11 ліпеня было ўведзена ў дзеянне новае Палажэнне аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, зацверджанае пастановай Савета Міністраў № 569 ад 28 чэрвеня 2013 г.

Тут жа шматлікія выданні паспяшаліся зрабіць выснову: «цяпер, змагаючыся з хваробай на выхадных, таксама можна атрымаць пэўную суму». Але ці ўсё так добра, як падаецца?

Новы разлік

З 11 ліпеня за першыя 12 дзён дапамога разлічваецца ў памеры 80% ад сярэдняга заробку (раней было — 6 дзён ў памеры 80%, а наступныя — 100%). Дапамога па доглядзе за хворым членам сям’і, як і раней, разлічваецца ў памеры 100%. Але сам разлік сярэдняга заробку істотна змяніўся.

Раней сярэдні заробак за дзень разлічваўся за апошнія 2 месяцы дзяленнем даходу за гэты перыяд на фактычна адпрацаваную колькасць дзён. Пры гэтым ужываліся павышаючыя каэфіцыенты, калі аклад (тарыф) у дадзены перыяд павышаўся. Цяпер жа сярэдні заробак разлічваецца зыходзячы з заробку за шэсць (!) месяцаў без усялякіх каэфіцыентаў.

Напрыклад, калі вы хварэлі ў ліпені, для разліку возьмецца заробак са студзеня па чэрвень. Які ў вас заробак быў у студзені, памятаеце? За гэты перыяд на нашым прадпрыемстве, напрыклад, заробак павышалі некалькі разоў.

У краіне, дзе толькі афіцыйная інфляцыя дасягае 21% (за апошні год), а па неафіцыйных звестках — болей за 23% у гэтым годзе, улічваць заробак за паўгода — гэта проста рабаванне.

Пры гэтым прэміі і іншыя выплаты ўключаюцца ў заробак прапарцыянальна адпрацаваным дням у перыядзе. На практыцы гэта азначае, што, калі работнік адпрацаваў не поўны месяц (па прычыне непрацаздольнасці, знаходзіўся ў водпуску і інш.) яго прэмія (ужо і так разлічаная за няпоўны месяц) яшчэ раз разлічваецца прапарцыянальна адпрацаванаму часу.

Так, напрыклад, работнік знаходзіўся ў водпуску 15 дзён, атрымаў акрамя аклада прэмію ў 400 тыс. руб. Пры разліку сярэдняга заробку для «бальнічнага» бухгалтар возьме аклад ды надбаўкі да яго ў поўным памеры, а прэмію — у памеры 200 тыс. руб. (бо адпрацавана толькі палова месяца). Быў у водпуску і адпрацаваў 1/3 нормы дзён — у разлік возьмуць 1/3 прэміі і г.д.

Ці адпавядае гэта якой­-небудзь логіцы, калі толькі не жадаеш штучна зменшыць сярэдні заробак?

Аднак сапраўды, дапамога па часовай непрацаздольнасці цяпер разлічваецца за кожны дзень хваробы (каляндарныя дні), а не за дні па графіку працы работніка, як раней.

Толькі вось і сярэдні заробак па новым разліку атрымліваецца значна меншы, бо разлічваецца цяпер дзяленнем на каляндарныя дні, а не на адпрацаваныя.

Такім чынам, калі, напрыклад, жанчына за 14 дзён непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці да 14 гадоў раней атрымала б каля 2 млн руб. дапамогі пры заробку (разам з прэміяй) каля 4 мільёнаў рублёў, то сёння яна атрымае менш за 1,4 млн руб.

Ільготнікаў стала менш

Новым дакументам былі адменены некаторыя «льготныя» катэгорыі работнікаў.

Так, раней круглыя сіраты да 21 год, бацькі, якія маюць трох і болей дзяцей, а таксама асобы, у якіх выпадак непрацаздольнасці наступіў падчас выканання службовых абавязкаў ці ратавання чужога жыцця, мелі права на дапамогу ў памеры 100% сярэдняга заробку. З 11 ліпеня гэтыя нормы былі адменены, і дадзеныя катэгорыі грамадзян падпадаюць пад агульны парадак — 80% за першыя 12 дзён.

Чулі пра двух мужчынаў, якія выратавалі дзяўчынку пяці гадоў і яе маці на рацэ Сож? Дык вось нават ім дапамога бу­дзе выплочвацца ў памеры 80%. Мо «не трэба было лезці»?

Магчыма, прынялі б і іншыя катэгорыі работнікаў са «стоадсоткавай» дапамогай («чаэснікі», ветэраны баявых дзеянняў), але для гэтага трэба было змяніць яшчэ і законы («Аб ветэранах», «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый»). Палажэннем — падзаконным актам — іх не адменіш, таму пакінулі так.

Маладым спецыялістам — нічога

Што датычыць работнікаў, які не маюць працоўнага стажу ці стаж якіх меншы за 6 месяцаў (напрыклад, маладыя спецыялісты), то іх дапамога разлічваецца не з заробку, а з 50% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (у так званым «мінімальным памеры»), падзеленую на колькасць дзён у месяцы ды памножаную на колькасць дзён непрацаздольнасці.

Так, за 3 дні такія катэгорыі работнікаў (незалежна ад заробку) у верасні атрымалі па 51 315 рублёў. Гэта грошы, якіх хопіць хіба што на бінты...

Часцяком і работнікам, якія маюць большы за 6 месяцаў стаж, але апошнія паўгода мянялі месца працы, прый­дзецца папабегаць, каб атрымаць даведку з Фонда сацыяльный абароны насельніцтва аб пацвярджэнні ўплаты за іх страхавых узносаў. Працэдура гэта, вядома ж, марудная.

Што датычыць цяжарных жанчын, то новы парадак разліку дапамогі па цяжарнасці і родах прымяняецца ўжо са студзеня гэтага года ў сувязі з уступленнем у дзеянне закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей».

І калі ўлічваць тое, што іх дапамога назначаецца не на адзін тыдзень і не на два, а на 126 дзён (ці на 140 — у «зоне»), то іх дапамогу ўрэзалі адчувальна: так, пры акладзе 4,5 млн руб. нашая работніца атрымала летам дапамогу на 9 мільёнаў меншую, чым калі б ёй разлічвалі па­ранейшаму. Падтрымкай мацярынства ды дзяцінства такую палітыку не назавеш.

«Касякі»

Як бы доўга дадзенае Палажэнне ні распрацоўвалася (гаворка пра яго прыняцце ішла яшчэ ў канцы мінулага года), а ўсё ж атрымалася сырое. Распрацоўшчыкі не прынялі ў разлік шматлікія спрэчныя моманты, сустракаюцца натуральныя «касякі».

Калі работнік працуе вахтавым метадам, напрыклад, за паўмесяца (14 дзён) выпрацоўвае месячную норму вырабаткі, за што і атрымлівае поўны заробак, астатнія дні ў яго выхадныя. Раней, калі ён захварэе ў дні адпачынку, яны яму не аплочваліся (бо няма працоўных дзён па графіку).

Аднак цяпер атрымліваецца, што такі работнік за бальнічны атрымае амаль ў два разы большы заробак, чым звычайна. Ото ж пачнуць хварэць вахтавікі!

Дарэчы, практыка паказвае, што хварэць на выхадных больш выгадна, чым па буднях, бо выхадныя цяпер аплочваюцца, а раней — не. І ўжо зусім нявыгадна — з панядзелка па пятніцу (пры пяцідзённым працоўным тыдні). А калі захварэць у пятніцу, а ўжо ў панядзелак закрыць «бальнічны», то можна амаль нічога не згубіць, у параўнанні з ранейшым разлікам.

Нашто гэта было зроблена

Увогуле, атрымалася так, што памер дапамогі ў сярэднім знізіўся на 30­-40%, а то і больш. Не дзякуючы якой рэформе ці аптымізацыі расходаў, а проста ўвядзеннем падзаконнага нарматыўнага акта дзяржава змагла скараціць свае выдаткі па сацыяльным страхаванні.

Зроблена гэта было хітра! Не кожны работнік, дый не кожны эканаміст разбярэцца, як разлічваць дапамогу па непрацаздольнасці, і ніхто не пойдзе ў бухгалтэрыю запытвацца, а як жа гэта палічана ды ці правільна.

І ў каго пытаць, чаму ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве сацыяльная дапамога раптам настолькі знізілася? Усё зроблена без шуму і пылу, нават ніводнага закона не мянялі. Распрацоўшчыкі Палажэння ківаюць на Расію, у якой пры разліку дапамогі бярэцца заробак не за 6 месяцаў, а за 24.

Але ж, пагадзіцеся, пры гадавой інфляцыі 6-­7% гэта можна сабе дазволіць. Дый заробкі там большыя.

Канечне, як прызнаюцца прадстаўнікі Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, дзяржаве грошай не хапае нават каб плаціць пенсіі, бо гэта ўсё ідзе з аднаго «катла». У сувязі з гэтым чыноўнікі раяць толькі адно: «Скажыце сваім работнікам, каб не хварэлі!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?