Следчым камітэтам завершана расследаванне крымінальнай справы па факце гібелі пяці чалавек на возеры Белае ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці 14 ліпеня.
Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК, канчатковае абвінавачанне прад'яўлена асобе, якая кіравала маламерным суднам у момант трагедыі. Яе дзеянні кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 316 КК (парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі маламерных суднаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць пяці чалавек).
Нагадаем, 14 ліпеня каля 14 гадзін абвінавачаны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, кіраваў маторнай лодкай «Прагрэс» на возеры Белае. У лодцы знаходзіліся дзевяць пасажыраў. Яшчэ адзін чалавек перавозіўся ў буксуемым надзіманым балоне для катання. Пры павароце вадзіцель не справіўся з кіраваннем. Маламернае судна перакулілася і затанула.
Загінулі трое хлопчыкаў 4, 5 і 7 гадоў, жанчына 1981 года нараджэння — маці старэйшага з іх (усе жыхары Салігорска) і жыхарка Жыткавічаў 1983 года нараджэння.
Паводле інфармацыі СК, устаноўлена, што маламернае судна — лодка «Прагрэс-4» — не праходзіла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю і знаходзілася ў тэхнічна няспраўным стане з-за адсутнасці канструктыўна прадугледжаных блокаў плывучасці, якія забяспечваюць непатапляльнасць судна.
Акрамя таго, устаноўленая норма ўмяшчальнасці лодкі — чатыры чалавекі, а перавозілі ў ёй дзевяць чалавек. Індывідуальных ратавальных сродкаў у пасажыраў не было.
Абвінавачаны вёз пасажыраў і адначасова буксаваў атракцыённы плавальны сродак («таблетка») з пасажырам.
На значнай адлегласці ад берага вадзіцель дапусціў крытычны крэн, пасля чаго судна перакулілася.
Асаблівая ўвага ў ходзе следства была звернута на ўстанаўленне прычын і ўмоў, якія садзейнічалі злачынству.
Вывучаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы дакументы, якія ўказваюць на парушэнні заканадаўства ў гэтай сферы.
Пляж возера Белае не быў аснашчаны ведамасным ратавальным пастом, нягледзячы на тое, што гэтая тэрыторыя на працягу некалькіх гадоў арандавалася адной і той жа юрыдычнай асобай.
Акрамя таго, у адпаведнасці з рашэннем Жыткавіцкага выканкама на возеры Белае юрыдычным і фізічным асобам у прыватных мэтах было забаронена плаванне на маламерных суднах і гідрацыклах, аднак гэтае рашэнне да ведама жыхароў раёна не даводзілася.
Наглядная інфармацыя на берагах возера адсутнічае. Кантроль за выкананнем гэтага рашэння выканкама з боку службовых асоб таксама не ажыццяўляўся.