невялікі дэфіцыт бюджэту, паведамляе БелаПАН.
Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, якога 1 кастрычніка з дакладам прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.
Лукашэнка ў сувязі з гэтым выказаў у адрас урада крытыку за тое, што на месцах ёсць яшчэ шмат неарганізаванасці і неакуратнага стаўлення да расходавання бюджэтных сродкаў.
Мясніковіч праінфармаваў, што за восем месяцаў гэтага года на мадэрнізацыю было накіравана 95 трлн. рублёў пры гадавым плане каля 120 трлн.
Працэс мадэрнізацыі, у прыватнасці, паспяхова рэалізуецца на БелАЗе, БМЗ, нафтаперапрацоўчых заводах. Лукашэнка падкрэсліў, што сродкі на мадэрнізацыю павінны ўкладвацца выключна ў эфектыўныя праекты.
Мясніковіч таксама праінфармаваў, што па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў урадаў, якое прайшло 25 верасня ў Астане, удалося прыняць рашэнне па шэрагу важных пытанняў.
Бакі дамовіліся аб увядзенні больш высокай загараджальнай пошліны на імпарт збожжаўборачных камбайнаў, што створыць добрыя перадумовы для продажу адпаведнай прадукцыі на рынках Казахстана і Расіі.
Дасягнуты дамоўленасці аб парадку закупкі ў трэціх краінах пасажырскіх самалётаў.
«Гэта таксама будзе дастаткова сур'ёзная падтрымка, таму што пошліна сёння складае каля 20%.
Мы дамовіліся аб бяспошлінным увозе самалётаў фактычна да 2019 года», — адзначыў прэм'ер-міністр.