Самы вялікі кірмаш пройдзе 19 кастрычніка — там акрамя плодаагародніннай прадукцыі можна будзе набыць мясную і малочную прадукцыю, кансервы, яйкі і іншыя харчовыя тавары.
Як паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама Якаў Родак, першыя кірмашы адкрыліся 5 кастрычніка ў трох месцах горада: на цэнтральнай вуліцы Гогаля, а таксама ў мікрараёнах Усход (каля Палацы культуры прафсаюзаў) і Вулька (каля рынку «Прыгранічны сэрвіс»).
Сваю прадукцыю тут рэалізуюць сельгаспрадпрыемствы, спажыўкааперацыя, фермерскія гаспадаркі і рыбгасы вобласці. У Брэст прыбыло больш чым 85 грузавых аўтамабіляў з агароднінай і садавінай.
«Звычайна на першых такіх кірмашах брэстаўчане прыглядаюцца да якасці і цэн. Хаця шэраг гараджан лічыць за лепшае адразу ж зрабіць усе неабходныя запасы на зіму», — адзначыў Родак.
Усяго ў Брэсце плануецца правядзенне 16 восеньскіх кірмашоў, яны будуць праходзіць па суботах на працягу ўсяго кастрычніка.
Для зручнасці пакупнікоў у розных частках горада вызначана 41 пляцоўка для рэалізацыі фермерамі сваёй прадукцыі насельніцтву.
Летась у Брэсце на восеньскіх кірмашах было прададзена больш чым дзве тысячы тон плодаагародніннай прадукцыі. Пакупнікоў такія кірмашы прыцягваюць у першую чаргу цэнамі, якія звычайна ніжэйшыя, чым на рынках і ў магазінах.