Аўтарка «НН» загінула ў Пакістане разам з мужам у свой дзень нараджэння
Кацярына Безмацерных і Аляксей Ілюшын аўтаспынам кіраваліся ў Індыю.
29 верасня машына, у якой ехалі беларусы і падарожнік з Украіны, у раёне горада Гілгіт перакулілася і скінулася з абрыву. Украінец паспеў выскачыць з кузава, а беларусы загінулі – іх заваліла грузам.
Выжылі і трое пакістанцаў, якія знаходзіліся ў кабіне.
Украінец Аляксандр вандраваў на ровары. З беларусамі ён сустрэўся на мяжы ў Пакістане. Яны меркавалі разам падняцца ў горы 29 верасня.
У гэты дзень Кацярыне спаўнялася 26. Аляксей быў на два гады маладзейшы.
Кацярына Безмацерных – аўтарка «Нашай Нівы». Адзін з яркіх ейных тэкстаў – пра падарожжа ў Індыю.
Яна была апантаная Азіяй.
Пасля вяселля яна стала Ілюшынай. Два гады таму скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў часопісе «Бярозка». Кацярына – з Мінска, Аляксей – з Гомеля.
Кацярына актыўна ўдзельнічала ў руху за грамадзянскія і нацыянальныя правы беларусаў. Яе затрыммлівалі, арыштоўвалі.
Маладая сям'я праехала Грузію, Арменію, Іран. Прыехалі ў Пакістан, адкуль меркавалі адправіцца ў Індыю. А ўжо пасля задумваліся і пра Інданэзію з Камбоджай.
«Вось тут, у Пакістане (увесь час называю Пакістан Індыяй, ён для мяне відавочная Індыя), назіраю за людзьмі… Плюс еўрапейскага мыслення для мяне ў тым, што яно – крытычнае. Азіяты ўсё ж больш традыцыйныя, больш жывуць па інэрцыі. Сярод іх падлеткаў непапулярна быць панкам альбо хіпі. Размаўляю з мясцовай дзяўчынкай. Увесь яе гардэроб – гэта нацыянальная вопратка «шальвар камніз» у крыху адрозных варыяцых. І так – усё жыццё», – напісала Кацярына ў сваім ЖЖ 21 верасня.
МЗС Беларусі цяпер вырашае пытанне з дастаўкай беларусаў на радзіму. Паколькі свайго пасольства наша краіна ў Пакістане не мае, па дапамогу беларускія дыпламаты звярнуліся да расійскіх калегаў.
Вечная памяць!
Просім тых, хто ведаў Кацярыну, напісаць пра яе ў каментах да гэтага артыкула.
* * *
Артыкулы Кацярыны Безмацерных на сайце «Нашай Нівы»:
Радасць, гразь і сяброўства на «Пустых узгорках»
Я не вар’ят, мама! Я – пэрформэр!
Рок-паэтка Дар’я Кадамская: «Наша пакаленне нічога змяніць не можа»
Каментары