Прызначаны новы генеральны дырэктар ААТ «Піўзавод Аліварыя». Як паведамілі на прадпрыемстве, 1 лістапада 2013 года гэту пасаду зойме Дзяніс Шарсценнікаў. Ён зменіць Міхаіла Чачанёва, які кіраваў кампаніяй на працягу шасці гадоў.

«Дзякуючы яго паспяховаму кіраўніцтву і выдатным лідарскім кампетэнцыям з 2008 па 2012 гады аперацыйны прыбытак «Аліварыі» павялічыўся больш як у 8 разоў, у той час як акцыз на піва вырас у 5,3 разу. Вытворчая магутнасць кампаніі пашырылася з 650 тыс. гл да 1 млн. гл, а доля рынку вырасла з 13,4% да 18%. У 2011—2012 гадах Чачанёў быў старшынёй савета Гільдыі півавараў Беларусі», — адзначаецца ў паведамленні прадпрыемства.

На гэты момант Дзяніс Шарсценнікаў займае пасаду віцэ-прэзідэнта па маркетынгу кампаніі «Балтыка» і рэгіёну Усходняя Еўропа Carlsberg Group.

Ён пачаў сваю кар'еру ў групе ў 1999 годзе, калі прыйшоў у аддзел маркетынгу кампаніі «Вена», дзе займаў розныя пазіцыі: брэнд-менеджара, нацыянальнага менеджара па развіцці продажу, менеджара па маркетынгу, дырэктара па маркетынгу. Пасля аб'яднання чатырох расійскіх кампаній групы ў 2006 годзе займаўся развіццём ліцэнзійных, безалкагольных і слабаалкагольных брэндаў, а пазней — ключавых нацыянальных брэндаў кампаніі «Балтыка». У 2008 годзе Шарсценнікаў быў прызначаны віцэ-прэзідэнтам па маркетынгу кампаніі «Балтыка». На працягу 2012 года ён таксама кіраваў экспартнымі продажамі «Балтыкі». З канца 2012 года кіруе аб'яднанай функцыяй маркетынгу і маркетынгу гандлёвых каналаў, а таксама службамі маркетынгу ў кампаніях рэгіёну Усходняя Еўропа.

«Я з задавальненнем пачынаю працу ў камандзе «Аліварыі». Задачы перад намі стаяць вельмі амбіцыйныя, і новае прызначэнне — вялікая адказнасць для мяне. Я з нецярпеннем чакаю сустрэчы з новымі калегамі і краінай. Я быў у Беларусі некалькі разоў, і ўражанні ў мяне ад краіны і людзей самыя цёплыя і прыемныя», — адзначае Шарсценнікаў.

Дзяніс Шарсценнікаў нарадзіўся 11 жніўня 1974 года ў Кіраўскай вобласці Расіі (Вятка).

Скончыў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі і фінансаў. Мае ступень MBA па агульным менеджменце Стакгольмскай школы эканомікі. Да Carlsberg Group працаваў у Pepsi Co і ў адным з найбуйнейшых міжнародных рэкламных агенцтваў DDB. Жанаты, выхоўвае сына і двух дачок.

ААТ «Піўзавод Аліварыя» — піваварная вытворчасць, заснаваная яшчэ ў 1864 годзе. Кантрольны пакет акцый прадпрыемства (67,8%) належыць Carlsberg Group — адной з лідзіруючых піваварных груп у свеце, што мае шырокі партфель брэндаў піва і іншых напояў. Выпускае 18 гатункаў піва пад брэндамі «Аліварыя», «Бровар», Holsten, «Жыгулёўскае», з'яўляецца эксклюзіўным імпарцёрам спецыяльнага піва Eve.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?