Вечарам чацвера не адзін дзесятак чалавек, адкінуўшы ўсе свае справы, апрануўшыся пацяплей, праз холад, задворкі і нейкую аўтамыйку, крочылі ў пошуках крэатыўнай прасторы ЦЭХ, дзе адбывалася прэзентацыя сайту 90s.by, сайту пра 1990-я. Каб на гадзінку-другую апынуцца ў непаўторнай атмасферы тых часоў.

Час магчымасцяў, развіцця і драйву – так ацэньваюць першае дзесяцігоддзе беларускай незалежнасці стваральнікі сайту 90s.by

Прэзентацыя адбывалася у добра схаваным сярод прамысловых забудоў будынку. Яшчэ трошкі паблукаўшы па калідорах, мы трапляем у прасторнае светлае памяшканне, з вялікай колькасцю людзей. І адразу натыкаліся на сталы з варанай згушчонкай, рознымі бутэрбродамі, цукеркамі, кампотам ў гранёных шклянках, «Тархуном» і «Юпі», не абышлося без плаўленых сыркоў. Арганізатары хацелі пагрузіць людзей у атмасферу 90-х нават ў падборцы пачастункаў, што ў іх, дарэчы, някепска атрымалася.

Праект 90s.by - спроба зафіксаваць час, даведаўшыся аб ім ад тагачасных ключавых асобаў: палітыкаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў, бізнэсмэнаў і журналістаў.

На сайце цягам 2013 года з’явяцца 100 артыкулаў пра асноўныя падзеі 1990–1999 (на кожны год па 10 падзей).

Усе артыкулы на сайце заснаваныя на інтэрв’ю, а таксама газетах і відэахроніках таго часу.

Таму нават настаўнікам будзе карысна звяртацца да сайту, каб ў больш каляровых дэталях распавесці вучням пра гісторыю 90-х: пачынаючы ад адраджэння газеты «Наша Ніва» у 1991 г., сканчваючы знікненнем Захаранкі і Ганчара ў 1999 годзе.

Сайт пра 90-я – гэта, па сутнасці, першая спроба сабраць у простым храналагічным парадку ўсе асноўныя падзеі 90-х. Выклаўшы іх не ў форме гістарычнага нарыса, які цяжка чытаецца, а ў форме, здалёк падобнай на праграму «Намедні» Леаніда Парфёнава.

Мэта сайта якраз і палягае ў тым, каб даць магчымасць даведацца і асэнсаваць, што адбывалася ў Беларусі пасля распаду СССР, калі яна стала асобнаю краінай.

Як адзначае Клім Халецкі, ідэйны натхняльнік праекту: «90-ыя - гэта не толькі «Юпі», Лукашэнка і «Дэндзі». 90-я - гэта цэлая сукупнасць падзей, без якіх немагчыма ўявіць, а тым больш зразумець той час. Гэты час для людзей майго ўзросту застаецца ў памяці пэўнай настальгіяй».

Што да гісторыі ўзнікнення ідэі, то яна ўзнікла даволі спантана. «Мы вярталіся з Клімам з заняткаў і ён пачаў распавядаць пра тое, як яго ўразіў канстытуцыйны крызіс 1990-х. Для яго было вялікім здзіўленнем тое, што адбывалася ў наш час. Нібыта такія складаныя і цікавыя падзеі не маглі адбывацца ў Беларусі. І чаму б не зрабіць нейкі праект пра ўсё гэта? У выніку год пра гэта думалі-думалі і прыдумалі нарэшце, – узгадвае аўтарка ідэі Яся Каралевіч-Картэль. – Сёння ў асноўным мы шукаем інфармацыю ў інтэрнэце, а нешта знайсці пра 1990-я гады там вельмі складана, трэба ехаць у бібліятэку. Вось мы і хочам размясціць у інтэрнэце як мага больш цікавых звестак пра той час».

Інфармацыя будзе збірацца з першакрыніц - ад тых, хто меў дачыненне да той ці іншай падзеі.

Падчас самой прэзентацыі любы ахвочы мог пагуляцца ў прыстаўкі, пагартаць старыя часопісы, паглядзець на выставу здымкаў 90-х з Пазняком, сапраўднымі мітынгамі, узнятымі на фота бела-чырвона-белымі сцягамі, каларытнасцю побыту таго часу і яшчэ маладым Лукашэнка. Кожны на прэзентацыі мог знайсці нешта каштоўнае для сябе, будзь гэта цукеркі з дзяцінства ці цацка.

«Па-мойму, усё цікавае і самае значнае засталося ў 90-х. Мы жывём у сумны час», – з ноткай настальгіі ў голасе прамовіў мужчына, разглядаючы здымкі. – «Ды не, проста мы выраслі, а мінулае заўсёды неяк лепш»,- адказаў яму суразмоўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0