Фота Андрэя Лянкевіча

Меней за ўсё ім патрэбныя нашыя енкі, а таксама ілжывы патас і ўсхваленьні. Усяго толькі й трэба, што заставацца разам, нібы няма паміж намі жалезабэтоннае сьцяны з калючым дротам і відэакамэрамі назіраньня. Піша Віталь Тарас.

Імя ім – легіён

Маштаб гістарычных падзеяў цяжэй за ўсё ацэньваць, калі знаходзісься ў эпіцэнтры, калі робісься іх сьведкам ці ўдзельнікам.

Бракуе словаў, каб выказаць уласныя пачуцьці, розум губляе сілу, ня здатны ахапіць маштаб таго, што адбылося ў Беларусі пры канцы сакавіка.

Казаць, што на наступны дзень пасьля выбараў мы прачнуліся ў іншай краіне, – газэтны штамп. Але нават старыя штампы напаўняюцца новым сэнсам. Чатыры ночы запар некалькі сотняў юнакоў і дзяўчат спрабавалі абудзіць нас, ахвяруючы ўласным сном, каб мы сапраўды абудзіліся. І тое, што ўлада кінула супраць мірных дэманстрантаў адборныя сілы, узброеныя гранатамі, аўтаматычнай зброяй і спэцтэхнікай, сьведчыць пра тое, што яна, улада, збаялася рэальнага абуджэньня беларусаў. Да яго яшчэ далёка. Але відавочна, што за тыдзень, які выпаў на вясновае раўнадзенства, самасьвядомасьць беларускага грамадзтва прасунулася нашмат далей, чым за папярэднія 10 гадоў.

Аб’ектыўны аналіз пакінем будучым палітолягам і гісторыкам. Але ёсьць рэчы, якія немагчыма не сказаць сёньня – калі за кратамі застаюцца нашыя дзеці й бацькі, сваякі й сябры, знаёмыя й незнаёмыя... Імя ім – легіён! Меней за ўсё ім патрэбныя нашыя енкі, а таксама ілжывы патас і ўсхваленьні. Усяго толькі й трэба, што заставацца разам, нібы няма паміж намі жалезабэтоннае сьцяны з калючым дротам і відэакамэрамі назіраньня. Як казаў, усьміхаючыся, Сталін з анэкдоту пра ГУЛаг: «У нашай краіне самае каштоўнае – гэта людзі». Толькі сёньня спадкаемцы Сталіна ня столькі людзей хаваюць за калючым дротам ад сваякоў і журналістаў, колькі самі хаваюцца ў страху ад людзей, ад усяго сьвету. І ня трэба даваць ім паслабленьня ні на хвіліну...

У сьпісах не пазначаны

Назва завулку, які носіць імя Акрэсьціна, зрабілася ня проста вядомай на ўвесь сьвет геаграфічнай кропкай у беларускай сталіцы. Яна зрабілася хадзячай назвай. Так, некалі, у 1988-м, Курапаты перасталі быць толькі назвай урочышча пад Менскам альбо могілак дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскага генацыду. Курапаты сталі сымбалем сталіншчыны, сымбалем рэпрэсіяў НКВД, а таксама й сымбалем грамадзянскай мужнасьці валянтэраў, якія абаранілі могілкі ад зьнішчэньня ды апаганьваньня ўладамі.

Імя героя СССР Барыса Акрэсьціна, які загінуў у ліпені 1944 г., ніякім чынам не зьвязана са спэцпрыёмнікам-разьмеркавальнікам. Калі ў народзе гавораць «на Акрэсьціна» ці «на Акрэсьціне», ніхто, канечне, ня згадвае II сусьвеьтную ці лётчыка – ураджэнца Масквы, які загінуў пад Менскам. Акрэсьціна стала сымбалем рэпрэсіяў і бяспраўя. Але ня толькі...

Пятніцу, 24 сакавіка, мне давялося правесьці з жонкай ля сьценаў спэцпрымальніка-разьмеркавальніка разам зь дзясяткамі іншых людзей, чые крэўныя ці сваякі патрапілі сюды напярэдадні. Частка спрабавала перадаць вязьням цёплыя рэчы, ежу, прадметы гігіены. Частка – і такіх было больш – хацела хоць нешта ўведаць пра лёс затрыманых. Перад намі ў чарзе стаяў таксіст з Полацку, сын якога зьнік у раёне Кастрычніцкай плошчы яшчэ 21 сакавіка. Усе спробы даведацца, дзе знаходзіцца ягоны сын, натыкаліся на глухую сьцяну – на Акрэсьціна, у ГУУС, у іншых месцах суха адказвалі адно й тое ж: у сьпісах няма. І гэта была абсалютна тыповая сытуацыя. Адзіным спосабам прымусіць міліцыянтаў хоць нешта гаварыць, хоць неяк варушыцца, было падаць заяву аб зьнікненьні сваяка ў РУУС. Тады, ня маючы права адмовіць у прыняцьці заявы, якую неабходна афіцыйна зарэгістраваць, супрацоўнікі райаддзелу пачыналі кудысьці тэлефанаваць, нешта высьвятляць і называць месцы, дзе ўтрымліваюцца «зьніклыя». Але й гэта не было гарантыяй, што вам ня схлусяць, накіруюць туды, куды трэба, не назавуць няправільны адрас, тэлефон, прозьвішча.

Увогуле, у людзей, якія мерзьлі ўвесь дзень у чарзе на Акрэсьціна, не было ніякіх гарантыяў ці хоць бы надзеі на атрыманьне інфармацыі. Ні яны не маглі тэлефанаваць затрыманым, ні затрыманыя – ім. Калі адна з жанчын, якая прыйшла забіраць няпоўнагадовага сына, сказала паставому, што ён ужо даўно чакае яе і што яму толькі што ўдалося паведаміць ёй пра гэта з камэры, праз мабільны тэлефон, ахоўнік не прапусьціў жанчыну, але стаў намагацца, каб яна назвала нумар гэтага тэлефону.

Бацькі і дзеці

Сваякам у многіх выпадках адмаўлялі ў перадачы лекаў хворым. Жанчына, якая прынесла інсулін – жыцьцёва неабходны лек пры дыябэце, мусіла чакаць некалькі гадзінаў, пакуль над ёй зьлітаваліся. Калі тут пасуе гэтае слова.

Горш за ўсё было тым, каго прывезьлі з Кастрычніцкай плошчы ўначы. Іх паўдня трымалі проста ў турэмным двары, ля сьценаў разьмеркавальніка. Людзі, якія чакалі зьвестак вонках, здагадаліся пра гэта, калі затрыманыя пачалі скандаваць за сьцяной «Жыве Беларусь!». Гэта выклікала ў натоўпе ля прымальніка вялікае хваляваньне. Яны пачыналі скандаваць у адказ «Ра-зам! Ра-зам!».

Хваляваньні дасягалі свайго піку кожнага разу, як з Акрэсьціна выяжджалі аўтобусы з арыштантамі ці прывозілі іх назад пасьля судоў. Людзі абкружалі гэтыя аўтобусы, крычалі, спрабавалі не даваць ім ехаць. Кожнага разу падбягаў атрад амапаўцаў, які каравуліў паблізу, і людзі разьбягаліся. Але ненадоўга. Зьяўляўся чарговы аўтобус ці вагон-зак, і яны зноў спрабавалі блякаваць іхны рух. І зноў па трывозе прыбягаў АМАП. Але за тыя некалькі сэкундаў, калі аўтобусы прыпыняліся, некаторыя пасьпявалі пазнаць за вокнамі сваіх. Гэта былі імгненьні сапраўднай радасьці.

Некалькі разоў прыяжджала хуткая дапамога, і кожнага разу лекары адмаўляліся паведаміць, да каго іх паклікалі. Кіроўца адной з санітарных машынаў, якая забрала хворага хлопца, нават паехаў назад у аб’езд, каб не сутыкнуцца з сваякамі вязьняў. У выніку машына загразла, і людзям давялося бегчы дапамагаць яе выштурхоўваць з каляіны.

Тым часам некалькі дзясяткаў чалавек зь перадачамі цярпліва чакалі, калі іх пачнуць прымаць. Як потым высьветлілася, у гэтых людзей не было ў той дзень ніводнага шанцу. Але ніхто ня выйшаў да іх ня тое, каб папрасіць прабачэньня, але хаця б сказаць, каб людзі не чакалі дарэмна. Прыбіральняў, нават звычайных лаваў каля турмы няма. Як кажуць, не курорт.

Дзякуй тым невядомым людзям, якія куплялі гарбату ў кардонках і раздавалі іх усім, хто жадаў. Нейкая прадпрымальніца прыслала на Акрэсьціна некалькі скрыняў з сокам – для вязьняў.

У чарзе былі самыя розныя людзі, пераважна сталага веку. Не ва ўсіх зь іх, мяркуючы па размовах, склаліся добрыя стасункі з сваімі дзецьмі. Нехта скардзіўся, бурчэў. Нехта, відаць, застаўся далёка не ў захапленьні ад лідэраў апазыцыі, а можа, нават, і галасаваў за Лукашэнку. Але большасьць прысутных хутка паразумелася паміж сабой, паступова ўзьнікла пачуцьцё салідарнасьці – хай сабе і маўклівай. Амаль кожны гатовы быў хоць чымсьці дапамагчы чужому гору.

У гэтыя дні дзеці выхоўвалі сваіх бацькоў.

Палітыкі і real-politiс

Раніцай у пятніцу на Акрэсьціна зьявіўся Мілінкевіч зь Інай Кулей. Яны шукалі сына сп.Іны, затрыманага на Кастрычніцкай. Мілінкевіч выглядаў стомленым, адказаў на некалькі пытаньняў прысутных, але даваць інтэрвію журналістам адмовіўся. Бліжэй да поўдня зьявіўся Казулін. У абкружэньні фота- і тэлекарэспандэнтаў ён пачаў ламіцца ў дзьверы спэцпрымальніка, патрабаваць начальніка. Потым ягоныя памочнікі раздалі прысутным скаргу на імя генпракурора на дзеяньні міліцыі. Скаргу падпісалі больш за дваццаць чалавек. Пасьля гэтага Казулін зьехаў і вярнуўся празь некалькі гадзінаў. Ён паведаміў, што яму ўдалося дамовіцца з памочнікам пракурора, каб у людзей пачалі прымаць перадачы. Казулін зноў пачалаў ламаць уваходныя дзьверы, потым – лаяцца з аховай, патрабаваць, каб выклікалі начальства. Потым ён запэўніў прысутных, што праз паўгадзіны ўсё будзе ў парадку. Людзі хутка выстраіліся ў чаргу ў чаканьні цуду. Праз паўгадзіны Казулін ізноў зьнік. Ягонае імя ў той дзень ніхто больш не згадаў.

Нават тут, на Акрэсьціна, дзе, здавалася, ужо не было месца палітычным разборкам, працягвалася падспуднае процістаяньне. Як толькі на ўваходных дзьвярох зьявіўся партрэт Мілінкевіча, як адразу нехта з актывістаў штабу Казуліна прычапіў і ягоны партрэт. Перад гэтым на дзьвярох зьявілася налепка «Достал!» і джынсавая стужка. Апрача ўсьмешкі, у прысутных гэтая схаваная барацьба за зачыненыя дзьверы нічога больш ня выклікала. Але, як выявілася наступным днём, процістаяньне зайшло надта далёка і будзе мець трагічныя наступствы.

Склалася ўражаньне, што яны, палітыкі, засталіся статыстамі на палітычным полі. А тыя, каму адводзілася роля статыстаў ці проста дэкарацыі, якая б нагадвала каляровую рэвалюцыю, выйшлі на першыя ролі. Нават не жадаючы таго, маладыя людзі зрабіліся рухальнай сілай рэвалюцыі, толькі не маляванай, а сапраўднай. Бо яны пачалі дзейнічаць – спантанна, неспадзявана і, галоўнае, шчыра. Як толькі падзеі пачалі разьвівацца па-за рамкамі звыклага сцэнара, і ўлады, і палітыкі разгубіліся. І тыя, і другія пачалі рабіць грубыя памылкі, дзейнічаць неадэкватна, гістэрыкаваць.

У маладых людзей у намётавым гарадку на плошчы не было ніякіх шанцаў. І яны гэта ведалі. Яны проста сьпяшаліся зрабіць тое, што не пасьпелі, не змаглі, ня здолелі зрабіць дарослыя дзядзькі са штабоў апазыцыйных кандыдатаў за некалькі месяцаў – даць выбарчай кампаніі душу й дух супраціву. Выявілася, што ў распараджэньні ў палітыкаў няма ня толькі запаснога варыянту на выпадак пройгрышу, а проста няма ніякіх варыянтаў працягу барацьбы. Толькі ў аднаго зь іх знайшлася мужнасьць прызнаць гэта. Другі вырашыў застацца лідэрам любой цаной і павёў людзей насустрач дубінкам і сьлезацечнаму газу. Ды не пра палітыкаў зараз гаворка...

Па той бок

Ня Цэнтравыбаркам, не міліцыя, не КДБ, не суды выклікалі ў гэтыя сакавіцкія дні найбольшую агіду й нянавісьць звычайных людзей. Вораг увасобіўся ў абрэвіятурах БТ і АНТ. Бэтэшнікаў і аэнтэшнікаў пачалі біць. Сам гэты факт не выклікае асаблівай радасьці – таксама як і спачуваньня да аб’ектаў нападу. Ствараючы вобраз ворага з удзельнікаў акцыі пратэсту на плошчы, паказваючы іх, з дапамогай мантажу й элемэнтарных падробак, абібокамі, наркаманамі, блакітнымі, прагнымі да грошай мярзотнікамі, якія толькі п’юць каньяк і сяруць у каналізацыйныя люкі, тэлебачаньне дамаглося пастаўленай задачы. Але яно не ўлічыла існаваньня жывых людзей. Што ня дзіўна, паколькі ў тых людзях, якія здымаюць падобныя сюжэты, ня кажучы пра іх непасрэдных начальнікаў, нічога чалавечага даўно не засталося. Але ў многіх нармальных гледачоў, якія звычайна схільныя прымаць усё, што паказваюць з экранаў, за праўду, ёсьць сваякі альбо крэўныя. І калі яны выйшлі на плошчу, а потым апынуліся за кратамі, многія гледачы раптам адчулі, што БТ зьняважыла іх усіх.

Нават калі пакінуць без увагі ўсё, што беларускія каналы гаварылі пра апазыцыю цягам апошняга месяца, калі забыцца на іхныя рэпартажы з плошчы, «зачышчанай» АМАПам, з падкінутымі бутэлькамі й шпрыцамі, дастаткова будзе ўсяго аднаго факту. Калі сотні людзей мерзнуць на вуліцы ў марнай надзеі пачуць хоць слоўца пра сваіх крэўных на Акрэсьціна, туды прыяжджае здымачная група БТ, і ахова перад ёй шырока расчыняе вароты – ідзеце й здымайце ў камэрах, каго й колькі хочаце. Ужо адно гэта кладзецца на тэлежурналістаў незмывальнай плямай ганьбы. Такое тэлебачаньне не заслугоўвае на іншую назву, акрамя як «турэмнае тэлебачаньне».

Сёньня нармальныя людзі кідаюць у ягоных супрацоўнікаў сьнежкамі, і гэта, мабыць, прыводзіць зімоўскіх і азаронкаў у захапленьне – будзе, чым страшыць абываталя. Вось яны якія, агрэсіўныя апазыцыянэры-псыхапаты.

Але рана ці позна журналістам дзяржаўных СМІ давядзецца трымаць адказ. Бо іх таксама здымаюць калегі зь іншых тэлеканалаў. І фатаграфіі злачынцаў з тэлекамэрамі застануцца, прынамсі, у архівах гісторыі.

І яшчэ. Каля Акрэсьціна давялося бачыць, як некалькі жанчын з натоўпу за некалькі сэкундаў давялі маладую журналістку расейскага каналу ТВЦ да сьлёз. У першы момант яе стала шкада. Але потым падумалася – а чым, уласна кажучы, расейскія тэлеканалы прынцыпова адрозьніваюцца ад беларускіх? Так, яны яшчэ не навучыліся таму цынізму, зь якім працуюць іхныя беларускія калегі, ад іх каналаў яшчэ ня так сьмярдзіць каналізацыяй, як ад айчынных. Але казаць ня ўсю праўду ці палову праўды, замоўчваць маштаб рэпрэсіяў, пасьміхацца над апазыцыяй і яе прыхільнікамі расейскія журналісты навучыліся цудоўна. Але гэтаксама, як і дамарослыя «каралі этэру», яны ня хочуць разумець, што сеюць зубы дракона.

А потым, як заўжды, яны будуць шчыра зьдзіўляцца – і за што вы нас так ня любіце?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0