Гэта кніга пра мову, вакол мовы і з мовы сатканая. Народны паэт выклаў на старонкі не толькі гаворку, але і душу, лад мыслення сваіх родных мясцінаў. У кнігу ўключана і тое, што зазвычай не фіксуецца: ёсць не толькі слоўнік і народны каляндар, прыказкі ды хуткамоўкі, але і грозьбы з добрымі пажаданнямі, стравы і лекаванне, нават маналогі пра жыццё. «Вушацкі словазбор» неўзабаве выйдзе ў выдавецтве «Кнігазбор». Прадмову да яго напісаў Уладзімір Някляеў. Прапануем яе Вам.

фота Джона Кунстадтэра

фота Джона Кунстадтэра

Рыгор Барадулін — чарадзей беларускай паэзіі.

Што такое паэзія? Сярод іншага — гэта выяўленне магчымасцяў мовы. Ці інакш: паэзія — гэта мова ў яе вяршынным выяўленні.

Рыгор Барадулін — чарадзей беларускай мовы.

Параўнайце тое, што мы чытаем у сённяшніх (беларускамоўных, якія засталіся) газетах, на беларускамоўных (якія ёсць) інтэрнэт-сайтах, з тым, што напісана ў «Руме», «Нерушы», «Вечаллі», іншых кнігах Рыгора Барадуліна. Не па змесце, а па лексіцы параўнайце, па граматыцы, сінтаксісе. Гэта не проста якасна адрозныя, гэта розныя мовы. І не толькі таму, што адна — празаічная, другая — паэтычная: яны розняцца так, як розніцца штучнае і натуральнае. Прычым, паэтычная мова (у канкрэтным выпадку мова Барадуліна), якая найдалей ад гутарковай, выглядае натуральнай, а мова празаічная (газетна-інтэрнэтная), якая да гутарковай найбліжэй — штучнай. Такой, нібы на ёй пішуць і размаўляюць не носьбіты мовы, а замежнікі, перакладчыкі. І такую няўклюдную, машынную (гуглаўскаю) мову ўсё большая частка яе карыстальнікаў пачынае ўспрымаць як натуральную — і як натуральную скарыстоўваць: менавіта на ёй многія аўтары пішуць сёння і прозу, і вершы.

Мова спрашчаецца. Машынізуецца, нібы спраўджваючы тэорыю «лінгвіста-марксіста» Н. Я. Мара: «Будучыня мовы — мысленне, якое вырастае ў вольнай ад прыроднай матэрыі тэхніцы».

Гэта датычыць не толькі нас — працэс сусветны. Шмат дзе (у тым ліку ў нас) ён накладаецца на працэс выцяснення роднай мовы — і абодва працэсы, супадаючы, паскараюць адзін аднаго.

Усё гэта небяспечна. Вельмі. І калі б толькі для літаратуры — такой бяды. Нават калі б толькі для мовы…

Прырода мовы, нягледзячы на тое, што быў такі выбітны мовазнаўца, як Вільгельм Гумбальт (як і прырода чалавека, нягледзячы на тое, што быў такі выбітны прыродазнаўца, як Чарльз Дарвін), дасюль застаецца загадкавай. У набліжэннях да разгадкі першынство належыць таму ж Гумбальту, які і па сёння — найбольшы аўтарытэт у мовазнаўстве. «Мова народа ёсць ягоны дух, і дух народа ёсць ягоная мова — цяжка ўявіць сабе нешта больш тоеснае» — вось асноўная канцэпцыя Гумбальта. Менавіта Гумбальт увёў паняцце «моўная свядомасць народа» і сцвярджаў, што, як чалавек (народ) стварае мову, гэтаксама і мова стварае чалавека (народ). Кожная мова апісвае вакол народа, якому яна належыць, круг, выйсці з якога можна толькі ў тым выпадку, калі ступіш у круг іншы.

…Іншы круг — іншая мова. Іншая мова — іншы народ.

Мы на мяжы кругоў. Пытанне ў тым, ці хочам мы застацца тымі, кім мы ёсць? Беларусамі. Еўрапейскім народам у еўрапейскай дзяржаве.

Сёння ўсё часцей можна пачуць: час нацыянальных дзяржаў прамінуў. На змену ім прыходзяць цывілізацыйныя дзяржавы, якія развіваюцца больш паспяхова. Найпершы прыклад — Кітай.

Добра, няхай так. Але я не чуў і не чытаў, каб хто-небудзь у цывілізацыйным Кітаі сказаў ці напісаў, што час адмовіцца ад нацыянальнай мовы.

Ніхто не даводзіць такога і ў Еўропе. Наадварот, вунь як французы з немцамі, нарвежцы з фінамі ашчаджаюць свае мовы, змагаюцца з іншамоўнымі ўплывамі! Ды ўсе народы ў сённяшнім свеце, у якім культура падмяняецца цывілізацыяй, менавіта з дапамогай нацыянальнай культуры і мовы змагаюцца за саміх сябе, і толькі беларусы супраць саміх сябе.

Чаму? Бо ў нас, як кажуць землякі Барадуліна, «добрыя галовы, толькі з патыліцы зачасаныя?..»

Вільгельм фон Гумбальт не для ўсіх аўтарытэт. Хоць бы па той прычыне, што не ўсе ў нас яго чыталі, а нехта нават не ведае, што такі быў. Для некага аўтарытэт Іосіф Сталін, які таксама, пра што нават у песні спяваецца, «у мовазнаўстве ведаў толк». Ён крытыкаваў вышэйзгаданага «лінгвіста-марксіста» Мара і вось з якіх пазіцый: «Мова адносіцца да грамадскіх з’яў. Яна нараджаецца і развіваецца з нараджэннем і развіццём грамадства. Яна памірае разам са смерцю грамадства».

Няма мовы — няма народа. У гэтым Сталін ведаў толк.

Хіба гэта не тыя ж кругі Гумбальта?.. Круг існавання — і круг знікнення.

Для таго, каб мы не зніклі, Бог пасылае нам такіх чараўнікоў, як Рыгор Барадулін, які і боскімі малітвамі, і паганскімі заклёнамі ў «Маўчанні перуна», «Міласэрнасці плахі», «Евангеллі» ад Мамы» аберагае нашу мову, а значыць, і народ. Тое самае ён робіць і ў «Вушацкім словазборы».

Я проста купаўся ў чысцюткай, як вушацкае возера Вечалле, беларускай мове, чытаючы рукапіс гэтай кнігі.

Колькі слоў ані ў якіх слоўніках не зафіксаваных, якое мы да таго, што ёсць, яшчэ багацце маем! Крэў (вывернутае дрэва), начніцы (бяссонне), недамаўлянкі (намёкі), пярэка (хто ўсім пярэчыць), руя (гайня, чарада). А як граюць, бліскаюць (блісь ды ясь!) гаваркія словы ў прыказках, прымаўках! «У сваёй хаце і качарга маці», «Грэх у мех, а сам наверх», «Язык у роце, як чорт у балоце», «Ён моўча, а дума войча». Ці якія моўныя россыпы ў запісаных Барадуліным аповедах простых людзей проста пра жыццё: «Кішка ў кішку лезе ад голаду… Жыццё такое: хлеб — госць… Памяць мне заарала (забылася). Гэтак ён ваяваў: рылі акопы, а ён бабам у лапаты ручкі ўстаўляў… Уперад ён піў па дзелу, а пасля так… Хачу дамоў, як вады напіцца».

Я ўжо неяк пісаў, што Рыгор Барадулін нездарма называе сябе крывічом, бо ўвабраў у сябе ці не ўвесь крывіцкі дух, удыхнуўшы з ім усю мову крывіцкую.

Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове і выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным — альбо дасюль не створаным — беларускім свеце. І ў гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную. І яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы і тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў і за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту.

Уладзімір Някляеў

З мяне,
Як камяні з зямлі,
Вушацкія выходзяць словы.
Яны ў мяне ўвайшлі
Змалі,
Каб іх ні ўроцы не ўзялі,
Снягі не замялі,
Дубровы
З сабою словы не звялі
У свой апошні шлях,
Калі
Іх зводзіць пачалі на дровы.
Гудуць, нібы раі ў вуллі,
Вядуць, як дома, перазовы,
Ідуць раллёй, як жураўлі.
Яны ратаі й кавалі,
І хадакі ад мамы
Словы
Вушацкія.
Іх кожны крок
Мой бачыць слых,
Мой чуе зрок.

Добрыя пажаданні

А багдай (хай) табе не вадзіць! (Каб не сурочылі.)
А хай вас дажджом намочыць!
Багдай табе добра было!
Бадай цябе мані! (Каб не ашукалі).
Будзь здарова, як карова, і багата, як зямля, і пладліва, як свіння!
Дай Бог яму веку!
Дай жа Бог табе здароўя з жабіны прыгоршчыкі! (Усмешка.)
Дай табе Бог здароўя ў ручкі, у рожкі й паміж ног трошкі!
Каб б цябе жырам абкаціла і балесь не брала!
Каб беглі дні, а здароўе стаяла!
Каб Бог яе гадаваў!
Каб ты сто гадоў жыў і памёр на цёплай печы!
Каб яму было цёпла ў пекле!
Карай Бог павек! (Каб Бог добрае пасылаў часцей.)
Хай ёй здарова будзець!
Хай жа Бог даець Анэлі і ў касцеле, і ў пасцелі!

Стравы

Бобу напрагуць перад печкай ці гароху белага напрагуць, дзеці наядуцца — і ўвесь сняданак.

Бульба ў панчошках — бульба ў шалупках, нячышчаная, звараная цалкамі. На вячэру бульба ў панчошках, кожны сам разуваець.

Вантрабянка — кілбаса. Кішка, напханая (накрапаная) вантробамі (ліверная). Вантрабянку ў капусце зварылі, наеліся, аж вочы пакруглелі.

Гарбузянка — варыва з гарбуза. Гарбузянка — яда нетрывалая, так, балмач смачная.

Дзяронік, дзярбун, драчкі, суконнікі (посныя), таптуны — блін ці сачэнь з дзяронай на тарцы бульбы. Хоць дзяронікам голад адгоніш. І дзярбун сала любіць. Бульба здаровая, як на драчкі.

Ілоўка, ілянка — патраўка з крухмалу, забеленая малаком. Забяліла ілоўку, еш — не хачу. Ілянка — ежа да парогу.

Калатуха — варыва з мукі. Еш калатуху, пакуль гарачая.

Калі самагонка плачаць (на сценках пляшкі кроплі), значыць, дрэнная.

Камы. Марыя Рыгораўна тлумачыла: «Гарох уперад зварыцца, тады бульбу кладуць, запраўляюць салам, алеем, адцэджваюць. Боб намочыш, аблупіш яго, як намокнець, і бульбу после пакласці й зварыць». Харашы камы ў пост.

Квашаніна — сцюдзень, хала-дзец. Еш квашаніну, пакуль не раз’ехалася.

Кіндзюк — трыбух, начынены мясам, салам, вантробамі. Кіндзюк павесілі сівярыцца на гарэ (гарышчы), летам як знойдзем.

Лянуха — варыва са свежай капусты, часта бялёнае. Лянуха — не свята для бруха.

Мурцоўка. У міску крышыцца цыбуля, хлеб, соль, і ўсё заліваецца вадой. Па мурцоўцы не памарцуеш, а свайго падрабяззя не ўчуеш.

Перамень — клёцкі з мясам (блізкае да рускіх пяльменяў). А на Дзяды ў нас перамень.

Перапечка — пшонная пульхная булачка. Дзеўка, як перапечка, так і цягнець за азадачак ушчыкнуць.

Печанёўка — кілбаса, у асноўным з пячонкі і лёгкага. Печаннё, леганнё перакруціш, і печанёўка гатова.

Пражонка. У чыгунку пражэцца (тушыцца) сала, кілбаса, скабінка (рабрына). У яе мачаюць бліны ці закручваюць у блін. Калядны стол без пражонкі, як мужык без жонкі.

Путра. Аржаную муку размяшаць, да вечара засалодзіцца, зробіцца салодкай, а пасля ў дзежку, дзе хлеб, трэба ж, каб яна ўкісла (латышскае putra.)

Сала любіць, каб у цеснаце і ў солі, каб адно каля аднаго ляжала. Калі няма марозу, сала слізнець.

Сарокі, ці клёцкі з душамі. Бульбяныя клёцкі, унутры «душа» — сала ці сечанае мяса.

Сачэнь — печыва з бульбы й мукі са скваркамі. Як з’ясі сачэнь, будзеш сыт цэльны дзень.

Хлебнічак — печыва. Хлебнічкі пякуць з макам — рыхлыя такія булкі перад печчу.

Хрушчы — праснакі, выпечаныя да хрусту, сухія. Аржаных хрушчоў напякуць, у істопку пакладуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0