Аляксандр Лукашэнка аб'явіў вымову намесніку прэм'ер-міністра Анатолю Калініну і былому міністру культуры,  паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку.

Ён абвінаваціў чыноўнікаў у «непрыняцці належных мер па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, што пацягнула павелічэнне тэрмінаў уводу аб'екта ў эксплуатацыю і парушэнні ў выкарыстанні бюджэтных сродкаў».

З гэтай нагоды чытач «НН» задаецца пытаннем,

ці можа Лукашэнка рабіць вымовы любым чыноўнікам? Паводле працоўнага кодэксу, вымову можа аб’явіць наймальнік. А Калінін і Латушка — зусім не супрацоўнікі адміністрацыі прэзідэнта...

З пытаннем мы звярнуліся да адваката Максіма Знака, які растлумачыў асаблівасці адказнасці дзяржаўных служачых у Беларусі.

«У дадзеным выпадку і Калінін, і Латушка з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі. У адпаведнасці з законам «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» наймальнікамі некаторых дзяржаўных служачых з’яўляюцца дзяржаўныя ўстановы, якія падпісываюць працоўны кантракт.

Аднак у шырокім сэнсе наймальнікам кожнага дзяржслужачага з’яўляецца сама дзяржава. Падпісваць працоўны кантракт ад імя дзяржавы будзе тая асоба, якая будзе мець адпаведныя паўнамоцтвы.

Згодна з п.7 артыкула 17 закона «Аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», прэзідэнт празначае намеснікаў прэм’ер-міністра, міністраў, а таксама прымае рашэнне аб іх адстаўцы. Аналагічныя паўнамоцтвы прадугледжаны ў адносінах да паслоў. Згодна з Працоўным кодэксам (арт. 201), дысцыплінарнае спагнанне прымаецца тым органам, якому нададзены правы прыёму і звальнення работнікаў, альбо па яго даручэнні – іншым органам. Такім чынам,

няма сумневаў у тым, што паўнамоцтвы па прыцягненні да адказнасці у прэзідэнта ёсць.

Адначасова трэба мець на ўвазе, што адказнасць дзяржаўных служачых мае сваю спецыфіку: напрыклад, для іх прадугледжаны такія своеасаблівыя спагнанні як «папярэджанне аб няпоўнай працоўнай адпаведнасці», «паніжэнне ў класе дзяржаўнага служача на тэрмін да 6 месяцаў» і гэтак далей. Але пры гэтым павінны выконвацца агульныя правілы прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці: запатрабаванне у работніка тлумачэння, пісьмовы загад, адзнака работніка аб азнаямленні і г.д.

Агульныя правілы датычацца таксама і тэрміну прыцягнення да працоўнай адказнасці: не больш за 6 месяцаў з часу здзейснення парушэння, і не больш за 1 месяц з часу, як пра гэта стала вядома. Пры гэтым у межах звычайных працоўных адносін нельга аб’явіць вымову работніку, які звольнены з той пасады, на якой было парушаная дысцыпліна.

Аднак у адносінах з дзяржаўнымі служачамі ёсць цікавы механізм «персанальнай адказнасці» – якая звычайна усталёўваецца заканадаўчым актам, датычыцца канкрэтнай сферы ці праекта, і, пэўна, застаецца, нягледзячы на змену месца працы.

Галоўнае, што трэба адзначыць, гэта характар спагнання.

Вымова, вынесенная на такім узроўні, мае, перш за ўсё, не юрыдычны, а публічны характар.

Сацыяльная адказнасць у такім выпадку наступае нават тады, калі былі парушэнні юрыдычнай працэдуры, а статус дзяржаўнага служачага дазваляе пры неабходнасці вызваліць яго ад займанай пасады без наяўнасці папярэдніх вымоў ці заўваг», – расказаў Максім Знак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?