У Клімавічах у сваім доме быў знойдзены павешаным сяржант міліцыі 1989 года нараджэння.
У аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама пацвердзілі факт суіцыду, зазначыўшы, што здарэнне мела месца ў суботу, 5 кастрычніка. Там таксама паведамілі, што праверку праводзіць Следчы камітэт.
«Праверку па гэтым факце праводзіць Клімавіцкі раённы аддзел Следчага камітэта і галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС», — сказала афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. Паводле яе слоў, інфармацыя пра суіцыд паступіла ў мясцовы РАУС прыблізна ў 16.00 5 кастрычніка ад сваякоў міліцыянера, якія знайшлі яго павешаным. Сяржант знаходзіўся ў асноўным адпачынку.
Як паведаміў адзін з жыхароў Клімавіч, хутчэй за ўсё, прычынай самазабойства сяржанта міліцыі былі праблемы на бытавой глебе.