4 кастрычніка ратавальнікі з дапамогай крана выцягнулі аўтамабіль «МАЗ» з друзам, які завіс на аўтамабільным мосце цераз Прыпяць у раёне вёскі Новікі пад Мазыром.

Гружаны друзам «МАЗ», які ехаў у бок Гомеля, знёс прыкладна два дзясяткі метраў агароджы моста, пераехаў пешаходную дарожку, перамахнуў цераз парэнчы і завіс у паветры пярэднімі коламі і кабінай, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў.

Супрацоўнікі МНС устанавілі кран пасярэдзіне моста і вярнулі аўтамабіль у зыходнае становішча. Ніхто не пацярпеў. Прычыны ДТЗ высвятляюцца.

У Гомельскай вобласці за апошні месяц надзвычайныя здарэнні на мастах цераз рэкі практычна штотыднёва фігуруюць у зводках.

Так, 1 кастрычніка з пешаходнага моста ў Гомелі скочыў самазабойца. 27-гадовага беспрацоўнага выратавалі супрацоўнікі «Асвода».

У пачатку верасня там жа расіянка скінула ў раку сваю пяцігадовую дачку, а затым скочыла ў ваду сама. Маці і дзіця выратавалі.

Праз тыдзень пасля гэтага выпадку ў Гомелі ў Сож з моста кінулася мясцовая жыхарка, якую выратавалі работнікі «Асвода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?