Беларуская праўда прагучэла. Яна прагучэла на Кастрычніцкай плошчы, ля дзясяткаў беларускіх амбасадаў, на сотнях Інтэрнэт-старонак, прагучэла і гучыць у сэрцах мільёнаў беларусаў.

Ах, нас увесь час бянтэжыць і засмучвае, што яна, гэтая праўда, прагучэла ня так гучна і палка, як хацелася б.

Незабыўныя вобразы ўкраінскага Майдану так моцна ўрэзаліся ў нашую памяць, што міжволі навальваецца чорная думка: не відаць беларусам свабоды. Гэткі настрой часам яшчэ падкормліваюць замежныя журналісты, якія любяць у сваіх рэпартажах скантраставаць мэга-дэманстрацыю ў Кіеве 15 месяцаў таму і сёньняшнюю міні-дэманстрацыю ў Менску.

Але мова свабоды ня можа і не павінна быць усюды аднолькавай, яна заўжды дапасавана да месца і часу. Беларуская свабода насамрэч ня менш імпэтная і экспансіўная, чым украінская ці польская.

Кантраст паміж беларускай Кастрычніцкай плошчай і ўкраінскім Майданам адпавядае кантрасту паміж беларускім цьвёрдым таталітарызмам (з элемэнтамі тэрору) і тагачасным украінскім мяккім аўтарытарызмам (з элемэнтамі парлямэнтарызму і свабоды слова).

Няма нічога дзіўнага ў тым, што беларуская свабода павольна прабіваецца скрозь тоўсты слой жорсткага таталітарызму. Беларусы не вінаватыя ў тым, што іхнія ланцугі больш тоўстыя, чым ланцугі ўкраінцаў, сэрбаў ці грузінаў. І мяне зусім не бянтэжыць «малая» колькасьць дэманстрантаў, а наадварот – уражвае такая (вялікая) колькасьць людзей на Кастрычніцкай плошчы. Так, 20 тысячаў – гэта вельмі шмат, калі ўлічыць, што гэта адбылося, нягледзячы на жудасныя пагрозы Сухарэнкі і папярэднія намінкі Лукашэнкі ў конадзень менскіх падзеяў. Мяне ўражвае энэргія і моц, зь якой непакорныя беларусы спрабуюць разарваць праклятае кола таталітарнага прыгнёту. Мяне інтрыгуе гэты страх і паніка, якая ахапіла ворагаў свабоды. Бо інакш, як пры дапамозе катэгорыі страху, нельга растлумачыць іх тупую просталінейнасьць, зь якой яны рэалізуюць сваю «рэакцыю»: схапіць, заламаць рукі, часам яшчэ плюнуць у твар, вынесьці абсурдальны вырак і пасадзіць.

Арышт Андрэя Дынька ў гэтым пляне даволі сымбалічны. Так сталася, што Дынько апынуўся носьбітам трох элемэнтаў мовы свабоды, якія нават паасобна страшныя для рэжыму, а ў спалучэньні – асабліва. Па-першае, нёс ежу для дэманстрантаў, па-другое, размаўляў па-беларуску, па-трэцяе, выявіўся незалежным журналістам.

Нашэньне ежы, спалучальнае з рызыкай быць схопленым і арыштаваным, нагадвае найгоршыя дні акупацыі, калі людзі мусілі ратаваць адзін аднаго, дорага за гэта плацячы. Адсюль бярэцца маральная сіла гэтага акту. Слугі рэжыму ня могуць спакойна глядзець на акты зычлівасьці і салідарнасьці, бо гэта прыніжальна для іх, яны падсьвядома ці паўсьвядома пачынаюць адчуваць сябе «па-за кантэкстам», па-за народам. Адсюль іхні страх і агрэсія.

Другое – беларускае слова. Яно ў нашай рэчаіснасьці таксама набывае характар дзеяньня і ўзьдзеяньня. Беларускае слова не нэўтральнае, яно цягам пары стагодзьдзяў «падпольнага» існаваньня набыло спэцыфічную энэргетыку: ад яе павявае духам непакоры і нонканфармізму.

Ну, і трэцяе – незалежны журналіст, то бок прарок-ерэтык, прапаведнік-інтэрпрэтатар, які правакуе людзей да самастойнага мысьленьня і крытычнай ацэнкі рэчаіснасьці. Вось і маем пакет крыміналу: носьбіт салідарнасьці, беларушчыны і свабоднага слова.

Вінаваты.

Арыштаваць.

Мова свабоды і жэсты салідарнасьці незразумелыя для рабоў беларускага рэжыму. Гэта – чужая для іх мова, таму нічога дзіўнага, што яны яе закваліфікавалі як «брыдкаслоўе».

Дынько ня першы, каго арыштавалі «за брыдкаслоўе». Ахвярамі «палітыкі чыстага слова» сталіся таксама Андрэй Пісальнік, Валер Шчукін і іншыя. Маральная далікатнасьць беларускіх уладаў папросту кранае да болю. Толькі ўражвае тут кантэкст гэтай «маральнай акцыі»: вось, яшчэ вісяць у паветры сьвежавымаўленыя Лукашэнкам «дэбілы» і «адмарозкі», а тут шараговых грамадзянаў арыштоўваюць за «брыдкаслоўе». Нават калі б Дынько, Пісальнік ці Шчукін і дазволілі сабе тое ці іншае «накрыць» матам, то, згодна са здаровай людзкой лёгікай, трэ’ было б спытаць: калі бацьку можна, то чаму дзецям не?

А вось чаму: у вуснах «бацькі» брыдкаслоўе застаецца пустаслоўем; яно «безаб’ектнае», застаецца ўсяго толькі адлюстраваньнем яго ўнутранага стану і нічым болей. А во эвэнтуальнае брыдкаслоўе «дзяцей» можа стацца трапнай і аб’ектыўнай характарыстыкай бягучых падзеяў. Бо беларускія «выбары» – гэта адна з тых сытуацыяў, калі ляпідарны нецэнзурны мат перастае быць матам, а набывае апісальную вартасьць.

Але гэта ня так і важна. Важна тое, што беларуская праўда ўсё ж такі прагучэла, а яе рэха пакацілася і коціцца па ўсім сьвеце. Дынаміка гэтага слова зусім не на карысьць рэжыму, якім бы «залежным» ён ні быў. Запалохваньне грамадзтва перадусім дэгенэруе саміх запалохвальнікаў. Сукупнасьць здэгенэраваных і маральна пакалечаных індывідаў у пэўны момант губляе здольнасьць дзейнічаць арганізавана, а таталітарная махіна, якую яны змайстравалі, незадоўга іх саміх пачне пажыраць.

Выбары – перад намі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?