Неабходнымі ўмовамі для пачатку дыялогу Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) з беларускімі ўладамі з'яўляюцца вызваленне палітвязняў і ўвядзенне мараторыя на смяротную кару ў Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Камітэта ПАРЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі, размешчанай 3 кастрычніка на сайце асамблеі.У дакуменце адзначаецца, што пасля праведзеных 2 кастрычніка слуханняў па сітуацыі ў Беларусі, у якіх узялі ўдзел рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна і намеснік кіраўніка руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, камітэт занепакоены «ўмовамі ўтрымання палітвязняў і паведамленнямі пра гвалт, катаванні і прымусовае псіхіятрычнае лячэнне».

«Камітэт зноў заклікае беларускі ўрад неадкладна і без усякіх умоў вызваліць 11 палітвязняў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў турмах», — гаворыцца ў заяве.

Камітэт таксама вітае рашэнне ПАРЕ прысудзіць прэмію імя Вацлава Гавела вядомаму беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які знаходзіцца ў няволі.

У заяве падкрэсліваецца, што ў выпадку калі ПАРЕ пачне дыялог з Беларуссю, у ім абавязкова павінна ўдзельнічаць грамадзянская супольнасць, якая таксама павінна быць далучана да падрыхтоўкі плана дзеянняў Рады Еўропы ў дачыненні да Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?