А сам сцяг прымусілі прыбраць. Культурніцкі актывіст Алесь Мазанік дабіўся такога рашэння ад дырэктара аўтобуснага парка №2 Ігара Журка.
Сцяг суседняй краіны кінуўся ў вочы Алесю Мазаніку ў аўтобусе сталічнага маршрута №50, калі ён сеў у яго 4 верасня на прыпынку «Станцыя метро «Спартыўная».
Алесь Мазанік: «Мне трэба было праехаць усяго адзін прыпынак, таму я стаяў ля дзвярэй і глядзеў наперад, праз кабіну кіроўцы. Спачатку я не зразумеў, што не так, а пасля заўважыў, што непасрэдна перад кіроўцам знаходзіцца, акрамя дзяржаўнага сцяга Беларусі, расійскі трыкалор з гербам!»
Першае, што зрабіў Мазанік, — занатаваў дзяржаўны нумар аўтобуса АА 4159-7 ды імя кіроўцы. А потым напісаў ліст у аўтобусны парк №2.
Неўзабаве прыйшоў адказ. Дырэктар Ігар Журок засведчыў, што падчас праверкі «выяўлена парушэнне экіпіроўкі», і паведаміў, што «кіроўцу паменшаны памер прэміяльнай аплаты за верасень 2013 года». Таксама ў адказе значыцца, што «парушэнне ліквідаванае».
У размове з Еўрарадыё Ігар Журок зазначыў, што «заадно» са шкла аўтобуса прыбралі і дзяржаўны беларускі сцяг.
Ігар Журок: «Яму проста не спадабалася, што ў нашай машыне вісіць расійскі сцяг — разам з беларускім. Гэта забаронена правіламі, таму мы знялі абодва сцягі».
Дырэктар падкрэслівае, што знялі не таму, што гэта той ці іншы сцяг, а таму што правіламі забаронена змяшчаць на лабавым шкле староннія прадметы ўвогуле.
Ігар Журок: «Па вялікім рахунку, на лабавым шкле ўвогуле нельга нічога размяшчаць. Хоць таблічка аб праходжанні тэхагляду вешаецца на лабавое шкло. І цяпер яшчэ для аплаты дарог прылады. Але болей нічога нельга».
Кіроўцу знялі часткі прэміі за верасень — паводле словаў дырэктара, гэта «10 або 15 працэнтаў». А таксама ўзялі тлумачэнне, чаму сцягі з’явіліся ў кабіне.
Ігар Журок: «Кіроўца нічога ў гэтым не бачыць, што вісіць два сцягі. Кажа: «Мы ж сябруем з Расіяй, чаму я не магу павесіць?» Тым не менш правіламі забаронена — таму мы прымусілі яго зняць, каб не было далей канфліктаў».
Нагадаем, што гэта ўжо не першы выпадак, калі грамадзяне скардзяцца на расійскія сцягі ў грамадскім транспарце.
У траўні 2013 года пасля скаргі журналіста Кастуся Шыталя глыбоцкі аўтапарк прымусіў кіроўцу прыбраць расійскі сцяг з кабіны рэйсавага аўтобуса «Глыбокае-Мёры».
Што праўда, тады пра пазбаўленне кіроўцу прэміі нічога сказана не было.
Каментары