Беларусь гатовая да ўкаранення PayPal, але яны не хочуць пачынаць дыялог, расказаў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў у інтэрв'ю газеце «Вечерній Брест».

«Праблема заключаецца ў тым, што мы з нашага боку цалкам гатовыя да супрацоўніцтва і ўкаранення сістэмы PayPal на беларускім рынку фінансавых паслуг. Але яны — з розных суб'ектыўных прычынаў — не хочуць распачынаць гэты дыялог. Я не схільны думаць, што віной таму нейкія палітычныя моманты, бо мы вельмі паспяхова ўзаемадзейнічаем і з Visa, і з MasterCard, і з American Express, выходзім на супрацоўніцтва з Diners Club. Толькі PayPal займае ў гэтым пытанні не зусім зразумелую для нас пазіцыю», — распавёў Сяргей Дубкоў.

«Пры гэтым у Расеі з 17 верасня PayPal запрацаваў у поўным аб'ёме. Мы разлічваем пагутарыць на эканамічным форуме, які адкрываецца хутка ў Расеі, з кіраўнікамі расейскай філіі PayPal і, спадзяюся, зможам прыйсці да нейкага пагаднення, у выніку якога ў нас удасца канструктыўнае партнёрства», — заявіў ён.